Добрыя справы сумеснымі намаганнямі
Зараз кіраўніцтва Дзякавіцкага сельвыканкама актыўна сустракаецца з насельніцтвам. Падчас такіх мерапрыемстваў старшыня мясцовай улады акцэнтуе ўвагу жыхароў не толькі на здабытках, што дасягнутыя раней па паляпшэнню жыццядзейнасці людзей на адміністрацыйнай тэрыторыі, але і той рабоце, якую яшчэ неабходна зрабіць для карысці малой радзімы. Што радуе ў такой дзейнасці, Савет і жыхары па многіх напрамках працуюць сумесна і дабіваюцца станоўчага выніку.
– Мінулы год быў даволі прадукцыйным для нас у плане навядзення парадку, – расказвае старшыня Савета Валянціна Жураўлевіч. – Вельмі імпануе, што людзі падтрымалі ініцыятыву па ўстаноўцы новай жалезабетоннай агароджы на Дзякавіцкіх могілках. А гэта 630 метраў. Вяскоўцы на яе сабралі па самаабкладанні васямсот рублёў. Цяпер засталося плот толькі пафарбаваць. Спадзяюся, такую справу таксама правядзем сумеснымі намаганнямі.
Так, пазіцыя мясцовых грамадзян у дачыненні работы па добраўпарадкаванні паселішчаў паступова памянялася да лепшага. Цяпер многія гаспадары не чакаюць загадаў ад сельсавета па навядзенні чысціні на ўласных падворках і каля іх, а самі вырашаюць гэтыя праблемы. Таму на вясковых вуліцах цяпер не пабачыш, вобразна кажучы, “п’яных платоў” і зараснікаў пустазелля. У большасці двароў і побач з імі з вясны да позняй восені красуюцца кветкі і малыя архітэктурныя формы. Асабліва маладзейшыя абнаўляюць хаты і агароджы, каб яны выглядалі па-сучаснаму.
– Людзі глядзяць адзін на аднаго і стараюцца, каб у яго было не горш чым у суседзяў, – разважае Валянціна Васільеўна. – Напрыклад, у мінулым годзе мы за развядзенне антысанітарыі склалі ўсяго тры пратаколы. Абмяжоўваліся ў асноўным прадпісаннямі. І ўсе заўвагі выпраўляліся. Канечне, каб дайсці да гэтага, спатрэбілася прыкласці нямала намаганняў, пераканаць вяскоўцаў, даказаць ім, што камфортныя ўмовы пражывання, у першую чаргу, залежаць ад іх. Цяпер бачна, што тая дзейнасць сельвыканкама была недарэмнай і прыносіць добрыя вынікі.
Сярод такіх станоўчых прыкладаў і праца па зносу з вуліц старых занядбалых будынкаў. За мінулы год іх стала меней на два дзясяткі, прычым, тры Савету дапамаглі разабраць людзі. Кожны добраўпарадкаваны зямельны надзел перададзены сельсаветам для гаспадарчага карыстання. У большасці выпадкаў для вядзення лесаводства і сельгасвытворчасці. Гэта прыкладна каля ста гектараў. Работу па зносу пакінутых памяшканняў спыняць сельвыканкам не збіраецца. Ужо ў першым квартале з вуліц знікне чатыры з іх.
– Маем у запасе вольныя ўчасткі і для прыватных забудоўшчыкаў. На цяперашні час такіх налічваецца з дзясятак, – адзначае старшыня Дзякавіцкага Савета Валянціна Жураўлевіч. – Было больш, але летась два надзелы забралі гаспадары пад будаўніцтва і вядзенне ўласнай гаспадаркі. Мы толькі вітаем такія памкненні людзей, бо зямля працавітыя рукі любіць і карысць прыносіць павінна.
Адзінае, што турбуе кіраўніка вясковай улады, мала такіх ахвотнікаў цяпер у сельскіх паселішчах. За некалькі гадоў толькі крыху больш сямі гектараў надзелаў аказаліся запатрабаванымі прыватнікамі. Старэюць мясцовыя вёскі з кожным годам. Толькі летась на адміністрацыйнай тэрыторыі памерла дваццаць два чалавекі, а нарадзілася ўсяго трое дзяцей. Не зарэгістравалі ў Савеце ні аднаго шлюбу. Адным словам, дэмаграфічны спад назіраецца і тут. Сведчыць аб тым таксама і тое, што з шасці вёсак тры маланаселеныя. Сёння ў шасці пунктах налічваецца 356 домаўладанняў, у якіх пражывае 746 чалавек. З іх 399 – грамадзяне працаздольнага ўзросту, 257 – пенсіянеры і толькі 90 – дзяцей. Нягледзячы на згаданую негатыўную тэндэнцыю, жыццё не спыняецца. На прыватных падворках яшчэ ўтрымліваецца 103 галавы буйной рагатай жывёлы, 25 коней, 180 свіней, 2267 штук рознай птушкі, іншая жыўнасць. На тэрыторыі Савета ажыццяўляюць дзейнасць чатыры ўстановы культуры, амбулаторыя, ФАП, школа-садзік, з паўдзясятка гандлёвых кропак, іншыя ўстановы, сельгаспрадпрыемства. І сельвыканкам упэўнена трымае руку на пульсе работы гэтых арганізацый. Варта сказаць, што іх работнікі ў ліку першых памочнікаў мясцовай уладзе ў справах па навядзенні парадку. А з акцыянерным таварыствам “Дзякавічы” тут звязваюць увогуле вялікія надзеі на развіццё ў будучым, калі гаспадарка збудуе новы, сучасны малочнатаварны комплекс.
– Зразумела, не ўсё так гладка выходзіць, як хочацца, – канстатуе старшыня Валянціна Жураўлевіч. – Скардзяцца людзі на дрэнны стан дарог, работу вулічнага асвятлення, нізкую якасць абслугоўвання аўтамагазінам і іншае. Штодзённа клопатаў жыццё падкідвае нямала, але і рук не апускаем, на звароты насельніцтва імкнемся рэагаваць належна.
У апошнім сельвыканкаму істотную дапамогу аказвае дэпутацкі корпус і вясковыя актывісты, а таксама спецыялісты розных службаў, што ўваходзяць у склад сельсавецкай назіральнай камісіі. Летась апошнія абследавалі 253 домаўладанні і 153 паўторна, дзе пражываюць адзінокія пажылыя людзі, шматдзетныя сем’і, асобы, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця. Выяўленыя ў хатах недахопы пры эксплуатацыі таго ж пячнога ацяплення, электразабеспячэння, а таксама звязаныя з санітарным станам гаспадарамі выпраўлены. Праводзіць назіральная камісія свае рэйды і зараз. І гэта невыпадкова, бо задача вясковай улады не толькі стварыць камфортныя ўмовы пражывання мясцовым жыхарам, але і засцерагчы апошніх ад розных бед і трагедый. Менавіта на гэта і накіраваны высілкі ў Дзякавіцкім сельсавеце.
Сяргей Белка
Фота Валянціны ПАКАРЧАК