Гаспадар, дзеці і жонка – найлепшая суполка

У гарадскім парку імя Міколы Гамолкі на гэтым тыдні прайшоў раённы этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Ўладар вёскі”.

У творчым, спартыўным саперніцтве ўдзельнічалі тры маладыя сям’і з Людзяневіцкага, Рычоўскага і Верасніцкага сельскіх Саветаў. Дзея атрымалася відовішчнай і яркай, а таксама сцвярджальнай , што рэгіён багаты на ячэйкі грамадства, дзе пануюць лад і каханне паміж бацькамі.  На гэтай аснове складваецца выхаванне дзетак, якіх вучаць працавітасці і дабрыні, паважлівым адносінам да людзей і любові да сваёй радзімы.

Сёлета сапернічалі Раман Мікалаевіч, Майя Якаўлеўна, Марына, Багдан, Ульяна  Леўкаўцы з Хачэні, Дзмітрый Фёдаравіч, Людміла Сяргееўна, Сафія, Міхаіл, Крысціна Кудачы з аграгарадка Людзяневічы і Максім Уладзіміравіч, Ірына Уладзіміраўна, Раман, Паліна Дубік з вёскі Буразь.  Склад галоўных удзельнікаў мерапрыемства сведчыў, што змаганне будзе даволі ўпартым і напружаным, бо дзве апошнія сям’і ўжо мелі досвед выступленняў у згаданым праекце і нават займалі прызавыя месцы. Адпаведна, кожная з іх мела жаданне ўзняцца на вышэйшую прыступку п’едэстала.

Аб сямейных каштоўнасцях канкурсантаў гледачы і члены журы даведаліся з прадастаўленых відэаролікаў, а таксама прадэманстраваных  са сцэны амфітэатра візітак. Падышлі да гэтага задання ўдзельнікі надзвычай  творча: праз фота з сямейных альбомаў   паказалі, як жывуць, хто ў хаце гаспадар, расказалі пра любімыя захапленні, працоўную занятасць, узаемаадносіны паміж дарослымі і дзецьмі. У цэлам дасціпныя вершы і прыпеўкі, якія выканалі сем’і, вельмі спадабаліся журы.

Вельмі актыўна прайшло спартыўнае спаборніцтва. Яго пачалі нашчадкі, якія паказалі спрыт і хуткасць ў пераадоленні перашкод з мячом. Дарослыя падтрымалі эстафету: мужчыны на ўхваце пераносілі чыгунок, забівалі цвікі ў калодку, а жанчыны перабіралі  сумесь гароху і фасолі.

Умовы апошняга задання былі надзвычай простыя – прыгатаваць смачныя блінцы на калодзе. Канечне, захапляючым яно было для гледачоў, але не для канкурсантаў. Выдатна працавала каманда Кудачаў. Муж і жонка справіліся з даручэннем першымі. А вось Леўкаўцы ўзялі не хуткасцю (падвяла гаспадыню патэльня), а выдумкай.

І вось усе сем’і зноў сабраліся на сцэне.  За праяўленую актыўнасць і смеласць іх падзякавалі старшыні раённага аб’яднання прафсаюзных арганізацый Уладзімір Гулюта, прафкама работнікаў дзяржаўных органаў Ніна Рамановіч, першы сакратар райкама БРСМ Алена Аўдзейчык. Яны ж уручылі і падарункі кожнаму канкурсанту. З задавальненнем гэта зрабіў і кіраўнік раённай структуры ДТСААФ Валерый Ляўковіч.

— Прафсаюзы ўжо не першы год шэфствуюць над гэтым праектам, — зазначыў Уладзімір Гулюта. — І гэта невыпадкова. Калі моцная сям’я, то і моцная дзяржава. Менавіта на росквіт сваёй краіны і скіраваны сёння высілкі нашага грамадства.

Алена Аўдзейчык таксама падкрэсліла вызначальную ролю сям’і ў выхаванні моладзі. Таму БРСМ на працягу 11 гадоў ладзіць такое маштабнае мерапрыемства.

Па выніках конкурсу першае месца з агульнай сумай балаў 19,5 занялі Леўкаўцы, другое 18,2  — Кудачы, а трыцяе — з пятнаццацю ачкамі засталося ў сям’і Дубік.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.