Дарогай дабрыні і веры

Пад такім дэвізам у СШ №3 г. Жыткавічы імя І. М. Банава ў шосты раз прайшлі Свята-Феадосьеўскія чытанні.

Апроч школы заснавальнікамі адукацыйнага мерапрыемства, што мае на мэце фарміраванне ў дзяцей праваслаўнага светаўспрымання і далучэнне да каштоўнасцей айчыннай культуры, з’яўляюцца Тураўская царкоўная акруга Турава-Мазырскай епархіі і аддзел адукацыі райвыканкама. Чытанні складаліся з дзвюх частак. У конкурсе выканальнікаў твораў на праваслаўную тэматыку, прысвечаных памяці Свяціцеля Феадосія Чарнігаўскага, выступіла 51 дзіця — ад дашкольнікаў да старшакласнікаў з розных куткоў Жыткаўшчыны. Пераважна рабяты пры падтрымцы сваіх педагогаў выбіралі вершы, некалькі ўдзельнікаў выконвалі песні. Кожны нумар — з артыстызмам, пранікнённасцю і эмацыянальнасцю. Агучаныя тэксты пабуджалі лепшыя чалавечыя якасці, любоў да бліжняга, Радзімы, жаданне маральнага самаўдасканалення.

Паралельна з чытальнікамі вучні 5 і 6 класаў правяралі свае веды факультатыўнага курса “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Усяго ў віктарыне паўдзельнічалі два дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак.

Пры падвядзенні вынікаў журы не пакінула без узнагарод ніводнае дзіця, падзяліўшы ўсіх на тры группы —уладальнікаў 1, 2 і 3 месцаў. Асаблівай адзнакі ўдастоены сацыяльны педагог Коленскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Андрэй Кувік, які прадэкламаваў свой аўтарскі верш пра Феадосія Чарнігаўскага.

Падкрэсліваючы важнасць падобных мерапрыемстваў, благачынны Тураўскага благачыння пратаіерэй Васіль Пыцель пажадаў педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці пастаянна клапаціцца пра духоўнае развіццё падрастаючага пакалення. Гэтыя каштоўнасці вечныя.

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.