Запрашае новае аддзяленне сувязі

Жыткавіцкія паштавікі вырашылі аспрэчыць прынятую многімі думку-прымху аб тым, што лічба 13 з’яўляецца нешчаслівай – менавіта ў гэты дзень мая ў вёсцы Ленін было адкрыта новае аддзяленне сувязі. Размясцілася яно ў адміністрацыйным будынку былога саўгаса “Ленінскі”. І да гонару работнікаў Жыткавіцкага раённага вузла паштовай сувязі, якія правялі тут рамонтныя работы ўласнымі сіламі, гаспадарчым спосабам, за кошт уласных сродкаў – прыбытку – варта зазначыць, што ёсць куды зайсці людзям, ёсць дзе атрымасць якасныя паштовыя паслугі.


Адчыняеш дзверы новага аддзялення і трапляеш ва ўтульную, светлую залу для кліентаў. На сценах змешчана ўся неабходная інфармацыя. Далей ідуць службовы пакой для паштальёнаў і рабочы склад для неабходных тавараў, прынадлежнасцяў. Акрама загадчыцы аддзялення тут працуюць аператар і тры паштальёны, абслугоўваюць жыхароў вёсак Ленін, Буды, Сукачы, Нова-Ленін, Малыя Сцяблевічы, Ельна.


У прысутнасці работнікаў мясцовага Ленінскага савета ды першых кліентаў новае аддзяленне сувязі ўрачыста адкрыў начальнік РВПС Ягор Шабаеў. І разам з тым выканаў яшчэ адну прыемную місію – уручыў Ганаровую грамату Гомельскага філіяла рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Белпошта” загадчыцы мясцовага аддзялення сувязі Людміле Стральчэня. За поспехі ў працы, асабісты ўклад у развіццё паштовай сувязі і ў сувязі са святам Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.


— Аддзяленне, якім не першы год кіруе Людміла Канстанцінаўна, адно з лепшых ў нашай сістэме, — гаворыць Ягор Шабаеў. – Так, за першы квартал 2010 года ў параўнанні са студзенем-красавіком 2009 года выручка з улікам тавараабарота склала 104,1 працэнта, тавараабарот 114,2, даходы ад паслуг насельніцтва 114,9, а даходы асноўнай дзейнасці 104,2 працэнта. Для паўнаты інфармацыі застаецца дабавіць, што аддзяленне паштовай сувязі ў вёсцы Ленін працавала і раней. Толькі ў другім памяшканні, якое прышло ў аварыйны стан. Адсюль і новыя святочныя ўлазіны. Застаецца толькі давесці да ладу ганак. У цэлым жа на рамонт новага аддзялення было зрасходавана звыш 9 мільёнаў уласных сродкаў прадпрыемства.


— Вы ведаеце, нам прыемна працаваць пад адным дахам з такімі новымі суседзямі-перадавікамі, — не хавалі сваіх эмоцый у дзень адкрыцця аддзялення адказныя работнікі мясцовага Савета. – З калектывам, які які занесены як на раённую Дошку гонару, так і на абласную.


Так што ў добры шлях, новае аддзяленне сувязі!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.