Відавочны рух наперад
Ацэнка працы па навядзенню парадку на зямлі і ў населеных пунктах на тэрыторыі нашага рэгіёна была дадзена падчас семінара з удзелам прадстаўнікоў Петрыкаўскага і Лельчыцкага раёнаў. Дэлегацыі суседзяў, у склад якіх уваходзілі старшыні сельсаветаў на чале са старшынямі раённых Саветаў дэпутатаў Валянцінам Рабушок і Вольгай Гаўрылавец, на Жыткаўшчыне пабывалі ў чатырох сельскіх Саветах, дзе змаглі асабіста пераканацца наколькі шмат зроблена па добраўпарадкаванні. Нездарма, даючы ацэнку працы ў гэтым накірунку, старшыня петрыкаўскага райсавета Рабушок Валянцін Дзяменцьевіч выказаўся адназначна: відавочны рух наперад.
Аграгарадок Бялёў Марохараўскага сельсавета — першы населены пункт, куды завіталі госці ў суправаджэнні старшыні Жыткавіцкага раённага Савета дэпутатаў Ніны Рамановіч і кіраўніка мясцовай адміністрацыйнай тэрыторыі Генадзя Лесько. Як гэта прынята ў гасцінных гаспадароў сустракалі тут удзельнікаў семінара вельмі ўрачыста — самадзейныя артысты мясцовага Дома культуры выканалі для ўсіх некалькі песень. Пакуль рухаліся аўтобусам па аграгарадку можна было разгледзець, які аб’ём работы выканалі тут па добраўпарадкаванні. Сотні метраў устаноўленых новых агароджаў, расчышчаныя ад старых будынін і хмызняку ўчасткі зямлі, спілаваныя аварыйныя дрэвы і многае іншае.
— Зямлю, якую мы прыводзім у парадак на пакінутых сядзібах, перадаем сельгаспрадпрыемству “Бялёў” у карыстанне, — тлумачыць старшыня сельсавета Генадзь Лесько. — Некаторыя з іх перадаем суседзям для занятку агародніцтвам. Галоўнае, каб зямля не пуставала, а прыносіла карысць.
— Усё, што зроблена ў гэтым населеным пункце па навядзенні парадку, так і ў іншых, з’яўляецца плёнам працы не толькі мясцовай улады і насельніцтва, — адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч. — Вялікую дапамогу ў гэтай высакароднай справе аказалі і гарадскія арганізацыі.
І гэта так. Яшчэ з лета ў Бялёве працавалі мабільныя групы з гарадскіх прадпрыемстваў, якія былі ўкамплектаваны тэхнікай і спецыялістамі. Менавіта яны дапамагалі сельвыканкаму разбураць занядбаныя будынкі, выразаць і карчаваць хмызнякі, спілоўваць аварыйныя дрэвы. Крыху пазней, калі ў раёне распачалі праводзіць месячнікі па добраўпарадкаванні, за населенымі пунктамі замацавалі канкрэтныя арганізацыі. Па словах Ніны Мікалаеўны, на гэты год вызначана ў раёне сорак вёсак, дзе павінен быць наведзены ўзорны парадак. Канечне, нельга адмаўляць і ролю мясцовай улады, кіраўніцтва якой разам са сваімі памагатымі (дэпутатамі, даверанымі асобамі) нямала працавалі з насельніцтвам па ўстаноўцы тых жа агароджаў. Не раз прыйшлося абыходзіць падворкі, каб пераканаць людзей. І гэта дало вынік. Цяпер на тэрыторыі Марохараўскага сельсавета распачата ўстаноўка агароджаў не толькі ў Бялёве, але і ў самім Марохараве, Навуці і іншых населеных пунктах.
— Зразумела, папрацаваць яшчэ патрэбна нямала, але наводзіць парадак не прыпыняемся, — кажа Генадзь Пятровіч.
У Бялёве агледзелі ўдзельнікі семінара не толькі вулічнае добраўпарадкаванне, але і наведалі шэраг аб’ектаў сацыяльна-бытавога прызначэння. У прыватнасці, мясцовыя Дом культуры і бібліятэку, адзін з магазінаў раённага спажывецкага таварыства. Іх стану і працоўнымі здабыткамі госці таксама па-добраму пазайздросцілі, бо ўбачылі, што шмат зроблена, каб задаволіць надзённыя патрэбы людзей.
Не варта баяцца гутарыць з людзьмі, пераконваць іх у неабходнасці грамадска карысных спраў для развіцця свайго населенага пункта – па такім прынцыпе працуе кіраўніцтва і актывісты вясковай улады ў Юркевіцкім сельсавеце. Яго старшыня Алена Шпакевіч з гонарам прадэманстравала наколькі шмат удалося зрабіць разам сельсавету, насельніцтву і шэфам. Не пазнаць цяпер вуліцы Баравой, Азёрнага, Гулевіч. Нават у гэтыя пахмурныя дні населеныя пункты зіхацяць рознакаляровымі фарбамі нядаўна ўстаноўленых агароджаў.
Скажам, што мясцовы сельвыканкам і насельніцтва цесна супрацоўнічаюць ужо не першы год. Сумесна яны ажыццявілі нямала добрых спраў па навядзенні парадку. Гэта і добраўпарадкаванне могілак, і будаўніцтва царквы, і дзіцячай пляцоўкі, і вось цяпер вуліц. Шмат дапамог рыбгас “Белае” ў гэтай рабоце, лясніцтвы, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Адзначана на семінары і праца раённых службаў па прывядзенні ў належны стан сваіх аб’ектаў. У чым пераканаліся госці, калі завіталі ў магазін і фельчарска-акушэрскі пункт у Юркевічах. Скажам, зацікавілі падыходы жыткаўчан па навядзенні парадку гасцей. У тым можна было ўпэўніцца падчас пераездаў з аднаго Савета ў другі. Шмат розных пытанняў было зададзена ў аўтобусе старшыням райсавета і сельвыканкамаў. Тычыліся яны і арганізацыі работ, і набыцця матэрыялаў, і стасункаў улады і насельніцтва, і фінансавання дзейнасці па навядзенні парадку, і іншых аспектаў. І такая цікавасць яшчэ больш узрасла, калі дэлегацыі наведалі аграгарадок Ленін. Кіраўнік мясцовага сельвыканкама Васіль Нямчэня падрабязна расказаў прысутным аб рабоце, якую правялі ў населеным пункце па добраўпарадкаванні. Як шукалі прадстаўнікі сельсавета нашчадкаў даўно пакінутых бацькоўскіх сядзіб, каб тыя ўнеслі свой уклад па ўстаноўцы агароджаў, як пераконвалі насельніцтва ўстанаўліваць новыя агароджы. Нялёгка было, многія адмаўляліся, але ўбачыўшы плён працы, сталі людзі праяўляць больш ініцыятывы. Канечне, некага прыходзілася ставіць на правільны шлях і з дапамогай адміністрацыйнай практыкі. Але самае важнае, што ўдалося пераламаць спажывецкія адносіны, прымусіць прыняць людзей удзел у грамадска-карыснай справе. І станоўчы вынік з’явіўся літаральна на вачах. Сярод іншых аб’ектаў, куды наведаліся ўдзельнікі семінара, былі Ленінская ўчастковая бальніца, школьны музей, маладзёжны цэнтр культуры. І ад кожнага наведвання ў гасцей засталіся самыя прыемныя ўражанні.
Ацаніць, як наводзіцца парадак у Людзяневіцкім сельсавеце, усе змаглі праязджаючы па вёсцы Дзедаўка і аграгарадку Людзяневічы. Тым больш што дэлегацыі Петрыкаўскага раёна было з чым параўноўваць. Напачатку года яны прыязджалі ў гэты Савет пераймаць вопыт. Таму ўсе адзначылі наколькі шмат спраў зроблена за гэты час па добраўпарадкаванні ў населеных пунктах гэтай адміністрацыйнай тэрыторыі нашага раёна. Старшыні Савета Юрыю Волчыку нават не прыйшлося нічога тлумачыць, бо ўся праца была відаць і так.
Падвядзенне вынікаў семінара адбылося ў памяшканні Людзяневіцкага сельвыканкама. Прысутныя выслухалі старшыню Жыткавіцкага раённага Савета дэпутатаў Ніну Рамановіч, якая расказала пра справы па навядзенні парадку ў рэгіёне. Таксама адбыўся і абмен думкамі. Госці выказваліся адназначна, што жыткаўчане папрацавалі па добраўпарадкаванні на славу, што накоплены імі вопыт дапаможа ў працы непасрэдна ў сваіх раёнах. Зразумела, што яшчэ наперадзе нямала працы, але да яе ў раёне гатовы. Ды і не спыняецца яна.
С. БЕЛКА.