Складанасці сяўбу не спыняць

У чарговы раз рухавік дырэктарскай “Нівы” запрацаваў на ўсю сваю магутнасць, вырываючы аўтамабіль з чарговай нізіны, якая перасякала палявую дарогу.


— Шмат вады на нашых палетках, — гаворыць кіраўнік КСУПа “Марохараўскі” Іван Алесіч, — таму не ўсюды яшчэ можна дабрацца на легкавой аўтамашыне, каб пракантраляваць працу механізатараў. Ім зараз таксама нялёгка.


У доказ сваіх слоў Іван Рыгоравіч спыняе свой легкавік перад чарговай лужынай, і да працуючага на ворыве трактара дабіраемся пешшу. Механізатар Сяргей Макарэвіч, убачыўшы кіраўніка сельгаспрадпрыемства, спыняе свой магутны “Беларус” і выходзіць з кабіны. Скарыстоўвае гэты момант, каб перакурыць. Размова завязваецца звычайная пра працу на палетку. У дырэктара першае пытанне, зразумела, адно: як ідзе па полі трактар, ці не грузне.


— У цэлым нармальна, толькі ў некаторых месцах прабуксоўвае, — адказвае Сяргей Аляксандравіч.


Потым механізатар і дырэктар ідуць да свежаправедзенай баразны, глядзяць яе глыбіню.


— Можа яшчэ паглыбіцца? — пытае дырэктар.


— Давайце паспрабуем, — і механізатар бярэцца рэгуляваць плуг на большую глыбіню.


Гэтую справу робіць хутка і спрактыкавана. Адчуваецца вопыт. Усё ж 25 гадоў Сяргей Аляксандравіч працуе механізатарам. У тым годзе кіраўніцтва даверыла яму новы энерганасычаны МТЗ, і цяпер асноўны яго клопат — ворыва, бо толькі такая магутная машына ў гэтыя дні можа пакуль працаваць на гэтым участку работы на мясцовых грамадскіх палетках.


Зрабіўшы рэгуліроўку плуга, механізатар сеў у кабіну, і трактар натужна пайшоў па палетку.


— Справіцца, — вынес свой вердыкт кіраўнік. — Як ні цяжка, але пра якасць работ трэба таксама дбаць, бо ад гэтага і будучы наш ураджай.


Яшчэ хвілін некалькі паназіраўшы за працай Макарэвіча, кіраўнік кіруецца да свайго аўтамабіля. Яму патрэбна і на іншыя ўчасткі работ паспець. Усё ж, хаця на палях і лужыны стаяць, велічынёй з азёры, у адным месцы нават лебедзі плавалі, палявыя работы ў гаспадарцы вядуцца самыя розныя. Працуюць там, дзе гэта магчыма. Вось праязджаем палетак засеяны яравым трыцікале. “Тут месца больш высокае, і падсохла хутка, таму і не сталі марудзіць з сяўбой, — тлумачыць Іван Рыгоравіч. – Усяго пасеялі бягучай вясной больш ста гектараў, але гэта толькі пачатак”. Гэта так, бо план сяўбы сёлета ў КСУПе “Марохараўскі” складае 1830 гектараў. Далей зноў поле, дзе вядзецца ворыва. На жаль, да яго і падысці было немагчыма, вакол раскінулася балота. Таму трактар там працаваў на спараных колах. Вядуцца зараз у сельгаспрадпрыемстве на палетках іншыя работы: перадпасяўная падрыхтоўка глебы, унясенне мінеральных угнаенняў, падкормка мінеральнымі вадкімі ўгнаеннямі азімых культур. Пра іх клопат асаблівы, і кіраўніка вельмі непакоіць стан пасеваў. Асабліва азімага рапсу. “Напэўна, прыйдзецца перасяваць, падмарозіла яго, — разважае кіраўнік, — але нічога не зробіш, зямлю не пакінеш не засеянай”.


Палявыя работы ў гаспадарцы вядуцца ўвесь светлавы дзень. Толькі ў восем гадзін вечара вяртаецца тэхніка з палеткаў на машынны двор. Працуюць мясцовыя земляробы па дванаццаць гадзін у суткі. А іначай нельга, бо тэрміны падціскаюць. Вясна выдалася запозненай і патрэбна наганяць страчаны па віне прыроды час. Але хочацца спадзявацца, што такія высілкі ў гэтыя дні на палетках будуць аддзячаны працаўнікам добрым ураджаем.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.