Кіно пра вясковага скульптара
Відэаролік, створаны творчай групай СШ №2 г. Жыткавічы імя А. Галавача, пазмагаецца ў фінале рэспубліканскага конкурсу “Мясціны майго дзяцінства”, што ладзіцца ў межах грамадска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”.
Абласное журы прызнала наша кіно адной з лепшых сярод 32 дасланых у гэту намінацыю работ, узнагародзіўшы стваральнікаў ганаровым дыпломам І ступені.
У трохмінутным сюжэце пяцікласніца Валерыя Коршак разам з другакласнікамі Аляксеем Леўкаўцом і Ангелінай Ляшкевіч расказваюць пра знакамітага народнага майстра з Сяменчы Аляксандра Масла і яго аграсядзібу “Згублены рай”. Дзеці, нібы сапраўдныя журналісты, распыталі рэзчыка па дрэву пра яго хобі, прайшліся з экскурсіяй па чароўным царстве казачных насельнікаў, вырабленых таленавітым земляком. Юныя карэспандэнты прызналіся, што работа над сюжэтам узбагаціла іх новым вопытам і ведамі.
Аўтарамі ідэі выступілі педагог-арганізатар школы Алена Матросава і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вера Багатка. А дапамогу ў здымках і відэамантажы аказаў супрацоўнік РАНС Фёдар Дудзіч.
Святлана Шакалян
Фота аўтара