Якасць – катэгорыя грашовая
Чарговы семінар для работнікаў зоаветэрынарнай службы гаспадарак прайшоў на Тураўскім малочным камбінаце. Тэмай абмеркавання сталі пытанні кантролю якасці паступаючага на перапрацоўку малака.
Штодня завод вырабляе каля 70 тон сыру. У маскарпоне, мацарэлу і крэмчыз тут за суткі ператвараюць звыш паўтысячы тон сырадою. Пятую частку гэтага аб’ёму зараз здаюць сельгаспрадпрыемствы Жыткаўшчыны. Якасць сыравіны і гатовага прадукта на ТМК заўжды была і застаецца найгалоўнейшым прыярытэтам. Дзякуючы гэтаму, заваяваўшы густ спажыўцоў, прадпрыемства дабілася высокага прызнання як у Беларусі, так і за яе межамі. Відавочна, што акрэсленая тэма важная і для гаспадарак, таму што менавіта вытворчасць малака прыносіць у касу найбольшы прыбытак.
На ўзаемнасці інтарэсаў і падтрыманні эфектыўных партнёрскіх стасункаў засяродзіў увагу прысутных першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. Для таго, каб мець належную аддачу, на кожнай ферме важна ўдзяляць пільную ўвагу строгаму захаванню тэхналогіі, у якой няма дробязяў. Усё – ад мікраклімату ў памяшканнях для ўтрымання кароў да паверкі даільнага і вагавага абсталявання – павінна выконвацца належным чынам, падкрэсліў выступоўца. Толькі пры такой умове можна чакаць належнага выніку.
Далей слова ўзялі гаспадары мерапрыемства. Спецыялісты камбіната нагадалі калегам, як правільна афамляць пасведчанні якасці і бяспекі харчовай сыравіны і прадуктаў. Таксама былі абмеркаваны іншыя прафесійныя нюансы ў кантэксце заяўленай тэматыкі семінара, у тым ліку патрабаванні да выкарыстання ў практыцы некаторых ветпрэпаратаў для буйной рагатай жывёлы.
Завяршылася сустрэча “сляпой” дэгустацыяй малака. Лабаранты і заатэхнікі гаспадарак па органалептычных паказчыках ацэньвалі ўзоры прадукцыі з 10 фермаў раёна. У выніку найвышэйшую адзнаку калег і адпаведна большую колькасць балаў набрала сыравіна з КСУПа “Бялёў”. Галоўнаму заатэхніку гаспадаркі Алёне Рабкавец дырэктар ТМК Вольга Луцко ўручыла прыз. За стабільнасць якасці яна таксама адзначыла самага буйнога ў нашым рэгіёне пастаўшчыка — ААТ “Тураўшчына”, заахвоціўшы падарункам загадчыцу МТФ “Верасніца” Надзею Вашкову.
Святлана Шакалян,
фота аўтара