Есць магчымасць прыбавіць

Надзвычай прыгожым і ўрачыстым атрымалася свята “Зажынкі”, якое днямі ладзілі ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Тураўшчына”. Стройная калона магутнай тэхнікі на пшанічным палетку, шмат слоў віншаванняў і пажаданняў (іх удзельнікам жніва выказалі кіраўнік Аграпрамбанка С. Румас, старшыня Жыткавіцкага райвыканкама М. Какора, дырэктар таварыства У. Радавец і іншыя), звонкія песні самадзейных артыстаў, уручэнні першых выжатых снапоў гасцям, асвячэнне тэхнікі — усе гэтыя дзеі гарманічна дапаўнялі адна другую, надавалі святу эмацыянальнасці і ўрачыстасці і адвечнай традыцыйнасці.


А далей пачалася праца. Адзін за другім у густую сцяну пшаніцы ўразаліся жаткі камбайнаў. Пасля якіх адразу ўключыліся ў работу трактары з прэсамі, глебаапрацоўчымі і пасяўнымі агрэгатамі. Дачакаліся ўдзельнікі зажынак і таго моманту, калі першы важкі струмень залацістага зерня з бункера камбайна пругка ўдарыў у кузаў самазвала. Ен засведчыў, што мясцовыя хлебаробы вырасцілі добры ўраджай.


Галоўнаму аграному Мікалаю П’яўка прыемна было паказваць, у якім стане знаходзяцца пасевы сельскагаспадарчых культур адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Як адзначыў спецыяліст, ураджай на іх сёлета расце нядрэнны.


— Прайшоўшае свята засведчыла, што ўборка пачынаецца, — зазначае Мікалай Мікалаевіч. — Па папярэдніх падліках біялагічнай ураджайнасці не менш пяцідзесяці цэнтнераў з гектара зерня атрымаем. Гэта той паказчык, якога мы павінны сёлета дабіцца абавязкова, каб мець валавы збор збажыны пятнаццаць тысяч тон.


Зерневы клін у таварыстве ў гэтым годзе немаленькі — тры з паловай тысяч гектараў займае. Па словах агранома, папрацавалі на ім як ніколі: засявалі толькі насеннем самых высокіх рэпрадукцый, прычым гатункамі як айчыннай, так і замежнай селекцыі, своечасова праведзены і доглядныя мерапрыемствы, некаторыя плошчы азімых, што моцна пацярпелі ад зімы перасеялі яравымі. Строгае захоўванне тэхналагічных параметраў станоўча адбілася на стане зерневых палеткаў. На іх, нягледзячы на цяжкі колас, практычна няма палегліцы, а значыць і страты зерня будуць зменшаны, і абмалот будзе весціся больш аператыўна.


Цяпер перад працаўнікамі сельгаспрадпрыемства стаіць не менш важная задача — убраць без страт вырашчаны ўраджай. Да гэтага таксама ў гаспадарцы падрыхтаваліся вельмі грунтоўна. Найперш гэта тычыцца тэхнічнага боку. Усе 19 збожжаўборачных камбайнаў працуюць на палетках . Дарэчы, адзін з іх замежнай вытворчасці. “Нью Холанд” набыло таварыства ў гэтым годзе, і, па меркаванню мясцовых спецыялістаў, дазволіць весці ўборку збажыны намнога хутчэй і якасней. Адна толькі шырыня жаткі новага камбайна, яна складае больш дзевяці метраў, сведчыць аб яго высокай прадукцыйнасці. Дастаткова ў гаспадарцы і аўтамашын для перавозкі збажыны. Набыццё ж мабільнага сушыльнага комплексу — справа бліжэйшага часу, дасць магчымасць пазбегнуць цяжкасцей пры дапрацоўцы зерня. Пакуль гэты ўчастак з’яўляецца адным з самых вузкіх месцаў збожжаўборачнага канвеера гаспадаркі на цяперашні час, бо ў большасці сушыльнае абсталяванне даволі старое і малапрадукцыйнае.


Мясцовыя працаўнікі не сядзяць без справы і на кармавых угоддзях. Зараз асноўны іх клопат — гэта нарыхтоўка кармоў на зімоўку грамадскаму статку. З траў першага ўкосу зроблены запас сена і сенажу. Прычым больш чым леташні. Напрыклад, па сену паказчык перавыкананы амаль у паўтара разы. Корманарыхтоўка ў гаспадарцы працягваецца. Зараз ідзе ўборка траў у пойме Прыпяці. І падчас гэтай кампаніі вызначальная роля ў яе правядзенні належыць добрай тэхнічнай аснашчанасці тураўскіх корманарыхтоўшчыкаў і стараннасці людзей. Мікалай Мікалаевіч упэўнены, што статак зімой без ежы не застанецца. У доказ гэтага ён паказвае на палеткі з кукурузай, з якой мяркуецца атрымаць не толькі паўсотні тысяч тон якаснага сіласу, але і зерне на корм жывёле.


Цяперашні год для адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” з’яўляецца пачатковым на шляху да павелічэння аддачы палёў і ферм. Канешне ж, заўсёды працуецца лепей, калі пачатак аказваецца ўдалым. І, як паказалі першыя намалоты, ён такі.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.