Каваль свайго лёсу

Вясковы хлопец Міхаіл Сігай, ураджэнец Петрыкаўшчыны, яшчэ ў дзяцінстве засвоіў ісціну аб тым, што толькі працавіты чалавек, які жыве з мазаля і ўпарта ідзе да пастаўленай у жыцці мэты, можа ў рэшце рэшт стаць кавалём свайго лёсу і шчасця. У вёсцы, дзе ўлетку кладуцца спаць позна, а ў час касавіцы ці выгану кароў на пашу ўстаюць з першымі спевамі пеўняў, да такой высновы прыходзіш хутка. Вось таму ў школьныя гады і вырашыў цвёрда: трэба добра асвоіць адну рабочую прафесію і ўвесь час шліфаваць яе, бо нездарма кажуць, што няма межаў дасканаласці.


Школьныя гады праляцелі неўпрыкмет, і вось ужо ён у Гомельскім прафтэхвучылішчы №132 вучыцца на аграншчыка алмазаў. Два гады служыў у арміі, затым працаваў у нашым абласным цэнтры на заводзе “Крышталь”.


Добрая вестка хутчэй птушкі ляціць: дачуўся Міхаіл, што ў Жыткавічах адкрываецца новы маторабудаўнічы завод. І доўга не раздумваў — гэта ж суседні раён, а трэба ўжо і пра сям’ю паклапаціцца, пра ўласнае жыллё. У кастрычніку 1980 года (завод быў заснаваны летам гэтага года) ён і быў прыняты сюды на работу памочнікам токара.


Вопыт і заслужанае прызнанне хутка прыходзяць да таго, хто да гэтага імкнецца. У 1986 годзе Міхаіл Іванавіч, тады ўжо жанаты чалавек, як лепшы па прафесіі, пераможца працоўнага саперніцтва, атрымаў кватэру. З жонкай нарадзілі, выхавалі і вывучылі дваіх дзяцей. Зараз дачка працуе настаўніцай, а сын у прыватнай фірме ў галіне тэлекамунікацый.


Вось ужо дванаццаць гадоў Міхаіл Сігай працуе токарам у адкрытым акцыянерным таварыстве “Сатурн-1”. Ен – майстар высокай кваліфікацыі, віртуоз сваёй справы. Варта толькі паназіраць, як адмыслова, віртуозна вырабляе ён на сваім станку самыя разнастайныя вытворчыя і рамонтныя дэталі.


— Наша прадпрыемства — адно з лепшых у раёне, — не без гонару зазначае Міхаіл Іванавіч. — Створаны цудоўныя ўмовы як для работы, так і ў быту. Дастойны заробак мае магчымасць атрымаць кожны, хто на рабоце думае пра работу, сябруе з парадкам і дысцыплінай.


Жыццё Міхаіла Сігая не абмяжоўваецца толькі рабочымі буднямі, ён чалавек энергічны, цікаўны, з шырокімі інтарэсамі і захапленнямі. І на першым плане тут пчалярства і рыбная лоўля. Мае сваю пасеку, прачытаў, праштудзіраваў шмат спецыяльнай літаратуры аб утрыманні пчол, бо асвойваў гэтую старажытную і такую цікавую, захапляючую справу, што называецца, самавукам.


А калі ў цябе на рабоце парадак і дома лад, калі ў выхадныя ты пасядзеў з вудай на возеры, рэчцы, альбо з задавальненнем патупаў ля пчол, то і новы рабочы тыдзень пачынаеш з добрым зарадам бадзёрасці, з жаданнем зрабіць болей і лепей. Таму ўсё гэта і ёсць яны, складальнікі простага чалавечага шчасця.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.