Саперніцтва было зацятым

OLYMPUS DIGITAL CAMERAАдметнасць сёлетняга васемнаццатага Міжна-роднага турніра па гіравому спорту “Кубак Палесся” не толькі ў высокіх выніках, але і ў тым, што спаборніцтвы набылі новых сяброў. Да традыцыйных каманд-удзельніц з Беларусі, Расіі, Украіны далучыліся і юныя гіравікі з Латвіі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПаглядзець на змаганне юнакоў і дзяўчат у спартыўную залу СШ №3 райцэнтра прыйшло шмат гледачоў, якія шчыра падтрымлівалі ўдзельнікаў. Чаго толькі варты цёплы прыём гіравікоў з Латвіі, якія па прычыне дрэннага надвор’я крыху спазніліся на турнір. Менавіта завіруха была адзінай перашкодай, але і яна, нягледзячы на сваю моц, не змагла перашкодзіць святу сілы, вынослівасці і спорту, якое адбылося ў Жыткавічах.
Як і патрабуе міжнародны ўзровень, турнір адкрыўся ярка і відовішчна. Парад каманд- удзельніц, якія сёлета прыбылі на спаборніцтвы не менш чым з дзясятка гарадоў розных краін, уручэнне ім пышных караваяў. Не абышлося і без шматлікіх ганаровых гасцей, і вітанняў з пажаданнямі ад іх, якія выказалі спартсменам намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч і благачынны Тураўскай акругі пратаіерэй Генадзь Хаткевіч. Даспадобы прыйшліся і выступленні навучэнцаў трэцяй гарадской школы, якія падаравалі прысутным танцавальныя і песенныя нумары, а таксама юных спартсменаў-каратыстаў, гіравічак-жанглёраў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сапраўды, арганізатарам “Кубка Палесся” ёсць чым ганарыцца, бо за васямнаццаць гадоў існавання турніру ў ім прынялі ў агульнай колькасці больш паўтары тысячы спартсменаў. Тры з іх: Аляксандр Волк, Канстанцін Юзюк і Вячаслаў ільін сталі чэмпіёнамі свету па гіравому спорту. Свой жа шлях да гэтай вяршыні яны пачыналі менавіта з Жыткавіч.
І ў гэтым годзе “Кубак Палесся” парадаваў масавасцю ўдзельнікаў — амаль восемдзясят юных гіравікоў выйшлі на памост, каб паказаць сваё майстэрства.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Самае важнае на кожных спаборніцтвах тое, якія вынікі паказваюць спартсмены. Гіравікі на жыткавіцкай зямлі ў гэтым плане не расчаравалі. Часам да крывавых мазалёў, да непрытомнасці яны змагаліся з жалезнымі снарадамі. А гэта ўсяго нейкіх дваццаць хвілін, каб выканаць два практыкаванні: штуршок гіры і яе рывок. Але за такі, здавалася б, невялікі прамежак часу ўскідвалі над галавой снарад амаль па трыста разоў. Напрыклад, М. Кочараў з г. Жукаў паказаў агульны вынік 291,5 раза і па-праву ўзняўся на вышэйшую ступеньку п’едэстала. 212,5 раза — дасягненне П. Бодрага з Расіі. А Сяргей Дворскі, вага якога не дасягае і 50 кілаграмаў, набраў у выніку двухбор’я 241 ачко. Калі перавесці гэтыя лічбы ў тоны, то атрымаецца, што кожнаму спартсмену за час выступлення пакарылася вага ў дзве і болей тон. Таксама ў сваіх вагавых катэгорыях добрыя вынікі паказалі расіянін В. Бодрый, украінцы Іван Сярдзюк, Сяргей Жура, Павел Валатковіч з Мазыра.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сапраўднымі малайцамі былі і дзяўчаты. Хаця яны выступалі толькі ў адным практыкаванні, але паказалі годныя вынікі. Не кожны мужчына зможа падняць гіру больш ста разоў, як гэта зрабілі А. Валністая і А. Ефімава. Ды і 82 ачкі А. Кузняцовай таксама дасягненне важкае. Усе спецыялісты адзінадушна адзначалі высокую падрыхтаванасць атлетаў. Таму напал барацьбы быў даволі высокім. Разрыў паміж камандамі пераможцамі і прызёрамі па выніках спаборніцтва складаў усяго ў адно-два ачкі.
— Безумоўна, сапернічаць з такімі падрыхтаванымі атлетамі, якія сабраліся на “Кубак Палесся”, вельмі цікава, — адзначыў заслужаны трэнер Украіны Леанід Мацюк. — Наша каманда мае неблагія шанцы, каб заняць на ім прызавое месца. Што тычыцца самога турніра, то ён вельмі добра арганізаваны. Мы вельмі рады той увазе, якую нам аказалі на гасціннай жыткавіцкай зямлі. Мяркую, што і наступныя спаборніцтвы для юных гіравікоў на Палессі не абыдуцца без нашага ўдзелу, бо такіх турніраў маецца не так і многа ў бліжэйшай акрузе ні ў Беларусі, ні ва Украіне. Наша каманда прадстаўляе Ровенскую вобласць. Спаборніцтвы надаюць атлетам духу саперніцтва, дазваляюць праверыць у барацьбе сваю падрыхтаванасць.
Адзінае, што засмучала, як гледача, вельмі рэдка ўзмаганне за месца на п’едэстале сёлета ўмешваліся спартсмены з Жыткавіч. У дзяўчат можна адзначыць Аксану Ефімаву, а ў хлопцаў Аляксандра Васюхневіча, якія сталі срэбранымі прызёрамі. Практычна ўсюды дамінавалі гіравікі з Расіі і Украіны. Пасапернічаць на роўных з імі ўдалося толькі камандзе са Жлобіна, якая заняла трэцяе месца. Галоўны ж прыз турніру за ўсю яго гісторыю ў трэці раз пакінуў Жыткавічы. Намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч уручыў Кубак прадстаўнікам расійскай каманды з г. Жукава. Другімі сталі ўкраінцы.
Чарговы 18-й Міжнародны турнір па гіравому спорту завяршыўся гэтак жа ярка, як і пачаўся. Пад дружныя воплескі на п’едэстал уздымаліся атлеты за заслужанымі ва ўпартай барацьбе ўзнагародамі, якія ўручалі намеснік старшыні райвыканкама Валерый рагалевіч, начальнік аддзела па спорту фізічнай культуры і турызму Уладзімір саўчыц, дырэктар спартыўнай школы “Матор” Леанід Макарэвіч. І па-праву можна ганарыцца, што вялікае спартыўнае свята ў Жыткавічах удалося, чаму спрыяла, па словах Леаніда Рыгоравіча, аказаная падтрымка аргкамітэту кіраўніцтвам Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода, сярэдняй школы №3 райцэнтра, аддзелам па спорту, фізічнай культуры і турызму райвыканкама.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.