Новабудоўлі і далягляды “Рытм-будсервіса”

Летні час — ужо сам па сабе гарачы для будаўнікоў. А калі яшчэ і заказаў хапае… І хаця за дзень да нашага прыезду зліў, як з вядра, дождж, гэта ніякім чынам не адбілася адмоўна на тэмпах і якасці будаўнічых работ у прыватным вытворчым унітарным прадпрыемстве “Рытм-будсервіс”, якім вось ужо 17-ты год паспяхова кіруе энтузіяст сваёй справы Віктар Шэйка. Разам з ім і выязджаем на жывёлагадоўчы комплекс — найбольш важны сёння для калектыву аб’ект.


Што і казаць, размах будаўнічых работ на комплексе, дзе ў свой час размесцяцца 600 галоў дойнага статка КСУП “Чырвоны Бор”, моцна ўражвае, калі не сказаць, што ашаламляе. Агромністая пляцоўка, на якой узводзіцца мноства новых пабудоў, перавышае пяцігектарную плошчу. У жывёлагадоўчы комплекс уваходзяць 2 кароўнікі, даільна-малочны блок, 2 гноесховішчы, складскія памяшканні для цвёрдага паліва, сянажныя траншэі, склад канцэнтраваных кармоў, павеці, вагавая, падстанцыя, дзве артэзіянскія свідравіны, воданапорная вежа і г.д.


Згодна заключаных дамоў і графіка першы этап жывёлагадоўчага комплекса павінен быць здадзены ў верасні, а вось аб’ект цалкам — да канца бягучага года. Таму і не спадае тут працоўнае напружанне ва ўсе будні. У дзень нашага наведвання, напрыклад, на будаўнічай пляцоўцы шчыравала дзесьці 130 чалавек самых розных прафесій і спецыяльнасцяў з 8 комплексных брыгад, у рабоце былі задзейнічаны тры краны, восем трактарных пагрузчыкаў, два “Амкадоры”, два бульдозеры, экскаватар. Усе працэсы кантралявалі тры прарабы.


— Я жыву ў Жыткавічах, але праблем з дастаўкай на работу няма, — гаворыць прараб Уладзімір Рай. — Штодзённа, у вызначаны час, нас у райцэнтры забірае аўтобус і вечарам дастаўляе назад. А наконт работы — дык людзей, тэхнікі і будаўнічых матэрыялаў хапае, і мы не сумняваемся, што аб’ект будзе здадзены ў тэрмін і згодна тэхналагічных патрабаванняў.


Не забыта ва ўнітарным прадпрыемстве і жыллёвае будаўніцтва. Адзін з такіх аб’ектаў, на якім мы пабывалі, — 28-кватэрны дом у пасёлку Чырвонае. Майстры-прафесіяналы з брыгады вопытнага будаўніка Мікалая Рубана выганяюць ужо апошні, трэці паверх. Здача яго ў эксплуатацыю запланавана таксама да канца бягучага года.


Трэцяя будаўнічая пляцоўка прадпрыемства — узвядзенне 6 дамоў у КСУП “Чырвоны Бор”, якія павінны быць здадзены ў эксплуатацыю восенню 2009 года. Так што калектыў у сваёй рабоце арыентуецца на самую высокую планку.


— Наша прадпрыемства было зарэгістравана ў лютым 1992 года, — расказвае дырэктар Віктар Шэйка, які любіць больш працаваць, чым даваць інтэрв’ю. — Пачыналі з 15 энтузіястаў-аднадумцаў, і тады яно называлася малым прадпрыемствам. Цяпер працуе 320 чалавек, дастатковая матэрыяльная база. У мінулым годзе, напрыклад, набылі ў лізінг 2 экскаватары, 4 пагрузчыкі на базе МТЗ, 2 пагрузчыкі “Амкадор”, 2 МАЗы з самазвальнымі прычэпамі грузападымальнасцю 40 тон кожны.


А крыху раней за кошт прыбытку закупілі зварачнае абсталяванне, штукатурныя станцыі, абсталяванне вытворчай базы: такарныя, рэзьбанаразныя, трубагнуткія станкі, кавальскае абсталяванне. Па суседству з прамысловай базай уласныя даходы дазволілі ўзвесці і адміністрацыйна-бытавое памяшканне.


За небакраем новабудоўляў — новыя далягляды. Восенню мясцовыя будаўнікі распачынаюць узводзіць 20-кватэрны і 40-кватэрны кааператыўныя жылыя дамы ў мікрараёне Азёрны райцэнтра. Адначасова другія брыгады прыступяць да будаўніцтва 6 аднакватэрных домікаў у КСУП “Коленскае”. Так што прадпрыемства мае патрэбу ў такіх рабочых прафесіях як муляры, цесляры, страхары. А ўвогуле на работу сюды прымаюць усіх, без выключэння жадаючых. Тыя, хто хоча і стараецца працаваць добрасумленна, у далейшым праходзяць навучанне, здаюць экзамены і ім прысвайваецца пэўны разрад. З астатнімі дамова скасоўваецца, але такіх, як кажа дырэктар, адзінкі, бо на будоўлі заўсёды можна знайсці работу любому. Дарэчы, сярэднемесячная зарплата за паўгоддзе тут 800 тысяч рублёў, а высокакваліфікаваныя работнікі атрымліваюць па паўтара і болей мільёна рублёў.


Галоўны накірунак дзейнасці “Рытм-будсервіса” — будаўніцтва. Але, акрамя яго, тут займаюцца перапрацоўкай лесу, для ўласных патрэб і на продаж нарыхтоўваюць такія піламатэрыялы як дошка, брус. На перапрацоўцы драўніны задзейнічана 25 чалавек. А 30 жанчын заняты ў швейным цэху, дзе вырабляюць спецвопратку і рукавіцы. Есць і свая цяплічная гаспадарка, у якой вырошчваюць агуркі і памідоры.


Дырэктар Віктар Шэйка – нязменны, заслужаны лідар калектыву. Усё дасканала ведае пра будоўлю, карыстаецца вялікай павагай падначаленых, умее прымаць аптымальныя рашэнні, беражліва адносіцца да сваіх кадраў. Дапамагае матэрыяльна многім людзям і калектывам.


— Нягледзячы на ўсе выпрабаванні і цяжкасці, я заўсёды імкнуся радавацца жыццю, — прызнаецца Віктар Андрэевіч. – Веру ў будучыню і стараюся не пасаваць перад цяжкасцямім. А калі што не ўдалося, то дэталёва аналізую свае пралікі, закасваю рукавы і пачынаю ўсё спачатку.


Вось такое яно – жыццёвае крэда кіраўніка “Рытм-будсервіса”. А гэта значыць, што працоўнаму калектыву па плячы яшчэ не адна новабудоўля.


С. ВЕЧАРОВЫ.


НА ЗДЫМКУ: брыгадзір брыгады страхароў М. Рагалевіч.


Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.