Багатая даніна слаўнаму юбілею

Вечна прыгожы, такі доўгачаканы і заўсёды непаўторны месяц май прыходзіць да нас з яркай зелянінай адроджанай вясной прыроды, чырвона-белай квеценню садоў ды слаўным хвалюючым святам Перамогі. Яму, гэтаму святу, як і штогод, папярэднічаюць працоўныя напружаныя будні, бо кожная сям’я, кожны вытворчы калектыў стараюцца сустрэць 9 Мая дастойнымі паказчыкамі ў эканоміцы, парадкам, гаспадарлівасцю на палях і ў агародах. У сельгаспрадпрыемствах імкнуцца ў асноўным завяршыць пасяўныя і пасадачныя работы, каб своечасова распачаць догляд за ўсімі сельскагаспадарчымі культурамі. Бо спрадвечны калаўрот дзён і начэй і сапраўды пацвярджае кожны год: веснавы дзень год корміць. Не адстаюць ад дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў і прыватныя падворкі: садзяць соткі і сеюць агароды клапатлівыя, дбайныя палешукі…


А яшчэ святу Перамогі заўсёды папярэднічаюць у нас суботнікі, пасля якіх прыгажэюць, маладзеюць, нібы нараджаюцца нанава вуліцы і плошчы нашага райцэнтра. Не выключэннем была і гэтая вясна, якая дружнаю працай калектываў унесла новыя штрыхі ў аблічча горада. Людзі займаліся добраўпарадкаваннем: рыхтавалі-разбівалі клумбы для пасадкі кветак, бялілі дрэўцы, фарбавалі драўляныя канструкцыі, дэманстравалі творчую фантазію ў пашырэнні, развіцці так званых малых архітэктурных форм, ліквідоўвалі несанкцыянаваныя звалкі. Прычым жыткаўчане шчыравалі як у межах гарадской рысы, так і ў наваколлі горада. Таму горад Жыткавічы і яго жыхары з поўным на тое правам маглі смела і ўпэўнена рапартаваць напярэдадні 9 мая: да свята Перамогі гатовы! Урачыстыя мерапрыемствы павінны былі стартаваць у мікрараёне Азёрны райцэнтра і напярэдадні ўсе хваляваліся: каб толькі не падвяло надвор’е. І пагода нібы пачула шматлікія просьбы людзей і не захацеўшы азмрочыць свята ветэранаў, усеагульнае нашае свята, выдалася з раніцы рахманай, недажджлівай.


Чародкамі, своеасаблівымі жывымі ручайкамі рухаліся людзі ў азначаны мікрараён, каб уліцца ў вялікую рэчку, стаць агульначалавечай плынню. Ідуць прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь, бацькі з дзецьмі, бабулі і дзядулі з унукамі і ўнучкамі, якія трымаюць у руках паветраныя шарыкі ўсіх колераў вясёлкі. Усе прыгожа, святочна апранутыя, у прыўзнятым, радасным настроі. Вітаюць, віншуюць адзін другога, жартуюць. А што думаюць пра гэтае свята людзі, як яны да яго ставяцца?


— Адношуся з вялікай павагай і пашанай, — дзеліцца думкамі маладая маці дваіх дзяцей Вольга Гулюта. — Вы ведаеце, у нашай сям’і ваяваў дзядуля Міхаіл Фаміч, яго, праўда, зараз ужо няма ў жывых. Ен меў ваенныя ўзнагароды, быў паранены пад Кёнігсбергам, звыш паўгода лячыўся ў шпіталі. На 9 мая ён уставаў раней за ўсіх, па-святочнаму апранаўся і расказваў нам за снеданнем пра сваю матухну-пяхоту, пра тое, як яны бралі тую незабыўную высотку, успамінаў загінуўшых сваіх сяброў, часам нават плакаў. На Дзень Перамогі наша радня заўсёды адведвае яго на могілках. А яшчэ я помню, як у нашай школе праводзіліся так званыя ўрокі мужнасці. Класны кіраўнік прыводзіла да нас франтавіка альбо партызана, якія расказвалі пра сваё баявое мінулае. Гэта было так цікава, мы слухалі стаіўшы дыханне, а потым задавалі пытанні. Асабіста я глядзела на кожнага ветэрана, быццам на ікону, і вы можаце не паверыць — такія ж адносіны да іх у мяне засталіся і па сённяшні дзень.


Толькі ж дзе асноўныя віноўнікі сённяшняга свята — нашы ветэраны? На гэты раз іх не ўбачыш наперадзе святочнага шэсця — прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі прывозяць у мікрараён у легкавушках з адкрытым верхам. Гэта вялікая павага і пашана ім і даніна павагі да іх сталых гадоў, бо здароўе ўжо не дазваляе без цяжкасцяў пераадолець шлях да цэнтра горада, дзе павінны адбыцца асноўныя дзеі свята. А што ім некалі, у тыя ваенныя гады было пераадолець гэты нязначны шлях… Перабегчы, або, мяркуючы па абстаноўцы, па-пластунску перапаўзці гэты адрэзак мясцовасці… Ды толькі гады і час бяруць сваё і няма ўжо былой моцы.


На пачатку дванаццатай гадзіны дня працоўныя калектывы выстройваюцца ў роўную рознакаляровую калону, і святочнае шэсце па вуліцы Сацыялістычнай распачынаецца. Яго ўзначальваюць юнакі-сцяганосцы, у дужых маладых руках якіх калышуцца чырвоныя і блакітныя, жоўтыя і зялёныя палотнішчы. Следам ідуць дзяўчаты-барабаншчыцы ў адмысловай вопратцы. І вось ужо наваколле яшчэ больш ажыўляе дружны, суладны пошчак палачак іх барабанаў. І калі пасля іх грымнуў духавы аркестр, то свята сапраўды стала ўсеагульным.


З двух бакоў святочную калону па пешаходных тратуарах суправаджаюць людзі, што ідуць у тым жа напрамку. Адна за другой няспешна рухаюцца ўпрыгожаныя легкавушкі з ветэранамі. Кіруюць імі вадзіцелі ў салдацкіх пілотках. Блішчаць, пераліваюцца пад ясным сонейкам ордэны і медалі франтавікоў і партызанаў. Ветэранам людзі машуць рукамі з дарогі, балконаў дамоў, віншуюць іх. Дзеці дораць кветкі. Няшмат ужо засталося ў нашым раёне ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — каля двухсот чалавек. Як скажа крыху пазней у сваім выступленні старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Піліпавіч Аліфяровіч, хутка са сцэны жыцця сыдзе апошні франтавік…


І тым не менш, трэба аддаць ім належнае, ветэранская арганізацыя робіць вялікую справу. У аснове яе дзейнасці тры галоўныя накірункі: сацыяльная абарона ветэранаў, патрыятычнае выхаванне моладзі, беражлівае захаванне месцаў баявой славы, помнікаў і могілак. Стараюцца дапамагаць, падтрымліваць адзін другога, і ў першую чаргу адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей. Яны адчуваюць, што ёсць арганізацыя, якая клапоціцца пра іх. Ветэраны даносяць да моладзі вялікую праўду пра вайну з першых вуснаў. І гэта вельмі важна, бо хутка наступіць той час, калі пра вайну будуць даведвацца толькі з падручнікаў.


Вось чаму галоўнае ўпрыгожванне вуліц і плошчаў райцэнтра ў гэты дзень — нашы ветэраны, колькасць якіх з кожным годам, вобразна кажучы, змяншаецца да жменькі. І нягледзячы на сапраўдны іканастас узнагарод, медалёў і ордэнаў на грудзях у кожнага з іх, яны вызначаюцца прастатой і сціпласцю. Самі сябе не лічаць героямі, гавораць, што інакш і быць не павінна…


Святочная калона, наперадзе якой рухаюцца сцяганосцы, барабаншчыкі, духавы аркестр і УАЗікі з ветэранамі, спыняецца ля помніка воінам Чырвонай Арміі і партызанам, дзі і было запланавана правесці святочны мітынг, прысвечаны 65-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў.


Гарыць ля помніка святочны, свяшчэнны агонь. З прамовай да ўсіх прысутных звяртаецца старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Атліванаў. Ен аб’яўляе мітынг адкрытым. Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь.


З пранікнёнымі, хвалюючымі словамі да ветэранаў, усіх удзельнікаў мітынгу звярнуліся старшыня райвыканкама Мікалай Какора, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Аліфяровіч, кіраўнік гуртка, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Жыткавіцкага раённага Дома дзіцячай і юнацкай творчасці Людміла Хмарук, благачынны Тураўскай царкоўнай акругі Генадзь Хаткевіч. Аб’яўляецца мінута маўчання. Прадстаўнікамі працоўных калектываў, усімі жадаючымі затым ускладаюцца да помніка вянкі і кветкі. Гучаць залпы салюта. Віктар Атліванаў аб’яўляе мітынг закрытым.


Людская рака плыве да плошчы імя Леніна, дзе неўзабаве пачынаецца парад “Марш Перамогі” з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, супрацоўнікаў РАУС, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, працоўных калектываў і тэхнікі.


Пад бадзёрыя мелодыі песень, урачыстыя здраўніцы па плошчы праходзяць калоны працоўных калектываў раёна. Затым адзін за другім рухаюцца з густам аформленыя аўтамабілі, якія ўвасабляюць, сімвалізуюць сабой усе этапы вайны. Тут і Брэсцкая крэпасць-герой, і гарады Масква, Ленінград, Тула, Севастопаль, Сталінград, Наварасійск і другія.


Затым на плошчы распачынаецца культурна-забаўляльная праграма, якую, на вялікі жаль, праз некаторы час спыніў і ў канчатковым выпадку значна скараціў дождж. І ўсё ж свята адбылося, у чым вялікая заслуга ўсіх работнікаў аддзела культуры, дырэктара гарадскога цэнтра культуры Таццяны Яўлаш. Іх рабочы дзень на 9 мая пачаўся ў 6 гадзін раніцы. І ўжо да 10 гадзін агульнымі намаганнямі былі падрыхтаваны, маляўніча аформлены ўсе пляцоўкі свята, а ў першую чаргу парк імя Гамолкі і гарадская плошча. Дзейнічаў “Партызанскі прывал”, ля палявой кухні можна было паспытаць салдацкай кашы. Былі наладжаны выставы малюнкаў навучэнцаў школ горада Жыткавічы і дзіцячых школ мастацтваў раёна “Палітра Перамогі”, кніжная выстава “Памяць за сабой пазаві”, выстава гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва школ горада Жыткавічы. Не былі забыты работы атракцыёнаў, мерапрыемствы спартыўна-забаўляльнай праграмы.


А вечарам шматлюдна было перад сцэнай на плошчы ў час правядзення маладзёжнага канцэрта “Мы — нашчадкі Перамогі”. Выступалі прафесіянальныя калектывы Гомельскай абласной філармоніі і мясцовыя самадзейныя артысты. Але, бадай што, больш другіх “запальвалі” публіку эстрадная студыя песні (кіраўнік Вячаслаў Яўлаш) і эстрадная студыя танца (кіраўнік Святлана Іванова) гарадскога цэнтра культуры, нумары якіх ішлі на “біс” і “ура”. Вечар завяршыўся святочным феерверкам і дыскатэкай. Адпачываць у сваю асалоду можна было і надалей — назаўтра быў выхадны дзень…


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.