Апаратная нарада ў старшыні райвыканкама Віктара Атліванава распачалася з аналізу спраў у аграрным сектары
Кіраўнік рэгіёна адзначыў стараннасць і самааддачу вяскоўцаў, якія яны праявілі ў гэтую восеньскую пару. Па словах Віктара Адамавіча, дзякуючы спрыяльным умовам надвор’я ў гаспадарках удалося значна больш мінулагодняга пасеяць азімых, стварыць належную кармавую базу, практычна поўнасцю завяршыць уборку ўраджаю. Немалаважным поспехам у дзейнасці сельгасвытворцаў з’яўляецца і той факт, што з дапамогай кукурузнага зерня ўдалося кампенсаваць недабор збажыны. І цяперашнія дасягненні аграрыяў стануць трывалай асновай для далейшых поспехаў.
Станоўчая ацэнка дадзена і дзейнасці па будаўніцтву спартыўнай пляцоўкі ў мікрараёне Паўночны. На будучым аб’екце правялі планіроўку мясцовасці, выкарчавалі пні, падвезлі грунт. Справа засталася за малым: усё выраўняць і засеяць плошчу травой. Гэтыя работы правядуць у бліжэйшыя дні.
Другасная сыравіна. Кіраўнік рэгіёна запатрабаваў актывізаваць яе збор. Асабліва гэта тычыцца камунальнай службы і спажывецкага таварыства, якія з’яўляюцца асноўнымі пастаўшчыкамі макулатуры, шкла, пласціка і іншых адходаў, якія можна перапрацаваць. Невыкананне згаданымі арганізацыямі тэмпаў накаплення выкарыстаных матэрыялаў ставіць пад пагрозу поспех у гэтай важнай сферы работу ўсяго раёна.
Надзвычайныя сітуацыі. Мінулы тыдзень для выратавальнай службы адзначыўся адным трагічным выпадкам. На пажары, што надарыўся ў аграгарадку Кольна, загінуў мужчына 1981 года нараджэння. Віной смерці сталі алкаголь і цыгарка, дакладней курэнне ў доме ў нецвярозым стане ахвяры.
Таксама выратавальнікі выязджалі пяць разоў на тушэнне смецця, двойчы – на дапамогу ў суседнія рэгіёны. Працавалі супрацоўнікі і ў складзе назіральных камісій. Сваю дзейнасць ажыццяўляла ў раёне 13 такіх груп, якімі абследавана 195 домаўладанняў, 31 паўторна.
Правапарадак. Супрацоўнікі РАУС за прайшоўшы тыдзень адрэагавалі на 116 заяў, зваротаў і паведамленняў грамадзян. Па чатырох з іх узбуджаны крымінальныя справы. У прыватнасці, гамяльчанка звярнулася ў міліцыю, што з яе дачы ў вёсцы Грычынавічы ўкралі асабістыя рэчы. Крадзёж учынены і з машыны жыткаўчаніна. Злаўмыснікі расшукваюцца. А вось грамадзянам, якія паквапіліся на гаманец жыхаркі пасёлка Чырвонае і зварачын апарат аднаго з гаспадароў у вёсцы Марохарава, цяпер прыйдзецца адказваць перад законам за ўласныя супрацьпраўныя дзеянні.
На дарогах раёна праваахоўнікамі выяўлена 179 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Два вадзіцелі затрыманыя за кіраванне ў нецвярозым стане асабістым транспартам.
Эканоміка. На планёрцы кіраўнік рэгіёна засяродзіў увагу на так званых праблемных прадпрыемствах. У прыватнасці на ААТ “Доследны рыбгас “Белае”. Як адзначыў старшыня райвыканкама, працаўнікі гаспадаркі сёлета вылавілі болей рыбы, чым у мінулым годзе. Але гэтага пакуль недастаткова для эканамічнай стабільнасці прадпрыемства. Прычына — вялікая крэдыторская запазычанасць, што накапілася за мінулыя гады.
— Неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб не дапусціць банкруцтва акцыянернага таварыства, — падкрэсліў Віктар Атліванаў.
Іншае. Таксама на апаратнай нарадзе праведзены аналіз зваротаў жыхароў рэгіёна, якія былі адрасаваны на прамую лінію намесніку старшыні райвыканкама Аляксандру Палтарану. Зроблены акцэнт і на недахопах у адміністрацыйнай практыцы. Безумоўна, не засталіся па-за ўвагай і пытанні добраўпарадкавання, рамонтаў дарог. А гэта сведчыць толькі аб адным, што ад усіх службаў патрабуецца болей канкрэтных спраў добрых і карысных.
Сяргей БЕЛКА