Антон ГЛУШАНЬ, старшыня ветэранскай пярвічкі Жыткавіцкага РАУС
Наколькі значнай з’яўляецца работа ветэранскай арганізацыі для людзей розных пакаленняў? Аб гэтым карэспандэнт раёнкі і запытаў у чытачоў.
Антон Глушань, старшыня ветэранскай пярвічкі РАУС:
— Спецыфічная рыса нашай арганізацыі – яе маладосць. На заслужаны адпачынак супрацоўнікі міліцыі выходзяць у сталым узросце, чым тыя работнікі, што працуюць на прадпрыемствах. Але нават у нашых радах ёсць людзі, якім патрабуецца дапамога. У прыватнасці, у складзе пярвічкі маецца тры інваліды, 12 чалавек, што змагаліся з наступствамі аварыі на ЧАЭС, 4 прайшлі праз гарніла афганскай вайны. Такія выпрабаванні, зразумела, не праходзяць бясследна для здароўя. Таму агульнымі намаганнямі былых супрацоўнікаў мы ўсяляк падтрымліваем сваіх калег. Аб значнасці спраў ветэранскай арганізацыі скажу і тое, што яна дапамагае людзям, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, яшчэ доўгі час быць у гушчыні грамадскага жыцця, так бы мовіць, не старэць душою.
Надзея Шабаева, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас”:
— Ветэранскія пярвічкі – звязуючае звяно паміж працаўнікамі розных пакаленняў. Гэта вельмі добра бачна на прыкладзе нашай лясгасаўскай арганізацыі, якая працуе вельмі вынікова. Нашы калегі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, заўсёды прымаюць удзел у многіх мерапрыемствах установы, цікавяцца яе справамі, дзеляцца сваім вопытам. Праз старшыню арганізацыі кіраўніцтва прадпрыемства ведае пра ўзнікшыя праблемы ў таго ці іншага ветэрана, своечасова і аператыўна іх вырашае. Для пажылых людзей адміністрацыя і прафкам ладзяць экскурсіі. Вось такі трывалы мост з двухбаковым рухам збудаваны, вобразна кажучы. Таму ў далейшым грамадскаму ветэранскаму аб’яднанню жадаю праяўляць такую ж актыўнасць, і сваімі справамі паказваць прыклад жыццялюбства і аптымізму сённяшнім працаўнікам.
Святлана Батава, галоўны спецыяліст райкама БРСМ:
— Паміж нашай арганізацыяй і ветэранскай наладжана цеснае супрацоўніцтва, якому ўжо многа гадоў. Разам мы правялі мноства разнастайных па тэматыцы акцый і мерапрыемстваў. Валанцёры Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі частыя госці ў дамах ветэранаў. Яны не толькі дапамагаюць пажылым людзям справіцца з жыццёвымі патрэбамі, але таксама старанна занатоўваюць іх успаміны, асабліва тых, хто змагаўся на франтах і ў партызанскіх атрадах. На жаль, гэтых людзей становіцца ўсё менш. Каштоўнасць такіх сустрэч з прадстаўнікамі старэйшага пакалення для моладзі ў тым, што жыццё нашых слаўных дзядоў і бабуль з’яўляецца выдатным прыкладам для выхавання патрыятычных пачуццяў. Яно вучыць нас любіць сваю Радзіму, належна працаваць для яе дабрабыту, мужнасці і самаахвярнасці, высокай маральнай духоўнасці. Што можа быць на цяперашні час для нас, маладых, важней. У тым і заключаецца значнасць ветэранскага руху, што ён дапамагае маладым з вырашэннем такой няпростай задачы.