У ЦАРСТВЕ КВЕТАК РУКАТВОРНЫХ

Кветкі Аляксандры Матарас заўсёды прыносяць душэўнае запакаенне. Глядзець на іх і любавацца прыгажосцю жанчына можа гадзінамі. Таму яе двор нагадвае царства рукатворных клумбаў. Нямала часу аддае яна, каб дагледзець гэтую прыгажосць. Прычым, не толькі дома, але і на сваёй рабоце любіць займацца кветнікамі.


Працуе Аляксандра Дзмітрыеўна тэхнічкай у Рычоўскай школе. У дзень нашага наведвання навучальнай установы, яна займалася праполкай школьных клумбаў. Хаця на дварэ і стаяла спякота, але па тым, з якой ахвотай рабіла гэта жанчына, было зразумела, наколькі праца прыносіць ёй задавальненне. Сваімі рукамі яна стварае прыгажосць, якая доўга будзе радаваць вока аднавяскоўцаў. Кветкі Аляксандра Дзмітрыеўна не толькі вырошчвае, але яшчэ і вышывае. Тэхналогію гэтага промыслу яна пераняла ад бабулі і матулі яшчэ ў дзяцінстве. З таго часу вышыванне стала яе самым любімым захапленнем. Каб закончыць чарговую рэч, ёй прыходзіцца не дасыпаць начамі. Узоры выходзяць з пад яе рук самыя розныя, але найбольш падабаецца вышываць кветкі. Яны ў яе і на ручніках, і на пакрывалах, і многім іншым.


— Заходзіш у хату і на душы спакайней становіцца, калі бычыш, што створана ўсё тваімі рукамі, — гаворыць жанчына. — І ўзнікае жаданне зрабіць яшчэ нешта новае і прыгажэйшае.


Свае ўзоры яна стварае сама, нават другім дапамагае. І ўпэўнена, што ніколі не будзе забыты народам гэты старынны промысел. Усё ж традыцыя падаваць каравай на расшытым ручніку, іконку пакрыць такім жа яшчэ моцна жыве і будзе жыць. Бо як справядліва лічыць жанчына, у тых узорах — цеплыня рук чалавечых. Свайму майстэрству яна навучыла і дачку, марыць, што і ўнучка, калі падрасце, таксама асвоіць яго. Самае галоўнае, каб жаданне было, без яго нічога не дабьешся.


Жыве Аляксандра Дзмітрыеўна як і многія яе аднавяскоўцы звычайна: работа, клопаты па гаспадарцы дома і на палетку. Але стому нібы рукой здымае, калі бярэцца за іголку з каляровымі ніткамі. Нават рэальнасць часу губляе, вышыла адзін лісток, хочацца, каб і другі з’явіўся ў колеры, а там і кветачку ніткамі вывесці. Летам, канешне, меней часу на гэта выпадае, а вось зімовыя вечары для любімага занятку самая пара.


Яшчэ хочацца адзначыць, што жанчына не хавае свае вырабы ў скрыню ці шафу, а актыўна дэманструе іх і аднавяскоўцам, і ў райцэнтры. На многіх выставах можна бачыць тварэнні яе рук.


— Што хаваць, хай любуюцца людзі, можа ў некага таксама ўзнікне жаданне паспрабаваць нешта стварыць, — лічыць жанчына.


Падчас сустрэч з такімі майстрыхамі пранікаешся да іх вялікай павагай. Бо іх захапленне — гэта праяўленне сапраўднай любові да роднай зямлі, да ўсяго, што звязана з ёй. І ў такія хвіліны заўсёды прыходзяць на памяць радкі Багдановіча: “…і тчэ забыўшыся рука замест пярсідскага ўзору цвяток радзімы васілька”.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.