Даніна павагі. За хлеб

24 кастрычніка ў Жыткавічах ладзілася вялікае свята –- органамі ўлады, грамадскімі структурамі і месцічамі аддадзена глыбокая пашана самаадданай працы вяскоўцаў на хлебнай ніве. Можна канстатаваць, што раённы фестываль-ярмарка “Дажынкі-2009” прайшоў масава і запамінальна.


Падзеі свята з самага ранку разгарнуліся, як звычайна, і на цэнтральнай плошчы, і на вуліцы Карла Маркса, і ў гарадскім парку імя Міколы Гамолкі. Ім папярэднічалі выпускі радыёгазеты “Дзякуй за працу і багаты ўраджай”, якія трансліраваліся як у цэнтры горада, так і ў трох найбольш буйных мікрараёнах горада.


А дванаццатай гадзіне ўвагу жыткаўчан захапіла святочная калона, якую ўзначалілі юнак са снапом жыта, дзесяць палескіх прыгажунь з караваямі, юнакі ў нацыянальным адзенні, якія неслі сцяг свята, і жнейкі, сцяганосцы –- будучыя хлебаробы, навучэнцы дзяржаўна-прафесійнага вучылішча №182, юныя барабаншчыцы, духавы аркестр, група ветэранаў працы, дэлегацыі ад працоўных калектываў аграпрамысловага комплексу, абслугоўваючых арганізацый, БРСМ, культуры і адукацыі. Урачыстае шэсце “Гонар і слава героям жніва” накіроўваецца да цэнтральнай плошчы, дзе сабраліся сотні жыткаўчан і гасцей горада, кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў. Дэманстранты віталі ўсіх усмешкамі і сцяжкамі, гэтым жа адказвалі як кіраўнікі раёна, так і месцічы. Тым часам дзяўчаты з пышнымі караваямі накіроўваюцца на сцэну, а юнак са снапом жыта, сцяганосцы выстройваюцца перад ёй. І вядучыя свята пачалі расповед аб працоўных дасягненнях, якія набыты сельгасвытворцамі раёна за бягучы год. Ветэраны працы запрашаюцца ў ганаровы прэзідыум. Па чарзе па цэнтральнай плошчы праходзяць працаўнікі КСУПаў “Людзяневічы”, “Бялёў”, “Коленскае”, “Чырвоны Бор”, сялянскай гаспадаркі М.Р.Шруба, КСУПаў “Агра-Прыпяць”, “Дзякавічы”, “Марохараўскі”, а затым віталіся дэлегацыі актыўных памочнікаў працаўнікоў вёскі –- Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, філіяла перасоўна-механізаванай калоны №66 “Калінкавічыводбуд”, ААТ “Жыткавічыхімсервіс”, ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, навучэнцаў ДПТВ-182, працаўнікоў аўтапарка №16, вялікае кола культработнікаў аддзела культуры, якія стваралі выдатны настрой у хлебаробаў на працягу года, членаў БРСМ, спартсменаў, вучняў і педагогаў агульнаадукацыйных школ.


Пакуль гучыць маршавая музыка члены дэлегацый займаюць месцы ў імправізаваным партэры, які абступілі з усіх бакоў сотні людзей,што нягледзячы на даволі няласкавае надвор’е, сем’ямі прыйшлі на свята. А перад галоўнай пляцоўкай распачынаецца ўжо тэатральнае дзейства: сцяганосцы ўтвараюць своеасаблівую квяцістую “клумбу”, з якой падымаюцца ў паднябессе паветраныя шары з транспарантам “Дажынкі-2009”. Затым дзейства працягваюць вучні агульнаадукацыйных школ горада, якія ладзяць спартыўна-мастацкае выступленне. Ды, відавочна, нават уражваюць сумнае неба, якое ў гэты момант ачышчаецца ад хмар і пасылае на зямлю залатыя промні сонца, а гэта, бясспрэчна, падымае настрой як выступоўцаў, так і гледачоў.


А тэатралізацыя працягваецца. На сцэне з’яўляецца чытальнік –- селянін з хлопчыкам. Ен перадае сноп жыта дзіцяці, як будучыні нацыі, кланяецца хлебаробам і дзякуе за важкі каравай. Не маглі арганізатары свята адмовіцца і ад вобраза Восені, якая прыехала на свята на аўтамабілі, упрыгожаным снапамі, і прывітала вершаваным радком хлебаробаў раёна. Поруч з гаспадыняй пары году на сцэне з’яўляюцца ўдзельнікі Тураўскага народнага хору, якія выдатна выконваюць песню “Слава людзям працы”.


Прыгожым і адначасова традыцыйным момантам стала ўручэнне караваяў ад імя хлебаробаў кіраўніку райвыканкама Мікалаю Какоры, в.а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандру Наўныка і ўсім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія ўзначальвалі свае калектывы падчас урачыстага шэсця.


Затым на сцэну запрашаецца кіраўнік раённага выканаўчага камітэта. Мікалай Какора, у прыватнасці, адзначыў, што мы традыцыйна з года ў год сустракаемся на самым добрым, самым шчырым свяце, свяце ўраджаю“Дажынкі”, аддаём даніну глыбокай пашаны самаадданай працы вяскоўцаў на хлебнай ніве.


Кіраўнік раённай вертыкалі заўважыў, што, нягледзячы на карэкціроўкі, якія ўнеслі пагодныя ўмовы, уборка ўраджаю ў большасці гаспадарак раёна прайшла на досыць высокім арганізацыйным узроўні. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у сярэднім па раёне склала 29,3 цэнтнера з гектара, што на 3,4 цэнтнера больш леташняга паказчыка. На плошчы больш за 10 тысяч гектараў намалочана 30,7 тыс. тон збожжа, (у 2008 годзе — 28,3 тыс. тон збожжа), у тым ліку больш 10 тыс. тон пшаніцы.


Па выніках збожжаўборачнай кампаніі 2009 года, сказаў далей М. Какора, наш раён папоўніўся трыма экіпажамі, намалот якіх склаў больш адной тысячы тон збожжа ў фізічнай вазе і чатырма вадзіцелямі, якія былі занятыя на адвозцы збожжа і перавезлі з поля на ток гэтаксама больш тысячы тон зерня. Асабліва прыемна, адзначыў старшыня райвыканкама, што сярод іх Акунец Віталь Віктаравіч — малады вадзіцель КСУП “Чырвоны Бор”. На жаль, як падкрэсліў выступоўца, ні адзін маладзёжны экіпаж камбайнераў не дасягнуў тысячнай мяжы, але 920 тон збожжа ў фізічнай вазе экіпажа з ААТ “Тураўшчына” ў складзе старшага камбайнера Кошмана Івана Мікалаевіча і камбайнера Кошмана Аляксея Мікалаевіча — вельмі годны паказчык.


На думку кіраўніка раёна, працаўнікі сельскагаспадарчай галіны сваёй добрасумленнай і самаадданай працай ўнеслі годны ўклад у харчовую бяспеку нашага раёна. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і сябе асабіста ён выказаў велізарныя словы падзякі працаўнікам вёскі і ўсім тым, хто сеяў, расціў і прыбіраў ураджай.


Канешне, М. Какора не мог не акрэсліць перспектывы. Вядома, ураджай 2009 года не параўнальны з 1987 і 1989 гадамі, калі пры сярэдняй ураджайнасці 35,8 і 34,5 цэнтнера з гектара было намалочана 46,7 і 43,9 тысячы тон збожжа адпаведна. Таму сёння перад намі задача: не толькі выйсці на гэтыя паказчыкі, але і абавязкова іх перасягнуць. Раён павінен атрымліваць 50-тысячныя ўраджаі. Для гэтага на сённяшні дзень у гаспадарках маецца ўсё: і тэхніка, і насенне, і ўгнаенні. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы сёлета ў гаспадаркі раёна паступіла 15 збожжаўборачных камбайнаў, 26 трактароў, у тым ліку 10 энерганасычаных. Штогод у аграпрамысловы комплекс раёна ўкладваюцца значныя сродкі і з кожным годам фінансаванне гэтай галіны значна павялічваецца.


Таму, звяртаючыся неспасрэдна да кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, кіраўнік раёна падкрэсліў, яны павінны добра разумець, што ад іх патрабуецца і якія павінны быць вынікі. Бо –- “…спыняцца на дасягнутым мы ні ў якім разе не можам. Наперадзе ў нас яшчэ больш складаныя задачы. Сяўба азімых збожжавых завершана. Аснова будучага ўраджаю закладзена і яна нядрэнная — гэта відаць па ўсходах. Таму я шчыра спадзяюся на тое, што ўдзельнічаць у рэспубліканскіх “Дажынках”-2010 года будуць і прадстаўнікі нашага раёна…” –- падкрэсліў М.Какора.


У гэты святочны радасны дзень старшыня райвыканкама яшчэ раз выказаў падзяку працаўнікам сельскай гаспадаркі, усім, хто спрычыніўся да вялікага ўраджаю цяперашняга года, пажадаў ім моцнага здароўя, новых поспехаў у стваральнай працы.


Здаўна жыве няўхільная ісціна — цана працы хлебароба вялікая, бо за яе вынікам стаіць праца ўсяго народа. На сцэнічнай пляцоўцы раённых “Дажынак-2009” адбываецца ўшанаванне прызнаных пераможцаў, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы травяных кармоў і вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2009 годзе. Узнагароды лепшым з лепшых уручаюць старшыня райвыканкама М. Какора і в.а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А. Наўныка.


Граматы і грашовыя прэміі за перамогу ў раённым спаборніцтве на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2009 годзе сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў атрымалі: КСУП “Людзяневічы” (дырэктар прадпрыемства Ульяновіч Віктар Несцеравіч); сярод спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — галоўны аграном КСУП “Бялёў” Ачапоўскі Уладзімір Уладзіміравіч; галоўны інжынер КСУП “Коленскае” Ляўковіч Казімір Уладзіміравіч. Узнагароды атрымалі і пераможцы раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых: за 1 месца экіпаж у саставе старшага камбайнера Жыганюка Івана Мікалаевіча і камбайнера Жыганюка Васіля Мікалаевіча з КСУП “Агра-Прыпяць” (цяпер — ААТ “Тураўшчына”); за 2 месца экіпаж у саставе старшага камбайнера Кірыловіча Уладзіміра Адамавіча і камбайнера Клімовіча Міхася Фёдаравіча — з гэтай жа гаспадаркі; за 3 месца экіпаж у саставе старшага камбайнера Кошаля Алега Кірылавіча і камбайнера Венгура Уладзіміра Мікалаевіча з КСУП “Агра-Прыпяць”.


Пераможцамі раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў на адвозцы збожжа ад камбайнаў, якія дабіліся максімальнай колькасці перавезенага збожжа без страт, узнагародамі райвыканкама адзначаны вадзіцелі КСУП “Агра-Прыпяць”: за 1 месца — Клімовіч Уладзімір Мікалаевіч; за 2 месца — Блоцкі Мікалай Адамавіч; за 3 месца — Матарас Фёдар Рыгоравіч.


Дыпломамі за актыўны ўдзел у мінулай уборцы ўраджаю, адданасць традыцыям хлебаробаў на свяце былі адзначаны таксама: кіраўнік ААТ “Жыткавічыхімсервіс” А. Собалеў, дырэктар унітарнага прадпрыемства “Жыткавіцкая хлебная база” В. Бабруйка, дырэктар ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс” А. Ляшкевіч, начальнік ПМК-66 трэста “Калінкавічыводбуд” У. Валадзько, дырэктар унітарнага прадпрыемства меліярацыйных сістэм “Жыткавіцкае ПМС” В. Палуянаў. Адзначаны таксама дыпломамі Жыткавіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, аддзел культуры і аддзел адукацыі. Каштоўным падарункам адзначаны кіраўнікі КСУПаў “Бялёў” і “Людзяневічы”.


Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Д. Гаўрылаў узнагародзіў пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2009 годзе сярод маладзёжных экіпажаў, якія дасягнулі максімальнага намалоту збожжа на камбайн. Апладысменты прысутных гучалі ў адрас старшага камбайнера Кошмана Івана Мікалаевіча і камбайнера Кошмана Аляксея Мікалаевіча з КСУП “Агра-Прыпяць”, маладога вадзіцеля, які ажыццяўляў перавозку збожжа ад камбайнаў, з КСУПа “Чырвоны Бор” Акунец Віталя Віктаравіча.


Не забыліся на свяце і пра ветэранаў сельскагаспадарчай працы –- словы падзякі гучалі ў адрас А.І. Мельнікава і Н.А. Мельнікавай, І.П. Сулкоўскага, А.І. Каламейчука, В.Г. Тураўца, М.Б. Паддубнага, А.А. Ахрамовіча, М.А. Мацукевіча –- ім уручылі памятныя сувеніры сённяшнія кіраўнікі гаспадарак, якія некалі ветэраны і ўзначальвалі.


А свята працягвалася выкананнем харэаграфічнай кампазіцыі “Беларускія ўзоры” ў выкананні народнага ансамбля танца “Прыпяць” і абрадам прыняцця навучэнцаў дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №182 у механізатары. У гэты ўрачысты момант маладым перадаў працоўную эстафету ветэран працы, які адпрацаваў у калгасе “Перамога” 26 гадоў, з іх 18 на пасадзе старшыні, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, — Аляксандр Іванавіч Мельнікаў. Ен наказвае моладзі любіць зямлю –- аснову ўсяго, і ўручае аднаму з навучэнцаў скрыначку з вялікім багаццем — зямлёй. У сваю чаргу, уступаючы ў рады працаўнікоў хлебнай нівы, маладыя механізатары прылюдна кляліся быць вернымі зямлі, па-гаспадарску клапаціцца пра яе, берагчы, ім павязваюцца сімвалічныя ленты. Пад цёплыя апладысменты маладыя юнакі праведзены ў вялікае працоўнае жыццё…


Але на гэтым афіцыйная частка свята не завяршылася. Удзельнікі яго на свае вочы пабачылі экслюзіў-рэтраспектыву. Гэта быў парад сельскагаспадарчай тэхнікі — падзівіліся “сэрцу”, якое падтрымлівае жыццё аграпрамысловага комплексу раёна на працягу апошніх гадоў. А пачалася тэхнічная рэтраспектыва паказам трактароў выпуску 80-х гадоў — па плошчы праехалі Т-25, Т-40 і МТЗ-50. Затым па плошчы праехала магутная тэхніка сучасных прамысловых гігантаў як Беларусі, так і далёкага замежжа. Завяршылі калону новыя комплексы зернеўборачнай тэхнікі, а таксама спецыяльныя аўтамабілі службаў МНС, дэманстравалася хлебабулачная прадукцыя райпа, аўтамабіль з брыгадай РЭС, аўтаклуба аддзела культуры…


Пасля разгарнулася шырокая канцэртная праграма, якую выдатна падрыхтавалі працаўнікі культуры раёна. Нацэнтральнай плошчы можна было набыць розныя смакоцці і добра падсілкавацца. Насычана прайшлі прэзентацыі твораў на хлебаробскую тэму ля раённай бібліятэкі, шмат на цэнтральнай плошчы забаў было і для дзяцей…


Тым жа часам у парку імя М. Гамолкі распачалася культурна-забаўляльная праграма. Тут працавалі стылізаваныя падворкі гарсельсаветаў раёна, ладзілася выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гурткоўцаў устаноў культуры і адукацыі, па-заліхвацку працавала танцавальная пляцоўка “Танцы пад гармонік “ (жыткаўчан і гасцей горада радавалі калектывы “Сваты” і іншыя), працавалі дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі, атракцыёны, выставы, гандлёвыя рады…


Несліся гукі песень вольных…


Ужо на падыходзе да парку гараджан і гасцей свята сустракалі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выставы іх вырабаў расцягнуліся на добрыя дзесяткі метраў. Добра папрацавалі ў сваіх установах адукацыі і культуры гэтыя таленавітыя людзі. Таму экспазіцыі атрымаліся на заглядзенне. Мала хто з гараджан праходзіў міма. Практычна ўсе спыняліся і любаваліся экспанатамі, нехта нават і набываў найбольш спадабаўшуюся рэч. Насупраць таксама красавалася выстава, зробленая з дароў палеткаў і садоў. Яе падрыхтавалі сельгаспрадпрыемствы. Тут жа побач гараджане маглі паспытаць шчасця, згуляўшы ў латарэю.


Гарадскі парк імя Гамолкі бліжэй да абеду нагадваў растрывожаны вулей. Менавіта сюды перамясціўся цэнтр святкавання. Смех і жарты, заліхвацкія гукі гармонікаў, бесперапынны спеў –- усё гэта нікога не пакідала раўнадушным. Але галоўнае, што прыцягвала людзей, былі стылізаваныя сялянскія выставы-падворкі. Іх да свята падрыхтавалі работнікі гарадскога і сельскіх Саветаў. Нават нічога не ведаючы пра сялянскі побыт, наведаўшы кожны падворак, можна было дасканала вывучыць і даведацца пра вясковае жыццё. Бо на падворках можна было пабачыць і вясковыя прылады працы, і разнастайныя стравы, і іншыя прадметы побыту, а таксама пачуць і пабачыць песні і абрады. Найперш, што хочацца адзначыць, гэта непаўторнасць падворкаў. Кожны сельсавет стараўся арыгінальна, з выдумкай раскрыць узятую для свайго падворка тэматыку. Яна была вельмі разнастайнай. Адзін Савет запрашаў на кірмаш, другі — на мядовую паляну, трэці — на паляўнічы стан, чацвёрты — у госці да лесніка, пяты — у карчму і гэтак далей. Адпаведна, што журы ў складзе старшыні райвыканкама Мікалая Какоры, яго намеснікаў і старшыні райсавета Віктара Атліванава было нялёгка вызначыць, чый жа падворак самы гасцінны і прыгожы. Усе стараліся сустрэць гасцей смачнымі стравамі ды вясёлымі песнямі. Гэтае старанне не пакінула журы пазаўвагай. Кожны сельскі падворак быў адзначаны спецыяльнай заахвочвальнай прэміяй. Самыя ж лепшыя падворкі ( Дзякавіцкага, Мілевіцкага і Азяранскага сельсаветаў, якія занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месца) з рук старшыні райвыканкама атрымалі яшчэ і ганаровыя дыпломы.


Наведванне падворкаў — гэта не адзіная забава, якая ладзілася ў гарадскім парку для гараджан. Як заўсёды, вялікі натоўп сабраўся ля месца, дзе праходзіў конкурс “Вясёлая рыбалка”. Увогуле, рыбгасы раёна не толькі весялілі людзей, але і частавалі свежазваранай наварыстай юшкай.


Ніхто не абмінаў і канцэртную пляцоўку. Тут ладзілася праграма “Танцы пад гармонік”. Эх, як апладзіравалі жыткаўчане самадзейным артыстам сямейнага ансамбля Абібок з Запясочча, народнага ансамбля народнай песні “Сваты”, Ніне Лінкевіч, спявачцы з Мілевіч, і іншым. А потым гледачы не ўтрымаліся. І вось ужо закружыліся пары ў народных танцах: польцы і падыспані, і іншых. Мноства песень падарылі гараджанам самадзейныя артысты і з канцэртнай пляцоўкі на цэнтральнай плошчы. Тут таксама было нямала забаў. Дзеці маглі пакатацца на аўтамабілях, пабываць у замку, набыць шарыкі і цацкі, а таксама ласункі, а дарослыя паспаборнічаць ў стральбе або памерацца сілай у атракцыёне малатабойцаў. Дарэчы, дзіцячая пляцоўка працавала і ў парку. Не было праблем і з тым, каб падсілкавацца. Працаўнікі спажывецкага раённага таварыства і прадпрымальнікі прапаноўвалі шырокі асартымент страў. Гандаль ішоў бойка з самай раніцы і да заканчэння свята.


Бліжэй к вечару гараджане і госці зноў пачалі збірацца ля галоўнай сцэны свята. Усе з нецярпеннем чакалі выступлення зоркі беларускай эстрады Ані Шаркуновай. Больш за гадзіну спявачка радавала жыткаўчан сваёй песеннай творчасцю. А потым вячэрняе неба расквецілі залпы святочнага феерверка. Менавіта ім закончылася свята хлебаробаў у Жыткавічах.


У. МІКАЛАЕЎ, С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.