Належны клопат пра здароўе людзей

Пра дзейнасць урачоў Ленінскай бальніцы Валерыя і Людмілы Мароз не раз даводзілася чытаць у лістах жыхароў вёсак так называемай ленінскай зоны, якія яны дасылаюць на адрас рэдакцыі. Колькі добрых і цёплых слоў выказваюць у іх людзі гэтым спецыялістам: адзначаюць іх прафесіяналізм, чулыя адносіны да хворых, стараннасць і працавітасць. Нездарма Ленінская ўчастковая бальніца па выніках мінулагодняй дзейнасці ў сістэме аховы здароўя раёна стала адной з лепшых лячэбных устаноў. Гэта таксама прызнанне працы Валерыя Фёдаравіча і Людмілы Вячаславаўны і ўсяго персанала бальніцы. Ды і ў кіраўніка мясцовага сельсавета калектыў бальніцы карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам. Па словах Інесы Васільеўны Глушань нямала сіл прыкладваюць урачы і медперсанал па добраўпарадкаванню тэрыторыі сваёй лячэбнай установы. Тут заўсёды пануюць чысціня і парадак, радуюць вока мноства кветак на клумбах.


— А як прыгожа ўнутры ў нашай бальніцы, — зазначае Інеса Васільеўна, — быццам у санаторый трапляеш, так усё там утульна і прыгожа. Гэта найперш падкрэслівае гаспадарлівасць кіраўніка ўстановы, яго ўменне настроіць калектыў ствараць выдатныя ўмовы для хворых.


Яшчэ, па словах выконваючай абавязкі старшыні сельсавета, мясцовыя ўрачы з’яўляюцца найлепшымі памочнікамі прадстаўнікам улады ў рабоце з недобранадзейнымі сем’ямі. Яны пастаянна наведваюцца ў такія сем’і, сочаць за здароўем дзетак. Увогуле, урачамі бальніцы абслугоўваецца 456 дзяцей і падлеткаў. Ды і да пенсіянераў таксама ўрачы ставяцца з павагай. У практычным арсенале медработнікаў не толькі пастаянныя прыёмы непасрэдна ў лячэбнай установе, але і выезды ў аддаленыя населеныя пункты. Зона абслугоўвання Ленінскай бальніцай даволі вялікая, паўсотні кіламетраў у дыяметры, дзе налічваецца два дзесяткі населеных пунктаў. Амаль тры тысячы жыхароў пражыввае, з якіх 1287 на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Большасць жыхароў — гэта людзі пажылога веку, якім патрабуецца пастаянны клопат медработніка. Таму і напружаны графік работы ў персанала Ленінскай сельскай бальніцы. Напрыклад, толькі за мінулы год колькасць урачэбных наведванняў склала 17911, у іх ліку: непасрэдна ў лячэбнай установе ўрачом агульнай практыкі — 13294, на даму — 2472, урачом стаматолагам — 2145. Дзейнасць вясковых медработнікаў дазволіла знізіць у параўнанні з папярэднім годам колькасць выклікаў хуткай дапамогі. За апошнія гады на тэрыторыі, якая абслугоўваецца работнікамі Ленінскай сельскай участковай бальніцы, не выяўлена ніводнага выпадку захворванняў на сухоты, на анкалагічныя захворванні, не зарэгістравана дзіцячай смяротнасці. Гэта сведчанне таго, што ўрачамі ўстановы праводзіцца вялікая прафілактычная работа. Яшчэ адзін плюс у рабоце ўстановы, што яе персанал пастаянна ўдасканальвае і ўкараняе сучасныя методыкі дыягностыкі і лячэння. Ды і матэрыяльная база спрыяе, на высокім узроўні аказваць медыцынскую дапамогу людзям. Усё гэта і прыносіць у сукупнасці патрэбны вынік — належны клопат пра здароўе людзей.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.