Ў Жыткавіцкім раёне прайшоў прафсаюзны прыём
Выйсце з няпростых жыццёвых сітуацый і працоўных узаемаадносін жыхарам пасёлка Чырвонае дапамагалі галоўны прававы інспектар працы Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Манюк, пракурор раёна Ігар Арцёменка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта, прафсаюзны інспектар згаданай арганізацыі Вячаслаў Ахрамовіч падчас рэспубліканскага прафсаюзнага прыёму грамадзян, які ладзіўся ў Чырвоненскай сярэдняй школе.
Першай са сваім пытаннем звярнулася вартаўнік адукацыйнай установы. Жанчына скардзілася, што адміністрацыя няправільна наклала на яе спагнанне і настойвала, каб пакаранне было адменена.
— На жаль, вырашыць вашу праблему можна толькі праз судовае разбірацельства,— канстатаваа Ларыса Манюк. – Прафсаюз гатовы дапамагчы скласці іскавую заяву і адстойваць інтарэсы працаўніка перад Фемідай.
Хаця, па меркаванні прававога інспектара, шурпатасці даўно можна было вырашыць на мясцовым узроўні.
У другой жыхаркі паселішча да спецыялістаў прафесійнага саюза накапілася адразу некалькі пытанняў. У прыватнасці, яе цікавіла, як перааформіць чэкі “Маёмасць” і “Жыллё”, што ёй дасталіся ў спадчыну. Таксама яна прасіла пракансультаваць, як вырашыць маёмасныя спрэчкі з былым мужам. І хаця зварот не тычыўся працоўных узаемаадносін, але і гэтая жанчына атрымала вычарпальныя адказы. Як вынікала з іх, ёй таксама не абысціся без дапамогі юрыстаў і судовых пасяджэнняў.
Закончыўся прафсаюзны прыём прававой асветай, якую правяла ў калектыве Ларыса Манюк. Яна падрабязна расказала аб новаўвядзеннях у Працоўны кодэкс, накладанні дысцыплінарных спагнанняў, акцэнтавала ўвагу на важнасці калектыўна –дагаворных адносін, іншых аспектах, калі прафсаюз можа аказаць работніку дзейсную дапамогу.
—Няварта ігнараваць падтрымку прафсаюза, — зазначыла Ларыса Выасільеўны. – Дзякуючы ёй можна паспяхова адстойваць свае сацыяльныя і працоўныя інтарэсы.