Руплівасці і старання не займаць
Малочнатаварны комплекс «Казаргаць-2» з’яўляецца буйнейшым структурным падраздзяленнем у жывёлагадоўлі акцыянернага таварыства «Тураўшчына». Да таго ж адпавядае самым сучасным тэхналагічным патрабаванням. Таму і нядзіўна, што кожная чацвёртая тона малака ў агульнагаспадарчы бідон уліваецца штодзённа менавіта адсюль. Дасягаюцца ж стабільныя вытворчыя паказчыкі, дзякуючы адладжанай рабоце і працалюбіваму калектыву, які нядаўна зноў узначаліў Яўген Рыдзецкі.
Менавіта з ім і зрабілі днямі невялікую экскурсію на галоўнай фабрыцы малака сельгаспрадпрыемства. На тэрыторыі парадак, прыбрана і ў памяшканнях. Каровы і маладняк падасланы, з апетытам ужываюць пакладзеныя кармы. Рацыёны збалансаваныя. У іх сянаж, сілас, канцэнтраты, іншыя неабходныя для нармальнай жыццядзейнасці і прадуктыўнасці жывёлы кампаненты. Безумоўна, такая акалічнасць станоўча адбіваецца на выніках працы работнікаў. У гэтыя дні ад адной каровы на комплексе атрымліваюць больш як па шаснаццаць кілаграмаў малака. Валавы надой за суткі амаль пятнаццаць тон, з якіх 12700 кілаграмаў адпраўляецца на перапрацоўчы камбінат. Прычым, значная колькасць прадукцыі гатункам «экстра».
Усяго на МТК «Казаргаць-2» утрымліваецца 860 дойных кароў. Па словах Яўгена Рыдзецкага, у апошнія месяцы актыўна вядзецца работа па ўзнаўленню статка. У бліжэйшы час яго плануюць абнавіць на палову. Дзвесце цялушак ужо знаходзяцца на ферме, хутка размесцяць яшчэ столькі ж.
– Гэтыя захады дадуць нам магчымасць пазбавіцца ад нізкапрадуктыўных кароў, – расказвае аб перспектывах Яўген Рыгоравіч. – Спадзяюся, што ўжо вясной за кошт уводу нецяляў у сярэднім ад адной рагулі будзем мець не меней як васямнаццаць кілаграмаў малака. І гэта не адзінае, што пастараемся ўкараніць у нашай дзейнасці, каб падтрымліваць тэндэнцыю вытворчага росту ў будучым.
Аптымізм кіраўніка структурнага падраздзялення падзяляюць і аператары машыннага даення Феадосія Кудласевіч, Ніна Селіцкая, Вера Ракавец і Ніна Рослік (на здымку).
– Умовы працы на нашым комплексе выдатныя, – гаворыць старэйшая і больш вопытная з гэтай кампаніі Феадосія Мікалаеўна, якая тут доіць кароў пяць гадоў. Прыйшла на МТК адразу пасля ўводу яго ў эксплуатацыю. – Шчыруем пазменна. Наш абавязак – атрымліваць як мага большую колькасць прадукцыі і забяспечваць яе якасць. Для гэтага ўсё маецца, толькі прыкладвай належныя намаганні. Канечне ж, настрой узнімаецца, калі чарговая рагуля радуе важкім надоем – па паўтары – два вядры за адну дойку, якіх у нас тры. Ды і цялушкі пасля раздою паказваюць нядрэнную прадуктыўнасць.
Не забылася пахваліцца жывёлавод і тым, як на комплексе вырашаны бытавыя ўмовы для рабочых. Ёсць пакой для адпачынку, кухня з неабходным абсталяваннем, душавыя і іншыя выгоды. Ажыццяўляе гаспадарка і падвоз да месца працы і да дому.
– На жаль, даводзіцца канстатаваць, не так і лёгка цяпер знайсці людзей, якія сумленна і адказна ставіліся б да выканання сваіх абавязкаў, – заўважае Яўген Рыдзецкі. – Таму імкнемся, каб у нашым калектыве былі толькі самыя лепшыя спецыялісты. Многія з іх пражываюць у суседніх вёсках, нават у другой вобласці. Таму робім усе, каб кадравы патэнцыял у плане прафесіяналізму толькі ўзмацняўся.
Дарэчы, падчас наведвання малочнатаварнага комплексу «Казаргаць-2», было добра бачна, як выконваецца такая задача. Побач з вопытнымі і спрактыкаванымі жывёлаводамі працуе нямала і тых, хто на малочную вытворчасць прыйшоў зусім нядаўна. Гэта толькі станоўча адбіваецца на мікраклімаце ў калектыве, а таксама на вытворчых паказчыках. І прыкладаў такіх шмат. Значны плён на вырошчванні маленькіх цялятак прыносіць сумесная праца Раісы Чычулінай і Веры Крупкевіч. У першай – за плячыма вялікі вопыт, ў другой – няменшае жаданне асвоіць новую справу. У выніку кожны з двухсот іх гадаванцаў за суткі прыбаўляе ў вазе па кілаграму і болей.
20 гадоў аддала жывёлагадоўлі Марыя Бірук (на здымку). На МТК яна шчыруе на самым адказным участку – раздоі цялушак. Складаная гэта справа, але разам з тым менавіта ад поспяховай дзейнасці жанчыны ў далейшым будуць складвацца вынікі работы яе каляжанак. Радуе вытворчымі здабыткамі і Мікалай Балбуцкі (на здымку), які адзін даглядае дзве сотні цялушак. Дзякуючы яго руплівасці, кожная галава жывёлы дае па 850 грамаў прываг. Менавіта такія майстры высокіх надояў і прываг і развіваюць жывёлагадоўчую галіну акцыянернага таварыства.
Сяргей Белка
Фота аўтара