Дарогамі палескага краю

Мой родны кут! Як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы.


Кожны з нас у душы крыху рамантык. Менавіта гэта пачуццё рухае нас у падарожжа па роднаму краю. Апошнім часам не толькі рамантыка накіроўвае нас у шлях , але і дзяржаўная акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Яна накіравана на вывучэнне гісторыі роднага края, яго этнаграфіі, тапанімікі і гідранімікі. У вучняў павінна выхоўвацца пачуццё павагі да гісторыі роднага краю і пачуццё гонару за сваіх продкаў і іх дасягненні.


Маючы ўсё гэта на ўвазе, вучні і настаўнікі СШ №2 г. Давыд – Гарадка, накіраваліся ў велапрабег па маршруце “Д – Гарадок – Альшаны – Малешаў – Тураў – р.Прыпяць – Тураў – Верасніца – Малешаў – В.Малешава — Альшаны – Высокае – Д — Гарадок”. Велапрабег быў разлічаны на 3 дні, прадуманы маршрут, падрыхтавана матэрыяльная база, зроблены інструктажы.


І вось раніцай, 7 ліпеня, мы рушылі ў падарожжа. Цудоўнае сонечнае надвор’е спрыяла добраму настрою. Лепшыя пажаданні мы пачулі ад дырэктара школы С.А. Труханаўца. Кіраўнік велапахода Басавец Г.Р. напомніў нам, што сённяшняя дата вельмі важная для нашага раёна – дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Ад школы, па трасе, мы пачалі павольна рухацца. Кожны ведаў сваё месца ў калоне. Настаўнікі, якія суправаджалі велапаход, уважліва сачылі за дарожным рухам. Адной з удзельніц велапахода была медсястра школы Сеген Л.С. Трэба дадаць, што жаданне ўдзельнічаць у акцыі выказалі настаўнікі самага рознага ўзросту і профілю выкладання. Кіраўнікі пахода, настаўнікі гісторыі Басавец Г.Р. і Казелка Л.К., да іх прыядналіся настаўніца замежнай мовы Басавец С.Р., філолаг Цяслюк Л.Р., настаўніцы пачатковых класаў Кузьміч А.М. і Лунская Л.Р.


На першым прывале каля вёскі Альшаны, кіраўнік групы Басавец Г.Р., пазнаёміў вучняў з гісторыяй гэтай вёскі. Адпачыўшы крыху, мы паехалі далей.


Наступны прыпынак быў у вёсцы Малешава, суседняй Гомельскай вобласці. Тут нас гасцінна сустрэла загадчык гаспадарчай часткі школы Кадоліч С.М., якая паказала ўсе класы. Пафарбаваныя палы, новыя шпалеры, чыстыя парты і дошкі, здаецца толькі і чакалі слоў “Добры дзень, дзеці! Пачынаем урок.” Школа ўжо гатова да новага навучальнага года. Каля гадзіны мы адпачывалі ў школе, дамовіліся, што вернемся сюды на начоўку ў наступны дзень і рушылі далей.


Наш шлях ляжаў у г.Тураў. Многія з дзяцей бывалі ў Тураве праездам, а вось дэтальна пазнаёміцца з усімі памятнымі мясцінамі заўсёды не хапае часу, таму вельмі карысна прыняць удзел у такой акцыі. Крыху адпачыў у мясцовым кафэ, пабрадзіўшы па беразе Прыпяці, мы накіраваліся ў Тураўскі краязнаўчы музей. Тут нас чакала экскурсія па музеі і сустрэча з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Нашым гідам была дырэктар музея, аматар сваёй справы Струк Т.М., якая з вялікім натхненнем паказвала экспанаты і расказвала аб падзеях “сівой даўніны”. Далей адбылася сустрэча з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Блоцкім Аляксандрам Еўстафьевічам (на здымках), які ўсю вайну ваяваў на Ленінградскім фронце. Пачаў вайну радавым, закончыў – лейтэнантам. Вучням цікава было пачуць яго ўспаміны пра вайну і пра пасляваенны час, калі ён працаваў настаўнікам.


Наступным пунктам нашага плана было наведванне Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” і музея прыроды. Апынуўшыся ў будынку музея, мы быццам бы трапілі ў жывую прыроду.Такое ўяўленне было ў нас ад запісу гукаў прыроды, якія суправаджалі нас падчас экскурсіі. Сучасная тэлерэклама прапануе нам падарожжы ў іншыя краіны – Турцыю, Італію, Грэцыю – але колькі ж у нас , у Беларусі, ёсць сваіх “Венецый” падчас вясенняга разліву рэк, колькі некранутых мясцін, якія мае сэнс захаваць для нашых нашчадкаў і развіваць свой турызм.


Потым нас чакала сустрэча з месцам, дзе будзе начлег. Такім месцам стала СШ № 2 г.Турава. Выказваем вялікі дзякуй дырэктару школы Дарошка М.Д. за магчымасць адпачыць падчас велапахода. Аставіўшы непатрэбныя рэчы ў школе, мы накіраваліся на бераг Прыпяці, дзе ў нас планавалася прыгатаванне юшкі. За некалькі кіламетраў ад Турава, дзе стаіць вялікі мост праз Прыпяць, мы знайшлі цудоўнае места для вогнішча. Там разбілі лагер. Тут нас чакала юшка, ды не простая , а з “царскай рыбы” – судака, шчукі і ляшча. Міжволі на памяць прыпадае басня І.А.Крылова “Демьянова уха”. Яшчэ доўга мы будзем успамінаць яе прыемны смак і пах. Па словах вучняў такой “вкуснятины” яны яшчэ не спрабавалі. Нават сапсаванае надвор’е, пайшоў дождж, не змяніла нашага цудоўнага настрою. Мы вярнуліся ў школу і сталі рыхтавацца да начлега. Доўга яшчэ вучні, і асабліва настаўнікі, будуць успамінаць гэты багаты на падзеі дзень.


Раніца сустрэла нас сонечным надвор’ем і мы сталі рухацца далей. Наступным пунктам было наведванне іншых гістарычных мясцін Турава. Мы наведалі царкву Усіх Святых, пабудаваную ў 1810г., у якой знаходзяцца каменныя крыжы, якія быццам бы прыплылі сюды супраць цячэння па Дняпру і Прыпяці і вада была чырвоная ад крыві. Гэта лягенда аб гвалтоўным насаджэнні хрысціянства сярод язычнікаў. Што тут вымысел, а што праўда – не нам судзіць. Але Тураўская зямля дала нам вялікага царкоўнага дзеяча, рэлігійнага асветніка, кніжніка, паэта і прамоўцу “Златоуста, просиявшим паче всех на Руси” Кірылу Тураўскага (1130? – 1182?). На Замкавай гары ў 1993г. яму ўстаноўлены сяміметровы помнік, у аснове якога крыж незвычайнай візантыйскай формы. Яшчэ на замкавай гары мы наведалі рэшткі царквы ХІІ ст. Адсюль мы паехалі на Барыса-Глебскія могілкі, дзе ўбачылі каменныя крыжы, што растуць з зямлі.


Пасля гэтага мы развіталіся з Туравам, і паехалі ў зваротны шлях. Праехаўшы вёску Верасніца, мы з’ехалі на бераг Прыпяці. Як анёл, над намі кружыў бусел.Мы палічылі гэта добрым знакам. Адшукаўшы ўтульнае месца для стаянкі, мы разбілі лагер. Вучні вывучалі флору і фауну навакольнага асяроддзя, гулялі ў футбол, валейбол. Тым часам нашыя “шэф — кухары” Генадзь Рыгоравіч і Алена Міхайлаўна падалі сігнал – “Да стала!” Такіх шашлыкоў і калбасак мы яшчэ не елі – іх пах разносіўся па беразе ракі і здаецца заклікаў “Скаштуй, не пашкадуеш!” Нам хацелася быць тут яшчэ і яшчэ, але час быў рухацца дамоў, тым больш што набліжалася навальнічная хмара. Дождж мы перачакалі ў школьным аўтобусе, які ўвесь час нас суправаджаў. Наш вадзіцель Гуня-Ажог Ю.А. быў актыўным удзельнікам усіх нашых экскурсій і зупынак.


Пасля заканчэння дажджу мы паехалі ў школу вёскі Малешава, дзе раней дамаўляліся на начлег. У двары школы мы развялі вогнішча (ад’ехаць не дазваляла надвор’е), і пачалі варыць грэчневую кашу з тушонкай. Яна атрымалася на дзіва смачнай. Амаль усе папрасілі дабаўкі. Тым часам падаспеў духмяны чай з мятай, якую сабрала Святлана Рыгораўна. У спартыўнай зале вучні і настаўнікі згулялі ў валейбол. Сяброўская нічыя. Потым быў адпачынак. Раніцай, падзякаваўшы за цёплы прыём дырэктара Малешаўскага НПК дзіцячы сад-базавая школа Ермалаеву Л.П. і загадчыка гаспадарчай часткі Кадоліч С.М. мы рушылі далей.


Наступным месцам нашага прыпынку была вёска Вялікае Малешава Брэсцкай вобласці. Там нас чакала настаўніца гісторыі Карпцова Г.А., якая падрыхтавала нам сустрэчу з былым вязнем Бухенвальда — аднаго з буйнейшых канцэнтрацыйных лагероў смерці ў часы Другой Сусветнай вайны — Хамляк Е.К. Ефрасінні Кузьмінічне ўжо за восемдзесят год, але яе жвавасці і прагі да жыцця можна пазайздросціць. Як зачараваныя, мы стаялі і слухалі, як 15-гадовая дзяўчынка трапіла ў канцлагер. Яна падрабязна расказала пра адносіны да вязняў, пра ежу,. І пра тое, як удалося выжыць. Мы стаялі, і не заўважалі як ідзе час, нават не адчувалі як па нашых тварах цякуць слёзы. Мы слухалі і не маглі зразумець, адкуль у гэтай жанчыны і ёй падобных, браліся сілы і мужнасць жыць у такіх умовах. Асабліва мне запомніліся яе словы, звернутыя да вучняў. Яна казала, каб вучні слухаліся настаўнікаў, вучыліся добра, любілі сваю Беларусь і адстойвалі яе незалежнасць. Мы пажадалі Ефрасінні Кузьмічне доўгіх гадоў жыцця і падзякавалі за цікавую размову.


Зрабіўшы адзін адпачынак у в.Альшаны, у 15.00 гадзін мы пад’ехалі да сцен роднай школы. І, здаецца не было гэтых трох дзён, што мы не былі дома. Але ж уражанні перапаўнялі нас: новыя мясціны і новыя сябры, новыя веды. Кожны даў сабе зарок “Любіць сваю Бацькаўшчыну і па меры сіл старацца клапаціцца аб ёй”. Калі ў вас ёсць вольны час і адданыя сябры, не раздумвайце, а збірайцеся ў падарожжа па родных мясцінах. Для гэтага не патрэбны вялікія сродкі і дарагая тэхніка. Вазьміце з сабой добры настрой , усмешку і цікавасць. Хай вам шчасціць, як пашчасціла нам!..


Л. КАЗЕЛКА, удзельніца велапахода, настаўніца гісторыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.