Акрыляюць перамены да лепшага
У апошні час усё больш адчувальныя абароты набірае ў сваёй рабоце працоўны калектыў адкрытага акцыянерага таварыства “Жыткавічлес”, аб чым сведчаць вынікі вытворчай дзейнасці лесанарыхтоўшчыкаў за студзень — жнівень 2009 года. У сярэднім за месяц тут вытворчасць палетных дошак, якія ідуць на экспарт і прыносяць нядрэнную грашовую выручку, складае 250 кубічных метраў. А за 8 месяцаў выпуск палетаў і балансаў у параўнанні са студзенем – жніўнем 2008 года склаў 119,2 працэнта ў натуральным выражэнні.
Калі за 8 месяцаў мінулага года балансаў бярозавых і тэхсыравіны было выпушчана 2 тысячы 369 кубічных метраў, то за адпаведны перыяд бягучага года — 3 тысячы 380 кубічных метраў. План па таварах народнага спажывання ў параўнанні з папярэднім годам склаў 120,9 працэнта. За жнівень заданне па вывазцы драўніны было выканана на 115 працэнтаў.
Жыткавіцкія лесанарыхтоўшчыкі працуюць зараз як у сваім, так і ў суседскіх Лельчыцкім, Любанскім і Петрыкаўскім раёнах, сярэдняя адлегласць вывазкі драўніны з дзялянак складае каля 70 кіламетраў. І нягледзячы на нясвоечасовыя разлікі прадпрыемстваў-партнёраў па канцэрну за пастаўленую прадукцыю, што пазбавіла магчымасці ў планавым аб’ёме закупляць лес на корані для яго далейшай нарыхтоўкі і перапрацоўкі, тым не менш рух наперад ёсць. Аб гэтым, у прыватнасці, красамоўна сведчыць той факт, што колькасць адгружаных спажыўцам за месяц вагонаў тут павялічваецца больш чым у паўтара раза.
Прыклады плённай працы дэманструюць вадзіцелі лесавозаў. Звыш 20 гадоў працуюць па адвозцы хлыстоў Мікалай Касцюк і Мікалай Шчука. Першы з іх план 8 месяцаў года выканаў на 129,5 працэнта, другі — на 115,4. А ў вадзіцеля лесавоза Юрыя Дудзіча гэты паказчык склаў 113,2 працэнта.
Добрасумленнасцю ў рабоце вызначаюцца таксама многія вальшчыкі, трактарысты на тралёўцы, распілоўцы, кранаўшчыкі.
С. АДАМАЎ.