Захавальніца духоўнасці
Вельмі добра, што ў нашай газеце ёсць такая рубрыка “Нам пішуць”, дзе кожны можа выказацца пра набалелае, прыемнае, радаснае.
Уласна я хачу напісаць пра тое, аб чым павінна была напісаць даўно.
Праз цябе, раёнка, хачу выказаць словы ўдзячнасці і прызнання ўдзельніцам народнага гурта “Крыніца” вёскі Новыя Мілевічы. Так, народнага, я не памылілася, бо дзейнасці гэтага гурта ў 2006 годзе на абласным фестывалі “Берагіня” ў Акцябрскім было нададзена званне народнага.
Суботнім вечарам з канцэртам мастацкай самадзейнасці жанчыны наведалі сваіх суседзяў — Мілевіцкі СДК, дзе іх чакалі жыхары вёскі. Тое, што яны паказалі, і прымусіла мяне ўзяцца за пяро.
Працуючы ў школе і з’яўляючыся кіраўніком гуртка “Этнаграфічная суполка”, мне не раз даводзілася звяртацца і да прадстаўнікоў гэтага гурта.
У 2007 годзе “Настаўніцкай газетай” быў аб’яўлены рэспубліканскі конкурс “Дзень зямлі. Беларусь-2007”. У пераліку болей 10 найменняў конкурсаў.
Адзін з іх — “Этнаграфічны мацярык”. Па ўмовах патрэбна было зрабіць аўдыёзапіс песень, якія бытуюць у нашай мясцовасці, легенды і паданні, апісаць дзейнасць знаўцаў народных промыслаў.
Удзельнікі гуртка звярнуліся з просьбай прадэманстраваць фальклорныя песні да на той час ужо “народнага” гурта. Акрамя іх песень, частка песень была вывучана і самімі ўдзельнікамі гуртка.
Вынік конкурсу ашаламляльны — Дыплом другой ступені рэспубліканскага ўзроўню + каштоўны прыз. Пасля атрымання дыплома патэлефанавала да нас прадстаўніца інстытута мастацтваў Мазюк Ірына Мікалаеўна са словамі “… Я аб’ездзіла вашу Тураўшчыну і Жыткаўшчыну ўздоўж і ўпоперак, а такіх песень, якія прадставілі вы, ніколі не чула. Мне выпісваюць камандзіроўку да вас, арганізуйце сустрэчу з гэтымі сапраўднымі знаўцамі фальклору.”
Як радаваліся жанчыны, што камусьці яшчэ трэба тое, што яны спяваюць і нясуць у культуру. Некалькі разоў іх песні дэманстравалі па сецявому радыё ў вечаровы час.
І яшчэ хочацца выказацца непасрэдна пра змест канцэрта. Натхняльнікам гурта, вялікім гумарыстам з’яўляецца Лінкевіч Ніна Фёдараўна. Вельмі ўжо ўсім гледачам былі даспадобы яе байкі. Глыбокі жыццёвы сэнс у тым, каб жонкі шанавалі сваіх мужоў. А то бывае прададуць за пяць мяшкоў бульбы, а потым шкадуюць. Трэба яшчэ дадаць, што гэтая жвавая жанчына неаднаразова была запрошана на фестываль народнага гумару ў Вялікія Аўцюкі. Нават уласна знаёма з галоўным рэдактарам пісьмаў газеты “Звязда” Валянцінай Доўнар. Між іншым, якая напісала свой водгук у “Звяздзе” пра свята гумару, не забыўшыся ўзяць інтэрв’ю і ў Ніны Фёдараўны.
Яркімі запяваламі ў калектыве прызнаны Ганна Пятроўна Мацукевіч, Ганна Усцінаўна Смірнова і Лідзія Маркаўна Чопчыц. Заўсёды новую ідэю своечасова падкіне Валянціна Сцяпанаўна Базун. А як гараць жыццялюбствам вочы ў Алены Андрэеўны Тарцан, якая не тоькі цудоўна спявае і танчыць, а яшчэ і паспявае ўнукаў гадаваць.
Трэба падкрэсліць, што амаль усе мастацкія нумары дыхалі нацыянальным каларытам. На мой погляд, іх праграма магла б паспрачацца нават і з прызнанымі артыстамі. Не забылі жанчыны і пра сучаснасць. Марыя Сцяпанаўна Пракаповіч ехала на “Мінуту славы”, каб зарабіць грошай, але шкада, раўнівы муж не пусціў.
Было б няпоўна, калі не сказаць добрае слова пра “нашу Наташу”. Так просценька і шчыра завуць жанчыны свайго кіраўніка, загадчыцу мясцовага клуба Наталлю Барысаўну Басарановіч. Хочацца пажадаць гэтым жанчынам доўгага веку, добрага здароўя і, негледзячы на сталы ўзрост, яшчэ доўгі час прапагандаваць і дэманстраваць нашу родную, нацыянальную культуру.
Да новых сустрэч, мае шаноўныя натхняльніцы!
В. ЕМЕЛЬЯНОВІЧ, в. Мілевічы.