Вынікі развіцця Жыткаўшчыны разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіц-ця Жыткаўшчыны за мінулы год разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама. Правёў яго выконваючы абавязкі кіраўніка рэгіёна, першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай П’яўко.

Аналіз леташняй дзейнасці рэальнага сектара эканомікі, які дэталёва зрабіў намеснік кіраўніка рэгіёна Дзмітрый Лабко, засведчыў, што ў цэлым удалося выканаць большасць паказчыкаў і заданняў. Так, за справаздачны перыяд не ўдалося дасягнуць толькі трох з адзінаццаці. У прыватнасці, гэта тычыцца прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, таваразвароту рознічнага і грамадскага харчавання. У той жа час адзначаецца істотнае перавышэнне значэнняў па такіх пазіцыях, як экспарт тавараў і паслуг без уліку рэспубліканскіх арганізацый, валавай вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі. Таксама справіліся і з паказчыкам па працаўладкаванні грамадзян на створаныя рабочыя месцы на новых прадпрыемствах. Добры вынік атрымалі і па ўвядзенні ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў і па зніжэнні ўзроўню затрат падведамаснымі арганізацыямі.  Дзякуючы вышэйпералічаным поспехам наш раён у вобласці знаходзіцца ў групе лідараў.

Прамысловасць. За мінулы год прадпрыемствамі выраблена прадукцыі на 234,2 мільёна рублёў. Індэкс прамысловай вытворчасці забяспечаны на ўзроўні 123,3 працэнта пры сярэднім абласным паказчыку 100,8 працэнтных пункта (другое месца на Гомельшчыне). Дзякуючы высокім тэмпам росту, якія штогод забяспечваліся галіной за апошнюю пяцігодку, павелічэнне аб’ёмаў выпуску прамысловых тавараў пралічваецца ў два разы.

Знешнеэканамічная дзейнасць. Па выніках студзеня-лістапада 2019 года з вялікім запасам справіліся з паказчыкамі эфектыўнасці як па экспарту тавараў, так  і работ, і паслуг. У першым выпадку заданне аблвыканкама ў 115 працэнтаў фактычна выканана на 137,5, па другой пазіцыі адпаведна 109  і 124,7 працэнта. Без уліку рэспубліканскіх арганізацый экспартавана тавараў на 71,1  мільёна долараў ЗША, што на 11,6 мільёна больш прагнознага значэння. Сальда знешняга гандлю за адзінаццаць мінулагодніх месяцаў атрымалася станоўчым і склала 64 мільёны долараў ЗША. Летась прадпрыемствы і арганізацыі рэгіёна ажыццяўлялі экспартна-імпартныя аперацыі з 42 краінамі свету, тавары пастаўлялі ў 31.

Экспарт паслуг без рэспубліканскіх арганізацый за адзінаццаць месяцаў мінулага года склаў 544,1 тысячу долараў ЗША, перавышэнне прагнознага значэння выйшла на 68,3 тысячы долараў ЗША. У структуры экспарту паслуг асноўная іх доля прыходзіцца на транспартныя.

Інвестыцыі. Па выніках работы за мінулы год аб’ём інвестыцый у асноўны капітал у цэлым па раёну склаў 79,9 мільёна рублёў, або ў супаставімых цэнах да адпаведнага перыяду папярэдняга года 89,3 працэнта. У тэхналагічнай структуры інвестыцый у асноўны капітал па рэгіёну большая доля прыходзіцца на будаўніча-мантажныя работы, набыццё абсталявання, транспартных сродкаў і машын. Зніжэнне згаданага паказчыка ў 2019 годзе ў цэлым па раёну і ў прыватнасці па рэспубліканскіх арганізацыях абумоўлена завяршэннем будаўніцтва маста праз Прыпяць і інвестыцыйным праектам на Тураўскім малочным камбінаце. Па арганізацыях без ведамаснай падпарадкаванасці рост капіталаўкладанняў вырас у 2,2 раза за кошт пачатага ўзвядзення ў канцы года малочнатаварнага комплексу ў ААТ “Дзякавічы”. Яго працяг, а плануецца асвоіць больш за сорак мільёнаў рублёў, станоўча адаб’ецца на аб’ёмах інвестыцый сёлета.

У мінулым годзе прыцягнута замежных інвестыцый на чыстай аснове 375,6 тысячы долараў ЗША. Гэта ўсяго 37,6 працэнта даведзенага задання. Грошы асвоены прадпрыемствамі малога бізнесу. Неабходна адзначыць, што ў рэгіёне пастаянна вядзецца праца па пошуку інвестараў праз інтэрнэт-рэсурсы, удзел у эканамічных форумах і выставах, што станоўча ўплывае на велічыню прыцягнення замежных інвестыцый. Летась у параўнанні з папярэднім годам іх аб’ём вырас у тры разы.

Занятасць. Прыцягненне інвестыцый і стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей з’яўляецца трывалай асновай забеспячэння эфектыўнай занятасці насельніцтва рэгіёна, што адыгрывае важную ролю ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Па выніках мінулага года на Жыткаўшчыне забяспечана выкананне паказчыка па колькасці працаўладкаваных грамадзян на створаныя рабочыя месцы на новых прадпрыемствах. Фактычна такіх атрымалася 105 пры заданні 102. Чакалася адкрыццё 133 рабочых месцаў, з якіх 28 на новых вытворчасцях. Летась  пачалі дзейнасць 11 арганізацый.

Гандаль. Па стану на першае студзеня бягучага года гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўлялі 325 прадпрыемстваў на плошчы 22,8 тысячы метраў квадратных. Летась адкрыліся 27 новых аб’ектаў і пяць інтэрнэт магазінаў. Значна пашырылася іх сетка ў сельскай мясцовасці. Рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі склаў 111,6 мільёны рублёў пры тэмпе росту 101,3 працэнта. Па ім Жыткаўшчына займае дзявятую пазіцыю ў вобласці, а па тавараабароту ў разліку на аднаго жыхара – восьмую. Найбольшае падзенне тэмпаў гандлю захоўваецца па сістэме спажывецкай кааперацыі, гэты паказчык складае 78,5 працэнта. У той жа час прадстаўнікі буйных гандлёвых сетак паказваюць даволі  нядрэнныя дасягненні. Як і раней у цэлым па раёну адзначаецца павелічэнне рэалізацыі нехарчовых тавараў (114,1 працэнта), што сведчыць аб якасці структуры рознічнага гандлю. А вось тэмп росту продажу харчовых тавараў атрыманы ў памеры 96,9 працэнта. За апошнюю пяцігодку рост рознічнага тавараабароту ў гандлі чакаецца на ўзроўні 103,5 працэнта.

Аб’ём рознічнага тавараабароту ў сістэме грамадскага харчавання за мінулы год склаў 3,7 мільёна рублёў або 76,7 працэнта пры заданні 100,4. Істотны ўплыў на зніжэнне паказчыка аказвае перадача арганізацыі харчавання школьнікаў аддзелу адукацыі. Разам з тым, нягледзячы на памяньшэнне паказчыка па тавараабароту грамадскага харчавання, нельга не адзначыць станоўчай дынамікі, якую сістэма дэманстравала на працягу года.

Фінансы. Выручка ад рэалізацыі перавысіла 329 мільёнаў рублёў і павялічылася ў параўнанні з 2018 на 25,1 працэнты. Прыбытак атрыманы ў памеры 21 мільёна рублёў, а рэнтабельнасць склалася на ўзроўні 6,4 працэнты і вырасла на 0,4 пункта. Тым не меней, узроўню папярэдняга года дасягнуць не ўдалося.

Выручка на аднаго работніка ў рэальным сектары эканомікі атрымана ў памеры 71,2 тысячы рублёў і вырасла на 27,4 працэнта. Яе зніжэнне дапусцілі ў васьмі арганізацыях. Таксама ў чатырнаццаці калектывах назіраецца аперажальны рост заробкаў над тэмпамі выручкі на аднаго працаўніка. 24 арганізацыі спрацавалі з чыстым прыбыткам, адна – з нулявым фінансавым вынікам, тры – са стратамі. У справаздачным перыядзе мела месца станоўчая дынаміка па скарачэнні колькасці стратных прадпрыемстваў так і сумы страт.

Планы. У бягучым годзе тэмп росту прамысловай вытворчасці чакаецца ў 105,4 працэнта. Сёлета будзе працягвацца работа па мадэрнізацыі дзеючых прадпрыемстваў. У прыватнасці, гэта тычыцца Тураўскага малочнага камбіната і Жыткавіцкага торфабрыкетнага завода, шэрагу іншых. У 2020 годзе мяркуецца прыватнымі прадпрыемствамі і камунальнай формы ўласнасці экспартаваць тавараў на 83,3 мільёна долараў ЗША, што больш на 5,5 працэнта пры станоўчым сальда у памеры 75,8 мільёна долараў. З улікам цяперашніх напрацовак пралічваецца, што экспартных паслуг будзе аказана на 597 тысяч долараў ЗША. У планах і павелічэнне прамых замежных інвестыцый, рост рознічнага тавараабароту, адкрыццё новых вытворчасцей і стварэнне там рабочых месцаў. Вынікам выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця стане павышэнне эфектыўнасці фінансава-гаспадарчай дзейнасці арганізацый.  Сёлета яны плануюць атрымаць выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг на 470,1 мільёна рублёў, што на 67 мільёнаў болей, чым было ў папярэднім годзе. Рэнтабельнасць прадаж пралічана на 7,4 працэнта. Выкананне намечаных паказчыкаў будзе спрыяць стабільнай рабоце калектываў і росту дабрабыту працаўнікоў. Так, рост заробкаў запланавана давесці да 848 рублёў і павялічыць іх на 8 працэнтаў да ўзроўню прайшоўшага года.

Будаўніцтва. Як спрацавала летась гэтая галіна і якія задачы стаяць перад спецыялістамі ў годзе бягучым, расказаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Савіч. Адзначана, што у раёне выканана будаўніча-мантажных работ на  47,6 мільёна рублёў з тэмпам росту 89,7 працэнта. За студзень-снежань будаўнікамі атрыманы чысты прыбытак у памеры 466 тысяч рублёў. У рэгіёне ўведзена ў эксплуатацыю 11838 метраў квадратных жылля, 102,7 працэнта да даведзенага задання. У ліку задач, якія стваяць перад будаўнікамі на бягучы год: забяспечыць выкананне задання па ўводу жылля (19630 метраў квадратных, 170,4 працэнта да ўзроўню 2019 года), асвоіць выдзеленыя ліміты фінансавання, павялічыць будаўніча-мантажныя, а таксама падрадныя работы ў супаставімых цэнах. Актуальным застаецца і пытанне забеспячэння арганізацыямі своечасовага ўводу аб’ектаў у эксплуатацыю і выплаты заробкаў, а таксама стварэння бяспечных умоў працы і выканання правілаў яе аховы на вытворчасці.

Сельская гаспадарка. Аб тым, з якімі здабыткамі завяршылі мінулы год аграрыі, далажыла намеснік начальніка райсельгасхарчу Іна Буднік. Сельскагаспадарчай прадукцыі было выраблена ў грамадскім сектары на 76,5 мільёна рублёў ці 114,4 працэнта да 2018 пры заданні 109,2 працэнта. Рост у жывёлагадоўлі забяспечаны на 9,2 працэнтных пункты, у раслінаводстве – на 120,4. Вынікова па валу спрацавалі ААТ “Тураўшчына”, “Прыазёрскае-Агра”, “Дзякавічы”, “Людзяневічы”, сялянская гаспадарка М.Р. Шруба і КСУП “Бялёў”.

У гаспадарках атрымана 51,2 тысячы тон малака, што на на 1,4 тысячы болей. Ад адной каровы надоена 5089 кілаграмаў сырадою. Перапрацоўшчыкам пастаўлена 46,3 тысячы тон прадукту з прыростам 2,8 працэнта. Гатункам “экстра” рэалізавана 18 працэнтаў малака, вышэйшым – 16,8 і першым 65,2 працэнта. У разліку да гатунку “экстра”  вяскоўцы не даатрымалі болей як чатыры з паловай мільёны рублёў выручкі.

Мяса буйной рагатай жывёлы вырашчана 4,01 тысячы тоны, што на 480 тон вышэй папяэдняга года. Прададзена ялавічыны 3,1 тысячы тон – 113,1 працэнта. На першае студзеня на грамадскіх фермах утрымлівалася 31758 галоў жывёлы, у тым ліку 10306 кароў. За мінулы год атрымана 11697 цялят, што на 1165 болей. Падзёж знізіўся на 222 галавы.

Намалочана ў вазе пасля дапрацоўкі 47,7 тысячы тон збожжа. У 2018 годзе – 31,8 тысячы тон. Сабрана 5452,2 тоны бульбы на 20,4 працэнта вышэй, 14685,3 тоны агародніны. Назапашана для патрэб жывёлагадоўлі ў разліку на адну ўмоўную галаву па 28,9 цэнтнера  кармавой адзінкі травяністага фуражу.

За адзінаццаць месяцаў мінулага года выручана 49,1 мільёна рублёў з прыростам да папярэдняга на 4,6 працэнта. Чысты прыбытак па канчатковаму выніку атрыманы 616 тысяч рублёў з рэнтабельнасцю 1,4 працэнта. Усе сельгаспрадпрыемствы спрацавалі станоўча. Для павелічэння выручкі ў бягучым годзе вяскоўцам неабходна забяспечыць прырост выторчасці валавай прадукцыі не меней як на восем працэнтаў.

Намечаныя абавязацельствы для кожнай галіны рэальнага сектара эканомікі пасільныя.

Сацыяльная сфера. Пра выкананне асноўных дзяржаўных праграм у сацыяльнай сферы расказаў намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі. Так, у сістэме адукацыі прынятыя захады па павелічэнні ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй з 89,9 працэнта да 98,6. Выкананы і паказчык па абсталяванні сродкамі навучання ясляў-садоў і школ. Значна павысіўся прафесіяналізм педагогаў і выхавацеляў. Паспяхова нашы навучэнцы выступалі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, разнастайных даследніцкіх конкурсах. На 100,7 працэнта ў супаставімых цэнах выкананы паказчык па аказанні платных паслуг, на 113,2 працэнта гадавое заданне па пазабюджэтнай дзейнасці. Павысілася і заработная плата работнікаў.

Немала станоўчага ўдалося дасягнуць у спартыўнай і турыстычнай справах. Так, заданне па пазабюджэтнай дзейнасці тут склала 106,8 працэнта, па платных паслугах 102,6 працэнта. Выкананне экспарта турыстычных паслуг пры заданні на год 88,3 тысячы долараў фактычна склала 126,6 тысячы долараў.

Плёнам адзначыўся мінулы год і для культработнікаў. На восем працэнтаў больш яны правялі розных мерапрыемстваў. На столькі ж адбыўся ва ўстановах прырост наведвальнікаў. На годным узроўні спрацавалі і бібліятэкі, і музей. Перавыкананне даведзеных паказчыкаў адбылося па платных паслугах.

Для сістэмы аховы здароўя прыярытэтнай з’яўлялася задача забеспячэння якаснай, даступнай медыцынскай дапамогі насельніцтву. Медыкі дабіліся зніжэння агульнай смяротнасці у тым ліку жыхароў працаздольнага ўзросту. Варта адзначыць, што толькі пяць раёнаў вобласці, як і наш, атрымалі такі вынік. Значная работа праведзена па рамонту лячэбных устаноў, умацаванні іх матэрыяльнай базы. Для гэтага былі выкарыстаны як сродкі гуманітарнай дапамогі, так і бюджэтныя. Таксама Леанід Міхайлавіч прааналізаваў справы, якія вырашаліся спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны,  выкананне Дэкрэта Прэзідэнта №18, работу камісіі па справах непаўналетніх, стан правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі.

Таксама на выканкаме разгледзелі і пытанне напаўнення раённага бюджэту і яго расходы. Як і ў папярэднія гады, траты былі скіраваны на развіццё сацыяльных праграм.

Сяргей БЕЛКА

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.