Лепшы механізатар ААТ “Тураўшчына” Канстанцін Шкурко
Асноўны ўчастак работы для механізатара ААТ “Тураўшчына” Канстанціна Шкурко прайшоўшай вясной – механізаваны атрад гаспадаркі па вывазцы і ўнясенню арганікі. Менавіта Канстанцін Фёдаравіч і задаваў тон усёй дзейнасці гэтага структурнага падраздзялення.
На «Амкадоры» Шкурко займаўся пагрузкай каштоўных угнаенняў. Сваю дзейнасць механізатар арганізаваў даволі плённа. Аб чым найперш сведчыць вытворчае дасягненне, на ўласны рахунак хлебароб запісаў больш за дваццаць тысяч тон угнаенняў, пагружаных у кузавы раскідвальнікаў і ўнесеных на грамадскія палі. Несумненна, што гэта дазволіла стаць пераможцам раённага працоўнага саперніцтва на веснавых палявых работах. Канстанцін Фёдаравіч такой акалічнасцю вельмі ганарыцца, бо ішоў да знакавага поспеху не адзін дзясятак гадоў.
На пачатку механізатарскага стажу выконваў простыя агратэхнічныя прыёмы, потым, калі вопыту паднабраўся, кіраўніцтва даверыла асвоіць пагрузчык, які толькі што прыбыў з завода ў сельгаспрадпрыемства. Шкурко справіўся з пастаўленай задачай, дасканала вывучыў машыну, і цяпер тая бездакорна падпарадкоўваецца трактарысту. А гэта ўжо каля дзесяці гадоў.
На першы погляд падаецца, што «Амкадор» у гаспадарцы задзейнічаны не ў такім напружаным рытме як іншая тэхніка. Шкурко сваёй працай даказвае, што на іх плечы таксама абавязкаў і спраў дастаткова. Гэта і пагрузка кармоў, і трамбаванне «зялёнкі», і ачыстка памяшканняў ферм ад гною, яго пагрузка – ўсяго толькі невялікі пералік таго, чым даводзіцца займацца Канстанціну Фёдаравічу круглы год. Кожную пастаўленую перад ім задачу ён вырашае толькі паспяхова і з высокай якасцю.
Сяргей БЕЛКА
Фота аўтара