Тураўскія школьнікі ўключыліся ў экалагічны праект

У гэтым навучальным годзе ГА “БРПА” запусціла некалькі сацыяльна значымых праектаў. Піянеры 7 класа сярэдняй школы №2 Турава актыўна ўключыліся ў экалагічны рух, стаўшы ЭкаЦімураўцамі.

Кожны месяц каманда “ТураўСмайл” атрымлівае пакет тэарэтычных і практычных заданняў, выконвае іх, а вынікі занатоўваюцца ў спецыяльны электронны дзённік.

Першае заданне закранала праблему перапрацоўкі і ўтылізацыі  смецця. Школьнікі высветлілі, якія спосабы барацьбы за чысціню планеты існуюць у розных краінах, падумалі, што могуць зрабіць ужо сёння. Вынікам стаў экафлэшмоб, ён прадэманстраваў, як без асаблівых намаганняў смецце ператвараецца ў цікавыя і карысныя рэчы. Так, упрыгожаная пустая скрынка з-пад халадзільніка стала месцам збірання макулатуры ў класе. Непатрэбныя, але яшчэ дабротныя рэчы ва ўмелых руках дзяўчынак ператварыліся ў экамяшочкі і модныя шоперы. З пластыкавых бутэлек атрымалася цудоўная ёлка для навагодняга ўпрыгожвання класа, а накрыўкі сталі асновай для лінгвістычнага лато.

Другі пакет заданняў – “Царства жывёл” – прапаноўваў вывучэнне рэдкіх відаў фаўны сваёй мясцовасці і складанне мапы іх рассялення. Каманда “ТураўСмайл” паспяхова выканала гэта заданне, пазнаёміўшыся з насельнікамі Тураўскага лугу, многія з якіх знаходзяцца ў Чырвонай кнізе.

Трэці пакет заданняў накіраваў каманду больш на практычную дзейнасць. Снежань – не самы лёгкі месяц для братоў нашых меншых. Намаганнямі школьнікаў было зроблена два домікі для птушак, некалькі кармушак, якія размясцілі на тэрыторыі школы. А яшчэ высветлілі, што не ўсякую ежу можна пакласці ў кармушку. Катэгарычна забараняецца, напрыклад, частаваць пярнатых салёнымі смажанымі (мяса, сала), кіслымі прадуктамі. Нельга даваць свежы белы і ржаны хлеб – ад іх адбываецца закісанне ў валлі птушкі, што можа прывесці да яе гібелі. Нельга даваць арахіс, кавалкі піражкоў, чыпсы, бульбу. Лепш за ўсё насыпаць звычайных сланечнікавых зярнят або проса, можна пачаставаць птушак аўсянымі шматкамі або сухарамі.

На канікулах прызначаныя дзяжурныя перыядычна прыходзілі на школьны двор, каб пачысціць кармушкі і насыпаць свежага корму. Гэта, як аказалася, таксама вельмі важна!

На маю думку, падобныя праекты патрэбны сучасным школьнікам. Яны не толькі фарміруюць маральныя каштоўнасці дзяцей, але выклікаюць цікавасць да экакультуры, даюць магчымасць зразумець, што будучае залежыць ад усіх разам і  ад кожнага паасобку, і кожны адказны за тое, якім яно будзе.

Таму “ТураўСмайл” чакае новых заданняў!

Т. ЗЯМЛЯНІК,

класны кіраўнік 7 класа ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Тураў”

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.