Акт гістарычнай справядлівасці

Гэты дзень, 17 верасня, даволі сціпла адзначаецца грамадскасцю нашай краіны. Між тым, на наш погляд, гэта адна з важнейшых дат у гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Менавіта ў гэты дзень, 17 верасня 1939 года, пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, які ліквідаваў гвалтоўны і грабежніцкі падзел Беларусі. Гэты падзел быў учынены пасля савецка-польскай вайны 1919-1920 гадоў. Пасля гэтай вайны ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 года заходнія беларускія землі адышлі да буржуазна-памешчыцкай Польшчы. Гэты дагавор паміж Польшчай і савецкай Расіяй быў заключаны без удзелу дэлегацыі Беларускай ССР. Згодна яму польскія ўлады на адышоўшых да іх этнічных беларускіх землях абавязаліся паважаць рэлігійныя і культурныя традыцыі мясцовага насельніцтва, даваць магчымасць развівацца беларускай культуры, мове, паважаць сацыяльныя правы беларускага народа. Рыжскі мір не быў прызнаны беларускай палітычнай эміграцыяй. У заяве “Усяму культурнаму свету”, прынятай радай БНР 25 сакавіка 1921 года, гаварылася, што “мір, разрываючай на часці жывы арганізм Беларусі, ніколі не будзе прызнаны беларускім народам”. Такая пазіцыя была неаднаразова пацверджана, а таксама прадстаўлена ў выглядзе мемарандума кіраўніцтву Гэнуэзскай канферэнцыі 1922 года.


Між іншым улады буржуазна-памешчыцкай Польшчы не збіраліся выконваць і не выконвалі ў 1921-1939 гадах тыя абавязацельствы, якія яны бралі перад насельніцтвам Заходняй Беларусі згодна з умовамі Рыжскага мірнага дагавора. Польскія ўлады ўстанавілі тут жорсткі акупацыйны рэжым, насельніцтва краю падвяргалася бязлітаснай эксплуатацыі.


Сацыяльны прыгнёт дапаўняўся нацыянальным. Кіруючыя колы Польшчы не прызнавалі беларусаў як нацыю, праводзілі палітыку іх прымусовай каланізацыі і асіміляцыі, імкнуліся вывесці з ужытку само паняцце “Заходняя Беларусь” замяніўшы яго назвай “Крэсы ўсходнія”.


Эканоміка гэтай часткі Беларусі практычна не развівалася. Ніякага новага будаўніцтва, прамысловых прадпрыемстваў не вялося. Гаспадарчая дзейнасць на працягу 20-30-х гадоў так і не дасягнула тут таго ўзроўню, які яна мела ў 1913 годзе, да пачатку першай сусветнай вайны. Край заставаўся аграрнай, адсталай ускраінай Польскай дзяржавы, гэта быў рынак збыту тавараў для прамысловых прадпрыемстваў уласна польскіх зямель, а таксама крыніца таннай сыравіны для іх жа. Нават простыя, радавыя пасады мясцовай адміністрацыі, не кажучы ўжо пра больш значныя, замяшчаліся палякамі, беларусы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей да кіравання не дапускаліся. Там, дзе ў населеным пункце не было школы, яна магла быць адчынена з выкладаннем ўсіх прадметаў на польскай мове. Тыя школы і гімназіі, якія працавалі на беларускай мове, падвяргаліся пастаяннаму націску. Справа дайшла да таго, што к 1938 году, у выніку такой палітыкі ўлад, на тэрыторыі Заходняй Беларусі не засталося ні адной навучальнай установы з беларускай мовай навучання. Заробкі працаўнікоў народнай гаспадаркі на заходніх беларускіх землях былі значна меншымі, чым у цэнтральнай Польшчы.


У Заходняй Беларусі пасля далучэння яе да Польшчы вялася шырокая рэвалюцыйная і нацыянальна-вызваленчая барацьба, якую ўзначальвала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, іншыя палітычныя арганізацыі і рухі, а таксама падтрымліваў урад БССР. У першай палове 20-х гадоў антыпольскі рух адбываўся пераважна ў форме ўзброеных партызанскіх выступленняў, быў узяты курс на падрыхтоўку паўстання. Польскія ўлады вымушаны былі ўвесці на тэрыторыю беларускіх ваяводстваў дадатковыя вайсковыя кантынгенты і аб’явіць іх на асадным становішчы. У гэтых умовах, каб пазбегнуць вялікіх людскіх ахвяр, кіраўніцтва нацыянальна-вызваленчага руху мяняе тактыку, адмаўляецца ад узброенных форм барацьбы і пераходзіць да палітычных яе формаў. Пра непрыняцце беларускім народам польскай улады і ўстаноўленых парадкаў сведчыць і тое, што ў маі-чэрвені 1926 года за вельмі кароткі тэрмін была створана 100-тысячная рэвалюцыйна-дэмакратычная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя “Беларуская сялянска-работніцкая грамада”. Такі масавы рух вельмі напалохаў польскую ўладу. У хуткім часе грамада была разгромлена, а яе кіраўнікі кінуты ў турму. Але гэта не спыніла рух супраціўлення. На працягу 20-30-х гадоў перыядычна ўзнікалі масавыя забастоўкі рабочых і выступленні сялян, якія ў некаторых выпадках набывалі ўзброены характар. Агульна-нацыянальны характар набыў рух за права вучыць дзяцей у школе на беларускай мове. З мэтай яго арганізацыі і каардынацыі была ўтворана грамадская арганізацыя ТБШ (таварыства беларускай школы). Польскі ўрад жорстка душыў рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі. За ўдзел у ім пад рэпрэсіі трапіла больш за трыццаць тысяч чалавек. З іх каля 300 чалавек было прыгаворана да пакарання смерцю. Для ізаляцыі праціўнікаў рэжыму ў 1934 годзе быў створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. Зразумела, што ў такіх умовах уз’яднанне беларускага народа не магло адбыцца. Яно адбылося ў вельмі складаных міжнародных умовах другой паловы 1939 года. Першага верасня 1939 года нападзеннем Германіі на Польшчу пачалася другая сусветная вайна. Польшча, якая не атрымала належнай падтрымкі сваіх заходніх саюзнікаў, пацярпела паражэнне, яе ўрад пакінуў краіну.


У гэтых умовах, згодна загаду савецкага кіраўніцтва, Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую граніцу і заняла тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, а таксама горад Вільню і Віленскі край, якія ў 1920 годзе былі захоплены польскімі войскамі і ўключаны ў склад польскай дзяржавы. На шляху прасоўвання Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь абсалютная большасць насельніцтва з энтузіязмам і радасцю, хлебам-соллю і кветкамі сустракала яе як армію-вызваліцельніцу. На занятай Чырвонай Арміяй тэрыторыі ўтварыліся органы новай улады: у гарадах Часовыя ўпраўленні, у мястэчках і вёсках — сялянскія камітэты. Яны займаліся вырашэннем пытанняў адміністрацыйнай, гаспадарчай і культурна-асветніцкай дзейнасці. Адначасова ў гарадах былі сфарміраваны ўзброеныя атрады рабочых для навядзення рэвалюцыйнага парадку. У сельскай мясцовасці арганізаваліся атрады сялянскай міліцыі. Для ўсталявання новай савецкай улады ў Заходнюю Беларусь было накіравана 700 камуністаў і 800 камсамольцаў з БССР. 01.10.1939 года Палітбюро ЦКВКП(б) прыняло пастанову “Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі”, паводле якой склікаліся народныя сходы Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Яны павінны былі вырашыць пытанні аб дзяржаўнай уладзе, уваходжанні ў склад СССР, перадачы памешчыцкіх зямель сялянскім камітэтам, нацыяналізацыі буйной прамысловасці і банкаў. Пасля правядзення выбараў Народны сход Заходняй Беларусі быў скліканы і працаваў 28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. Ен аднагалосна прыняў 4 канстытуцыйныя акты, выбраў Паўнамоцную камісію з 66 чалавек для пасылкі ў Маскву, каб перадаць яго рашэнне адносна ўступлення Заходняй Беларусі ў склад СССР і БССР.


2 лістапада 1939 года нечарговая 5-я сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла Закон “Аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР”.


Нечарговая 3-я сесія Вярхоўнага Савета БССР 12-14 лістапада 1939 года прыняла Закон “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, у якім гаварылася: “Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве”.


Гэтым актам была юрыдычна замацавана этнічна-тэрытарыяльная кансалідацыя беларускай нацыі ў адзінай дзяржаве.


Падрыхтаваў В. НІКАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.