Ёсць чым ганарыцца

У КСУПе “Бялёў” у гэтым годзе завяршылі ўборку зерневых культур з нядрэннымі вынікамі. З грамадскай хлебнай нівы, якая сёлета займала 334 гектары, сабрана амаль 1500 тон збажыны. Гэта больш на 130 працэнтаў чым летась. Таксама да мінулагодняга “прырасла” і ўраджайнасць: цяпер яна стала 39 цэнтнераў з гектара.


— Радуе сёлетні вынік працы нашых хлебаробаў, — гаворыць намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Лідзія Каралец. — Гэта сведчыць аб тым, наколькі паспяхова мы шчыравалі на збожжавым палетку, стараліся падчас кожнай кампаніі, пачынаючы ад сяўбы і заканчваючы жнівом, захоўваць усе тэхналагічныя патрабаванні. І гэта дало свой плён.


З гэтымі словамі Лідзія Мікалаеўна з гонарам прадэманстравала сімвал цяперашняга багатага ўраджаю — важкі жытнёвы сноп, які захоўваецца ў кабінеце кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Кожны яго колас напоўнены буйнымі залацістымі зярнятамі.


— Даўно на нашых палетках не выспявала такая цудоўная збажына, — зазначае ідэолаг.


Што тычыцца самога жніва, то яно прайшло ў КСУПе вельмі арганізавана. Вынікова працавалі на палетках камбайнеры Мікалай Чэркас, Генадзь Галавач, Віталь Чмыхун, Уладзімір Макарэвіч, Анатоль Яцкевіч, Уладзімір Руды, механізатары і вадзіцелі на адвозцы.


Нядрэнна папрацавалі на ўраджай і члены рамонтнай брыгады, работнікі зернетака. Таму і не ўзнікала значных прастояў тэхнікі ні ў полі, ні на таку. Безумоўна, адыгралі сваю ролю і матэрыяльныя стымулы, з якімі ўсіх удзельнікаў жніва азнаёмілі загадзя.


Таму ўсе выконвалі сваю справу сумленна, з чаго і складваўся агульны поспех.


Паклапаціліся ў гаспадарцы і аб ідэалагічнай састаўной падчас уборкі, своечасова падводзіліся ўмовы працоўнага саперніцтва, на палетках і таках для ўдзельнікаў жніва ладзіліся канцэрты. Было арганізавана і гарачае харчаванне.


Варта адзначыць, што мясцовыя працаўнікі з сёлетняга жніва вынеслі і пэўныя ўрокі. Не ўсё атрымалася, як задумвалі, немалыя плошчы азімых давялося па прычыне іх гібелі перасяваць яравымі. У нашых умовах апошнія не такія ўлагодныя.


Зараз у гаспадарцы ствараецца аснова пад будучы ўраджай. Азімымі зерневымі засеяна 550 гектараў. У структуру пасеваў унесены пэўныя змены – пашыраны плошчы пад трыцікалі. Затое культура аказалася сёлета самай ураджайнай.


Запомніцца гэтае жніво калектыву камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Бялёў” і тым, што па эфектыўным палетку яны сталі лепшымі ў раёне.


Гэта значыць лідарамі раённага працоўнага саперніцтва. Для ўсіх працаўнікоў гаспадаркі гэта вялікая падзея — за апошнія дзесяцігоддзі такая перамога дасягнута ўпершыню.


Таму мясцовым хлебаробам вынікам на ніве можна ганарыцца і ісці да новых вышынь.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.