Шматлікія пытанні жыццядзейнасці рэгіёна былі абмеркаваны на апаратнай нарадзе

Шматлікія пытанні жыццядзейнасці рэгіёна былі абмеркаваны на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама Аляксандра Сідарэнкі.

Правапарадак і надзвычайныя сітуацыі. Як адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Ахрамовіч, крымінагенная абстаноўка ў рэгіёне знаходзіцца пад кантролем праваахоўнікаў. Хаця, па словах кіраўніка ведамства, па некаторых негатыўных праявах у грамадстве назіраецца рост. Асабліва міліцыянераў непакояць хуліганствы, крадзяжы, дарожная бяспека, правапарушэнні ў быту. Глебай для гэтага ў асноўным з’яўляецца п’янства. Але разам з тым расце раскрываемасць злачынстваў. Начальнік РАУС прызваў прысутных у зале не быць абыякавымі да негатыву і паведамляць аб ім ў праваахоўныя органы.

Заслугай супрацоўнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях у сёлетняй дзейнасці, як паведаміў начальнік Андрэй Туравец,  можна лічыць у параўнанні з мінулым годам зніжэнне колькасці пажараў, а таксама недапушчэнне гібелі на іх людзей. У многім гэтаму садзейнічае вялікая прафілактычная работа выратавальнікаў. У прыватнасці, яна праводзіцца і праз дзейнасць назіральных камісій. На мінулым тыдні іх працавала сем, спецыялістамі абследавана больш як сотня домаўладанняў. Ладзілі супрацоўнікі РАНС і вучэнні, што таксама спрыяе стабільнай абстаноўцы і павышэнню прафесіяналізму, накіраванага на стабілізацыю абстаноўкі.

Добраўпарадкаванне. Вопытам навядзення парадаку на зямлі і ў населеных пунктах рэгіёна з удзельнікамі нарады падзяліліся выконваючы абавязкі кіраўніка Руднянскага Савета Максім Гарэлаў і старшыня Ленінскага сельвыканкама Васіль Нямчэня. З дакладаў і відэапрэзентацый прадстаўнікоў вясковай улады вынікала, што згаданая дзейнасць на іх тэрыторыях даволі шматгранная. Дзякуючы гэтаму ў справе добраўпарадкавання ўдалося дабіцца нямала станоўчых вынікаў. У тым ліку дзякуючы і мясцоваму насельніцтву, і дэпутатам, і давераным асобам Саветаў. Разам з тым, застаюцца і нявырашаныя праблемы. Напрыклад, тычацца яны зносу старых будынкаў, бо сельвыканкамам вельмі нялёгка знайсці паразуменне з некаторымі ўладальнікамі, увядзення ў севазварот пустуючых зямельных участкаў, выяўляюцца з боку шэрагу гаспадароў і нядбайныя адносіны пры навядзенні чысціні на прыдамавых тэрыторыях і іншае. Але ў Саветах з такімі хібамі вядуць сур’ёзнае змаганне, якое праяўляецца ў выдачы прадпісанняў і складанні адміністрацыйных пратаколаў. Хаця апошняе і не самамэта, але вельмі добра астуджае тых вяскоўцаў, што не прымаюць мераў па ўхіленню беспарадку.

Аб тым, як добраўпарадкуецца райцэнтр, на нарадзе дакладваў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і архітэктуры райвыканкама Яўген Фралоў. Была адзначана высокая актыўнасць калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, якія прымалі ўдзел у суботніках. Канечне, не абмінуў увагай Яўген Андрэевіч і тыя недахопы, што яшчэ не ўдалося вырашыць. А гэта поле дзейнасці для зацікаўленых службаў. Усё ж прыкра, калі на слушныя заўвагі ўладальнікі аб’ектаў і гаспадары рэагуюць няправільна.  Ды і культура паводзін у грамадстве  вельмі кульгае. Не паспелі навесці парадак, як у тым месцы несвядомыя грамадзяне насмецяць зноў. З такімі праявамі варта весці рашучую барацьбу, бо кожны жыхар павінен прыкласці намаганні, каб яго паселішча станавілася прыгажэйшым і камфортнейшым для існавання.

Маёмасць. Важнае значэнне ў дзейнасці раённай улады мае работа з невыкарыстоўваемай нерухомасцю. Аб  асноўных напрамках у гэтай сферы расказаў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Лабко. Як ім было адзначана, у раёне выяўлены 83 невыкарыстоўваемыя аб’екты. З гэтай колькасці прыкладна палова задзейнічаны. Разам з тым праблема яшчэ далёкая ад поўнага вырашэння. У пэўнай ступені прычынай гэтаму служыць тое, што палова нерухомасці знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Нямала яе ў акцыянерных таварыствах “Тураўшчына”, “Прыазёрскае-Агра” і “Дзякавічы”. Кіраўнік раёна даручыў на месцах разабрацца з кожным аб’ектам.  У рэгіёне маецца дэталёвы план па  уцягненню ў гаспадарчы абарот аб’ёктаў дзяржаўнай маёмасці. Дарэчы, важны момант, на які зроблены акцэнт падчас нарады, каб усе будынкі і тэрыторыя вакол іх падтрымліваліся ў парадку, а таксама там  захоўваліся бяспечныя ўмовы для людзей.

Іншае. На апаратнай нарадзе таксама разгледзелі пытанні, якія тычыліся работы мабільнай групы райвыканкама, працы са зваротамі грамадзян і адміністратыўная практыка.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.