Прайшоў чарговы этап сёлетняй раённай спартакіяды калектываў фізічнай культуры ў Жыткавічах

шахматыПрайшоў чарговы этап сёлетняй раённай спартакіяды калектываў фізічнай культуры. Пад час яго аматары спорту і здаровага ладу жыцця з арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў Жыткаўшчыны выяўлялі мацнейшых па шахматах.
Пляцоўкай для змагання па старажытнай інтэлектуальнай гульні быў абраны гарадскі Цэнтр культуры. Арганізатары і гаспадары добра-такі пастараліся, каб стварыць для ўдзельнікаў і гледачоў цудоўныя ўмовы і святочную атмасферу. І гэта ўдалося, што таксама паўплывала на вастрыню саперніцтва. Не падвялі і шахматысты, якія пастаянна імкнуліся падтрымліваць востры напал барацьбы на дошках, распрацоўваючы мудрагелістыя камбінацыі і стратэгіі, каб здабыць перамогу. Зрабіць было гэта няпроста. Найперш, па прычыне абмежавання ў часе, на адну партыю адводзілася толькі пятнаццаць хвілін.
Пасля таго, як суддзі падрабязна нагадалі пра правілы гульні, адбылося чаргаванне каманд. Сёлета ў шахматным турніры іх прыняло ўдзел восем. Яны прадстаўлялі працоўныя калектывы Жыткавіцкай дзіцяча- юнацкай спартыўнай школы, райвыканкама, спажывецкага таварыства, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, хлебнай базы, ААТ “Тураўшчына”, маторабудаўнічага завода і райгаза. Яны былі падзелены на дзве групы. Пасля праведзеных па кругавой сістэме партый у кожнай групе вызначыліся па два пераможцы, якія і склалі паўфінальныя пары: каманда хлебнай базы згуляла з камандай райвыканкама, а шахматысты са спартыўнай школы з прадстаўнікамі раённага спажывецкага таварыства. Менавіта гэтая чацвёрка і разыграла паміж сабой прызавыя месцы. У паўфіналах з лікам 2:1 і 2,5:0,5 сваіх сапернікаў адпаведна перамаглі шахматысты з райвыканкама і Жыткавіцкай ДЮСШ, якія і аспрэчылі першае месца ў галоўным паядынку паміж сабой. Прайграўшыя паўфіналісты разыгралі трэцяе-чацвёртае месцы.
Скажам некалькі слоў пра фіналістаў. І каманда райвыканкама, і каманда спартыўнай школы даволі ўпэўнена прайшлі ўсю турнірную дыстанцыю, паказаўшы добрую гульню. І ў фінальных партыях гэтыя сапернікі змагаліся за дошкамі да апошняга. Але, як кажуць, перамаглі мацнейшыя. На сёлетнім турніры ў гэтай ролі аказаліся шахматысты Жыткавіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. І хаця па ўзросту Уладзіслаў Грыб і Ніка Бандзюк на гэтых спаборніцтвах былі самымі маладымі, але вядомыя сваім трэнерам Юрыем Довалем ніколькі не саступілі ў майстэрстве дарослым. Аб чым і засведчыў лік фінальных партый, у якіх шахматысты з ДЮСШ узялі два з паловай ачкі з трох магчымых. Каманда райвыканкама закончыла спаборніцтвы на другім месцы, а шахматысты са спажывецкага таварыства — на трэцім.
Класіфікацыя каманд у залік спартакіяды: 1. ДЮСШ – 20 ачкоў; 2. Райвыканкам – 18; 3. РайПО – 16; 4. Хлебная база – 14; 5. «Газавік» — 13; 6. ЖМЗ – 12; 7. ПМС – 11; 8. «Тураўшчына» — 10.
Канечне, што ніхто з удзельнікаў шахматнага турніру не расчараваўся. Спартакіяда калектываў фізічнай культуры толькі стартавала, і наперадзе ў аматараў спорту яшчэ шмат розных спаборніцтваў, дзе можна сябе праявіць. Шахматнае саперніцтва яскрава паказала, што байцоўскі запал у каманд даволі высокі і яго хопіць на ўсю дыстанцыю.
На здымках: ідзе змаганне за шахматнымі дошкамі.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.