Весялосць і радасць дораць людзям

Наколькі таленавітыя і творчыя культработнікі працуюць на Жыткаўшчыне ўжо можна было меркаваць па экспанатах выставы, якая раскінулася ў фае Жыткавіцкай дзіцячай музычнай школы. З самых розных матэрыялаў рукамі гэтых людзей былі створаны разнастайныя кампазіцыі, якія вабілі вока сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. Відаць, што рабілі ўсё з душой, вялікай любоўю. Дарэчы, душэўнасцю і сардэчнай цеплынёй, шчырасцю і радасцю было прасякнута ўсё ўрачыстае мерапрыемства работнікаў культуры раёна, прысвечанае іх прафесійнаму святу. Адбылося яно ў актавай зале Жыткавіцкай дзіцячай музычнай школы.


Урачыста і ўзнёсла вітаюць сабраўшыхся ў зале спецыялістаў культурнай сферы раёна са сцэны вядучыя свята. Яны ж і прадстаўляюць шматлікіх гасцей, якія прыйшлі на мерапрыемства, каб павіншаваць вялікі калектыў работнікаў культуры раёна. Гэта старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора, яго намеснікі Анатоль Быстрэнка, Валерый Рагалевіч, начальнікі аддзелаў фінансаў, ідэалогіі, адукацыі райвыканкама Галіна Карасёва, Леанід Валатоўскі, Анна Лукашэвіч, галоўны рэдактар раённай газеты Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Аліфяровіч і многія іншыя. Такая вялікая дэлегацыя гасцей з’яўляецца прамым сведчаннем таго, наколькі важная і значымая праца работнікаў культуры для нашага грамадства. Гэта было падкрэслена і невялікай гумарыстычнай інтэрмедыяй “Хто такі культработнік”, у якой паказаны лепшыя рысы людзей гэтай прафесіі: весялосць, адданасць сваёй справе, творчасць, дабрыня і іншыя. Гэта адзначыў у сваім выступленні і старшыня райвыканкама Мікалай Какора, які, цёпла павіншаваўшы працаўнікоў культурнай нівы раёна, сказаў, што іх дзейнасць — гэта не толькі важны рэсурс, які адыгрывае вялікае значэнне ў выхаваўча-ідэалагічным працэсе нашага грамадства, але і дапамагае ствараць станоўчы імідж нашай краіны ва ўсім свеце. Падзякаваўшы культработнікам за іх працу, Мікалай Міхайлавіч прывёў прыклады найбольш яркіх і паспяховых мерапрыемстваў, якія адбыліся ў культурным жыцці нашага раёна, іншых дасягненняў, што маюццца ў гэтай сферы, і, канешне ж, пажадаў новых поспехаў у сваёй дзейнасці, далейшага ўдасканалення работы. Улада, як зазначалася кіраўніком раёна, і надалей будзе ўсебакова апякаць і падтрымліваць сферу культуры, дапамагаць вырашаць пастаўленыя перад ёю задачы.


Шмат прыгожых і цёплых слоў віншавання і ўдзячнасці выказаў прысутным на мерапрыемстве ў сваёй прамове і начальнік аддзела культуры Сяргей Агіевіч.


— Добра, што ў нашых культработнікаў ёсць свята, бо гэта сям’я, якая аб’ядноўвае самых таленавітых і творчых людзей Жыткаўшчыны, кожнае мерапрыемства, падрыхтаванае імі, вызначаецца сваёй адметнасцю і непаўторнасцю, — сведчыў у сваім віншавальным слове рэдактар раённай газеты Уладзімір Гаўрыловіч.


Таксама Уладзімір Мікалаевіч адзначыў вялікую работу культработнікаў па супрацоўніцтву з раёнкай. Больш сямі дзесяткаў матэрыялаў пра культурнае жыццё раёна надрукавана на старонках газеты з пачатку бягучага года. Адзінаццаць аўтараў — работнікі культуры. За супрацоўніцтва з газетай рэдактар адзначыў работніцу Чырванаборскага Дома культуры Валянціну Укражэнку. Тым самым паклаў пачатак урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання лепшых работнікаў культуры раёна за іх паспяховую і плённую працу. Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта ўручылі на свяце Таццяне Дзейхінай, выкладчыку Тураўскай школы мастацтваў; абласнога ўпраўлення культуры — Ганне Лой, дырэктару раённага цэнтра фальклору, Рыгору Казаку, дырэктару Верасніцкай школы мастацтваў; райсавета — Людміле Крондзе, дырэктару цэнтральнай раённай бібліятэкі, і Людміле Паддубнай, загадчыку сектара культурна-масавай работы Тураўскага ГДК, Кацярыне Макарэвіч, дырэктару Бялёўскага СДК; аддзела культуры — Міхаілу Шрубу, выкладчыку Верасніцкай школы мастацтваў, Ірыне Коваль, выкладчыку Чырвоненскай музычнай школы, Алене Астроўскай, мастацкаму кіраўніку Чырванаборскага СДК. Самі ж работнікі культуры адзначылі спецыяльнымі дыпломамі шэраг кіраўнікоў устаноў і арганізацый раёна за актыўную дапамогу і супрацоўніцтва на ніве культуры. Дыпломы ў намінацыях “Спонсар года” атрымалі Кацярына Таненя, дырэктар ПУГП “МінаТорг” і Аляксандр Блоцкі, начальнік НПС “Тураў”, “Надзейная апора” — Анна Лукашэвіч, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама і Алена Шпакевіч, старшыня Юркевіцкага сельскага Савета, “Лепшы сябар” — Міхаіл Ляўковіч, дырэктар ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас”, “Вядучы года” — Алег Аляксееў, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, “Выстава года” — калектыў работнікаў устаноў культуры Руднянскага сельскага Савета. Узнагародзілі каштоўнымі падарункамі і калектывы-юбіляры ўстаноў культуры. Іх атрымалі Жыткавіцкая дзіцячая музычная школа, з нагоды пяцідзесяцігадовага юбілею, і народны ансамбль народнай песні “Верас” з нагоды шасцідзесяцігоддзя. Завяршыла цырымонію ўзнагароджвання Таццяна Яўлаш, дырэктар раённага Дома культуры, Яна павіншавала з юбілеямі Кацярыну Макарэвіч, Алену Шруб, работнікаў Бялёўскага СДК, і Людмілу Грыб, дырэктара метадычнага цэнтра. Як зазначыла пасля ўзнагароджвання Анна Лукашэвіч, начальнік аддзела адукацыі, супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі і культуры мае вялікае значэнне, бо стымулюе стваральную працу на карысць грамадства.


— Школа адкрывае таленты, а культура развівае іх, разам жа мы прывіваем любоў да прыгажосці маладому пакаленню, — зазначыла Анна Якімаўна. — Пастарайцеся не растраціць той творчы дар, каб выконваць сваю галоўную місію: дарыць радасць людзям.


Пераканацца ў тым, што гэта так, можна было падчас прагляду слайдаў пра будні культработнікаў.


Не менш яркай і запамінальнай была і цырымонія прыняцця ў рады культработнікаў раёна маладых спецыялістаў. Дзякуючы ім сям’я работнікаў культуры раёна папоўнілася на сем чалавек. Кожны малады спецыяліст прынёс клятву вернасці абранай прафесіі, даў слова, што будзе прыкладваць усе свае навыкі, талент, творчыя здольнасці, іншыя якасці, а іх у кожнага, як вынікала з зачытаных характарыстык, дастаткова для развіцця культуры. Праслухалі маладыя спецыялісты і наказ вопытнага працаўніка Валянціны Ахрамовіч, якая 38 гадоў свайго жыцця аддала працы на ніве культуры раёна.


Закончылася мерапрыемства цудоўным канцэртам, які для прысутных на свяце падрыхтавалі калегі з розных устаноў культуры раёна.


С. БЕЛКА. Фота В.КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.