Для ўдзячнай памяці нашчадкаў

477У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1941 года Жыткавічы былі акупіраваны гітлераўскімі захопнікамі. За час акупацыі фашысты загубілі каля 8,1 тысячы жыхароў горада і раёна. Акупантам аказвала актыўнае супраціўленне мясцовае патрыятычнае падполле.
6 ліпеня 1944 года горад Жыткавічы вызвалілі войскі Першага Беларускага фронту. У Жыткавічах ёсць брацкія могілкі савецкіх воінаў і партызан. Гэта самае святое месца! Клапаціцца пра яго — наш пачэсны абавязак.
Літаральна ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ў Гомелі быў створаны полк народнага апалчэння, байцы якога разам з воінамі Чырвонай Арміі да 19 жніўня 1941 года актыўна стрымлівалі рух фашыстаў і нанеслі ім вялікія страты. Аднак 19 жніўня захопнікі ўварваліся ў горад. Трэба сказаць, што супраць гітлераўцаў змагаліся члены патрыятычнага і камсамольска-маладзёжнага падполля.
Фашысты за час акупацыі стварылі ў Гомелі 5 лагераў смерці, турмы, 4 гета, загубілі больш за 100 тысяч чалавек.
26 лістапада 1943 года горад Гомель быў вызвалены войскамі Беларускага фронту пры падтрымцы партызан і падпольшчыкаў. Гэта быў першы абласны цэнтр Беларусі, вызвалены ад захопнікаў.
Насельніцтва ў горадзе за час акупацыі паменшылася ў 9 разоў. На 80% быў знішчаны жыллёвы фонд. Нанесеныя страты склалі больш за 3 млрд. рублёў у цэнах 1941 года.
У Гомель пасля вызвалення пераехалі ЦК КП(б)Б і СНК БССР. Да канца 1944 года былі адноўлены 25 прадпрыемстваў, настаўніцкі і лесатэхнічны інстытуты.
Ужо ў самым пачатку вайны ў раёне сталіцы нашай Бацькаўшчыны — Мінска — таксама праходзілі надзвычай жорсткія баі войск Чырвонай Арміі супраць гітлераўскіх акупантаў. А ў выніку масіраваных налётаў на горад у Мінску ў першыя дні вайны было знішчана больш за 20% забудоў, загінула шмат жыхароў.
28 чэрвеня 1941 года Мінск акупіравалі фашысты, прычым горад стаў цэнтрам Генеральнага камісарыята Беларусі — вышэйшага органа гітлераўскага кіравання, часткай акупіраванай тэрыторыі Беларусі. У Мінску і наваколлі фашысты ўстанавілі жорсткі акупацыйны рэжым: яны стварылі 9 лагераў смерці, якія мелі аддзяленні: Масюкоўшчынскі, Трасцянецкі лагеры смерці, а таксама яўрэйскае гета.
Жыхары сталіцы з першых дзён акупацыі аказвалі супраціўленне немцам. Актыўна дзейнічалі патрыятычнае падполле, Мінскія падпольныя гаркомы КП(б)Б і ЛКСМБ, гарадскія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У падпольных друкарнях аператыўна былі выдадзены лісток “Вестник Родины”, газеты “Патриот Родины”, чатыры нумары газеты “Звязда”.
За час акупацыі гітлераўцы знішчылі ў Мінску і яго ваколіцах больш за 400 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 70 тыс. мінчан. Адзін з самых прыгожых гарадоў свету быў пераўтвораны ў руіны, разрабаваны бібліятэкі і музеі. Агульныя страты, нанесеныя гаспадарцы Мінска, склалі ў цэнах 1941 года шэсць мільярдаў рублёў.
Мінск вызвалілі войскі 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх франтоў ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў выніку Мінскай аперацыі. У Мінскім “катле” было знішчана больш за 70 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў. На час вызвалення Мінска ў ім заставалася 80-90 тыс. чалавек. За гераізм, паказаны ў час Айчыннай вайны, мінскім падпольшчыкам У.С. Амельянюку, І.К. Кабушкіну, І.П. Казінцу, М.А. Кедышку, Я.У. Клумаву, А.Р. Мазанік, М.Б. Осіпавай, Н.В. Траян было прысвоена пачэснае званне Героя Савецкага Саюза.
Кожны раз, калі ў Мінску я наведваю Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, я адчуваю незвычайнае хваляванне. Адчуваю боль у сэрцы і адначасова гонар за тое, што наша гераічная зямля выстаяла, не скарылася ворагу. Музей мае багацейшую калекцыю экспанатаў пра гісторыю партызанскага руху і баявыя дзеянні Савецкай Арміі на тэрыторыі Беларусі.
Многія госці сталіцы сёння наведваюць манумент Перамогі, архітэктурна-скульптурны комплекс “Мінск — горад-герой” (быў адкрыты 8 мая 1985 года ў гонар 40-годдзя Перамогі), мемарыяльную капліцу-помнік “Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі”, помнік “Беларусь партызанская”. Трэба нагадаць, што манумент Перамогі вышынёй 38 метраў, увенчаны ордэнам Перамогі, быў адкрыты ў 1954 годзе. А на 21-м кіламетры шашы Мінск-Масква знаходзіцца Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, які быў адкрыты ў 1969 годзе.
За 54 км ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск-Віцебск знаходзіцца мемарыяльны комплекс Хатынь, створаны ў памяць аб 149 жыхарах аднайменнай вёскі, якая была спалена гітлераўцамі 22 сакавіка 1943 года разам з жыхарамі.
На вайсковых могілках у сталіцы сёння знаходзяцца 42 брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан. У парку імя чалюскінцаў, на бульвары Талбухіна, на 9-м км Маскоўскай шашы, на месцы былых Масюкоўшчынскага і Трасцянецкага лагераў смерці — магілы шматлікіх ахвяр фашызму.
На вялікі жаль, непасрэдных удзельнікаў ваенных паходаў з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. Нават тых, хто нарадзіўся ў цяжкія гады Вялікай Айчыннай, таксама адыходзяць ад нас. Пайшлі ад нас і многія жанчыны-ўдовы, якія не дачакаліся з фронту сваіх мужоў. І вельмі дрэнна, калі часам даводзіцца назіраць, як запрошаныя на сустрэчу ў школу ветэраны разгублена пазіраюць вакол сябе, бачаць не толькі смяшлівыя твары вучняў, але і абыякавыя позіркі настаўнікаў. Ці патрэбны такія сустрэчы для галачкі? І, наадварот, вечарыны памяці, якія ладзяцца шчыра і ад сэрца, будуць пасеяны надзейным зярняткам у маладыя душы і абавязкова прарастуць удзячнай памяццю будучых пакаленняў.
К. КАРНЯЛЮК,
педагог.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.