Што чакае мясцовых малакаперапрацоўшчыкаў

Лета — гарачая пара не толькі для вытворцаў малака, але і яго перапрацоўшчыкаў. Апошнія таксама зацікаўлены, каб закупіць сыравіну высокай якасці. Гэта пацвярджае сваёй работай калектыў Жыткавіцкага філіяла Калінкавіцкага малочнага камбіната.


— Зараз для нас наступіў час вялікага малака, на перапрацоўку штодзённа паступае больш шасцідзесяці тон яго, — расказвае дырэктар філіяла Тамара Сівалобава. — Усё малако намі прымаецца, прычым работа арганізавана так, каб не дапусціць псавання прадукцыі, каб было максімальна зручна вытворцам.


Першыя малакавозы з гаспадарак прыбываюць у сем гадзін раніцы. Яны дастаўляюць прадукт, які атрыманы вечарам. Да гадзін адзінаццаці пастаўляецца малако і з ранішняй дойкі. Не ўсе яшчэ гаспадаркі маюць сучаснае халадзільнае абсталяванне ў неабходнай колькасці. Таму раздзельная прыёмка малака дазваляе захаваць яго якасныя параметры. Абавязковы і лабараторны кантроль малака пры яго здачы. Над гэтым працуюць і лабаранты на месцах, і спецыялісты філіяла. Дарэчы, за апошні час матэрыяльная база завадской лабараторыі значна палепшылася, і работа на гэтым не спыняецца. Таго патрабуе час. Якасныя стандарты становяцца больш жорсткімі. Канечная аперацыя з малаком — гэта загрузка яго ў цыстэрны і адпраўка на галаўное прадпрыемства ў Калінкавічы.


На жаль, з далучэннем да камбіната, перапрацоўка на месцы была практычна згорнута. У Жыткавічах вялося толькі часткова сепарыраванне і вытворчасць казеіну. Цяпер і гэтая дзейнасць жыткавіцкіх перапрацоўшчыкаў пад вялікім пытаннем.


— Нам галаўное прадпрыемства дазволіла весці перапрацоўку малака толькі ў экстранных выпадках, — расказвае Тамара Валянцінаўна. — Таму, ці будзем сёлета вырабляць казеін і сыравіну для яго, пакуль невядома. Можа будзем як зараз выконваць функцыі прыёмнага пункта. І гэта найбольш верагодная перспектыва.


Скажам, роля дастаецца мясцовым перапрацоўшчыкам незайздросная. Есць вялікая верагоднасць, што гэта балюча ўдарыць і па вытворцах малака. Як ні кажы, большая палова дойных статкаў у нашым раёне выпасаецца на адгонных выпасах. Там жа неабходныя ўмовы для атрымання якаснага малака стварыць не заўсёды ўдаецца. Аператыўная ж перапрацоўка, няхай і , вобразна кажучы, павярхоўная, дазваляла выпраўляць хібы вытворцаў і залічваць іх малако высокімі гатункамі. Цяпер гэтага ім дабівацца будзе намнога цяжэй. Нават нягледзячы, што намнога палепшылася сітуацыя з халадзільнікамі. Дойка ж вядзецца ў лагерах не адну гадзіну, яшчэ колькі часу патрэбна затраціць на транспарціроўку, на ахалоджванне. І гэта пры тэмпературы ў дваццаць – трыццаць градусаў.


Што можа атрымацца, давялося непасрэдна бачыць, калі наведваў філіял. Падчас нашай гутаркі з дырэктарам, яму далажылі, што спяклося малако. Прасцей кажучы, паступіла кіслым з аднаго з сельгаспрадпрыемстваў. І куды дзяваць такі прадукт? Раней, калі была свая перапрацоўка, выходзілі са становішча. Як будзе цяпер?


Напэўна, абвастрацца і іншыя пытанні. Як вядома, перапрацоўшчыкі заўсёды займаліся забеспячэннем гаспадарак раёна рознымі матэрыяламі: мыючымі сродкамі для халадзільнага і даільнага абсталявання, фільтруючымі рэчамі для ачысткі малака і іншым. Дапамагалі і ў наладцы халадзільнага абсталявання. Цяпер таксама выконваюцца гэтыя функцыі. Толькі ёсць пэўная розніца. Раней, калі жыткавіцкія перапрацоўшчыкі працавалі самастойна, яны і самастойна вырашалі гэтыя пытанні. Цяпер жа ўсё ідзе праз галаўное прадпрыемства. Па словах Тамары Валянцінаўны, на галаўным прадпрыемстве не заўсёды маецца ў дастатку таго матэрыялу, што патрабуецца гаспадаркам на цяперашні час, таму даводзіцца чакаць, калі задаволяць заяўку. Разлікі ж за здадзеную прадукцыю таксама не рэгулярныя. Нават за малако, якое закупляецца ў насельніцтва. І гэта толькі відавочныя праблемы, якія ляжаць літаральна на паверхні.


Несумненна, што чарговая рэарганізацыя філіяла ўдарыць і па калектыву. Хаця яго дырэктар так не лічыць. Без работы людзі не застануцца. А калі і будуць нейкія скарачэнні, то ўдасца зрабіць іх за кошт свабодных вакансій і работнікаў, якім засталося няшмат дапрацаваць да пенсіі. Магчыма і так. Кіраўніку тут відней. Але ж пасля першай рэарганізацыі штат прадпрыемства скараціўся амаль на палову, а многія абавязкі работнікі і спецыялісты выконваюць па сумяшчальніцтву. Несумненна, што такі факт не можа не насцярожыць.


Якая будзе выгода ад таго, што філіял ператворыцца ў звычайны прыёмны пункт, пакажа час. І хто застанецца ў выйгрышы? На думку рэдакцыі газеты, толькі не жыткавіцкія вытворцы і перапрацоўшчыкі.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.