Якасць – катэгорыя патрабавальная
Вытворчасць малака высокай якасцю на цяперашні час аказвае значны ўплыў на эканоміку сельгаспрадпрыемстваў. Чым больш аграрыямі прададзена прадукцыі гатункам “экстра”, тым важэйшай атрымліваецца выручка ў грамадскай касе. Менавіта на гэтым і рабілі акцэнт кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, райсельгасхарчу і раённых службаў падчас семінару ў акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра”. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня райвыканкама Аляксандр Сідарэнка, яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай П’яўко.
Хто дбае, той і мае
Сваю работу спецыялісты распачалі на малочнатаварным комплексе “Марохарава”. Усе адразу ацанілі чысціню і парадак на тэрыторыі і ў памяшканнях гэтага сучаснага жывёлагадоўчага аб’екта. Разлічаны на тысячу дойных кароў, тут штодня атрымліваюць прыкладна да дваццаці тон сырадою, дзевяноста пяць працэнтаў якога адпраўляюць перапрацоўшчыкам. Безумоўна, пры такім аб’ёме прадукцыі ўвага якасным паказчыкам надаецца павышаная. Тое ж малако гатункам “экстра” каштуе 821 рубель за тону, а вышэйшым сортам – толькі 711, першым – увогуле 650. Няцяжка палічыць, нават пры самым нязначным збоі ў вытворчым ланцугу з гэтага структурнага падраздзялення на цэнавой розніцы акцыянернае таварыства панясе страты не ў адну тысячу рублёў.
Як на МТК “Марохарава” працуюць над паляпшэннем якасных паказчыкаў малака, калегам падрабязна расказаў кіраўнік праекта па жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства Руслан Сцепаненка. Па словах спецыяліста, уплываюць на працэс мноства фактараў. У першую чаргу, гэта персанал комплексу, таму падбіраюць сюды кадры надзвычай патрабавальна. Галоўнае ў такой справе, каб работнікі адказна ставіліся да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў, строга выконвалі тэхналагічныя патрабаванні, бо ўпушчэнне аднаго чалавека можа перакрэсліць высілкі цэлага калектыву. Як кажуць у народзе, недагляд ніколі не ідзе на лад. Аператар машыннага даення неахайна апрацаваў вымя каровы, ветэрынар несвоечасова выявіў захворванне ў жывёлы, тэхперсанал дрэнна прамыў даільнае абсталяванне, не ў тэрмін замянілі на апаратах гумавыя дэталі, не пачысцілі памяшканне, раздалі не зусім добрую кормасумесь і пералік можна працягваць, а ў выніку ўсё адмоўна адаб’ецца на якасці сырадою. Як пераканаліся госці, на малочнатаварным комплексе, тут такіх хібаў не дапускаюць, а ўсе высілкі накіроўваюць на паляпшэнне вытворчага працэсу, павышэнне майстэрства жывёлагадоўчых кадраў. Наведалі ўдзельнікі семінару не толькі памяшканне, дзе ўтрымліваецца дойны статак, але і лабараторыю. Тут мясцовыя спецыялісты на практыцы прадэманстравалі, як ажыццяўляецца кантроль за якаснымі параметрамі малака. Абсталяванне дазваляе рабіць гэта на даволі высокім узроўні.
Несумнена, што прымаемыя захады, накіраваныя на вытворчасць прадукцыі высокай якасці, прыносяць ААТ “Прыазёрскае-Агра” нядрэнны плён. 60,7 працэнта малака гаспадарка пастаўляе гатункам “экстра”. Хаця па меркаванні спецыялістаў, і ў гэтым накірунку дзейнасці неабмежаванае поле для росту. Што тычыцца раёна ў цэлым, то самым высокім сортам прададзена малака 12844,6 тоны, што складае 47 працэнтаў ад агульнай колькасці. Больш за палову свайго валавага надою адгрузілі тураўскім сыраробам і жывёлаводы акцыянерных таварыстваў “Тураўшчына” і “Дзякавічы”. Выдатна ідуць справы ў сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба. Чаго не скажаш пра працаўнікоў камунальных сельгаспрадпрыемстваў “Бялёў” і “Чырвоны Бор”, якія сёлета не прадалі ні адной тоны малака гатункам “экстра”. Канечне, у параўнанні з мінулагоднім перыядам справы з якасцю малака палепшыліся, але ў 2018 аграрыі рэгіёна прадалі за восем месяцаў сортам “экстра” 55,9 працэнта сваёй прадукцыі. Ды і вышэйшым гатункам сырадою залічана ў згаданым перыядзе года намнога болей. Вынік такой нестабільнай работы – недаатрыманыя грошы. Напрыклад, сёлета за прайшоўшыя восем месяцаў сума склала 2135,4 тысячы рублёў. Думаецца, што гэтыя фінансы для вяскоўцаў лішнімі б не былі.
Малако
ў каровы на языку
На семінары яго ўдзельнікі надалі ўвагу і пытанням корманарыхтоўкі. Зараз актыўна вядзецца ўборка кукурузы на сілас. У ААТ “Прыазёрскае-Агра” гэтая работа наладжана, лічы, кругласутачна. Добрая забяспечанасць кормаздабываючых атрадаў сучаснай тэхнікай і нядрэнная ўраджайнасць культуры прыносяць мясцовым працаўнікам выдатны плён. За суткі ў месцы захоўвання паступае амаль дзве тысячы тон зялёнкі. У гаспадарцы па стану на 14 верасня скасілі “каралеву” палёў на 55 працэнтах плошчаў, а на сіласаванне адпраўлена 12400 тон масы. На мерапрыемстве спецыялісты азнаёміліся з тэхналогіяй закладкі сіласу. Па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства Аляксея Бухаловіча, значны ўплыў на якасць пры назапашванні корму аказваюць не толькі тэрміны ўборкі, якую імкнуцца тут правесці, калі кукуруза ў фазе васкавой спеласці, але і трамбоўка траншэй. Яе павінны праводзіць вопытныя і спрактыкаваныя механізатары. Адладжаны на корманарыхтоўцы ў гаспадарцы і механізмы кантролю. Усё гэта надае ўпэўненасці, што каровы атрымаюць спажыўныя рацыёны, а жывёлаводы атрымаюць не толькі важкія надоі, але яны будуць толькі высокай якасці.
Сяргей Белка
На здымках: падчас семінару