У нагу з часам

 Стараюцца працаваць работнікі раённага вузла паштовай сувязі. Наколькі паспяхова гэта атрымліваецца яскрава сведчаць знакі пашаны, што знаходзяцца ў кабінеце кіраўніка РУПСа Ягора Шабаева. У так званым чырвоным кутку стаіць пераходны сцяг працоўнай славы за перамогу ў раённым працоўным саперніцтве. Да сцяны прымацаваны дыпломы, якія сведчаць, што назва ўстановы занесена на раённую і абласную Дошкі гонару. І гэта заслугі аднаго толькі года.


Шмат працоўных здабыткаў накоплена жыткавіцкімі паштавікамі і сёлета. Найперш патрэбна адзначыць іх працу па абнаўленню сваіх аддзяленняў у аграгарадках. У гэтым годзе над паляпшэннем стану сваіх аб’ектаў паштавікі папрацавалі ў трох населеных пунктах. У вёсцы Ленін пошту капітальна адрамантавалі яшчэ летам, на чарзе заканчэнне рамонтных работ у Бялёве і Дзякавічах. Аснашчаюцца яны і сучасным абсталяваннем, і новай мэбляй. Надаць належны эстэтычны выгляд сваім аддзяленням з’яўляецца адным з крокаў, каб прывабіць кліентаў. На жаль, канстатуюць супрацоўнікі РУПСа, у век інфармацыйных тэхналогій дасылаць адзін другому лісты, пасылкі, паштоўкі людзі сталі менш. Гэтая тэндэнцыя паўсюдна назіраецца, таму паштавікі знаходзяцца ў пастаянным пошуку новага, каб пашырыць пералік паслуг насельніцтву. Цяпер ужо нікога не здзівіш тым, што ў паштовыя машыны разам з карэспандэнцыяй загружаюцца і тавары паўсядзённага попыту. У аддзяленнях цэлыя аддзелы для гандлю імі маюцца. Ва ўсіх паштовых аддзяленнях аграгарадкоў адкрыты пункты, дзе жадаючыя могуць бесперашкодна скарыстацца інтэрнэтам. З новых паслуг, якія пачалі аказваць у шэрагу паштовых аддзяленняў раёна , выплата заработнай платы вяскоўцам па пластыкавых картках. І гэты напрамак паштавікі плануюць развіваць. Плануецца ўстаноўка інфакіёскаў, праз якія кліенты змогуць аплочваць па картцы і за камунальныя паслугі, і тэлефонную сувязь, і нават перыядычныя выданні выпісваць. Вопыт у гэтай справе ўжо пэўны маецца, каб у далейшым пашыраць сетку сваіх інфакіёскаў.


Увогуле сёння работнік пошты гэта спецыяліст-універсал. Ен і страхаўшчык, і банкаўскі работнік, і гандляр, і распаўсюджвальнік латарэйных білетаў. Канечне, гэта не ад добрага жыцця, канкурэнцыя сказваецца. Разам з тым асноўная ўвага яго скіравана на выкананне сваіх традыцыйных абавязкаў: дастаўка карэспандэнцыі і перыядычных выданняў. Як зазначаюць на раённым вузле паштовай сувязі, у гэтай дзейнасці пошты таксама маюцца добрыя здабыткі. Узяць хаця б такі прыклад, што нягледзячы на значнае скарачэнне насельніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці, колькасць перыядычных выданняў, якія дастаўляе пошта насельніцтву за апошнія гады не скарачаецца.


Несумненна за ўсімі гэтымі справамі стаіць праца калектыва. На цяперашні час у жыткавіцкім РУПСе працуе 230 чалавек, з якіх 112 паштальёнаў. Менавіта яны абслугоўваюць жыхароў раёна на 110 даставачных участках, з якіх 88 знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Менавіта гэтыя людзі і стараюцца зрабіць паслугі пошты яшчэ даступнейшымі нам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.