Дарогамі памяці

Памятныя дні вайны… Якія яны для тых, хто яе перажыў?


Колькі разоў збіралася пачаць размову аб гэтым са сваім прадзедам Бруй Хведарам Рыгоравічам. Але зборы мае так і засталіся ў разрадзе задумак, бо людзі не вечныя, часта адыходзяць у нябыт зусім нечакана. Чаму ж адкладвала такую важную размову? Не, не таму, што не было часу. Не таму, што не хачу ведаць гісторыю свайго краю са слоў яе сведак, яе творцаў.


Нават маленькія спробы завесці размову аб тым ліхалецці прыносілі майму дзядочку шмат перажыванняў і пакут. Маленькі і сухенькі ён станавіўся яшчэ меншым. Уціскаў галаву ў плечы, нізка хіліўся амаль да долу, хаваючы слёзы даўняга болю, які не сцёрся і з цягам часу. Вусны дзеда бязгучна пачыналі мовіць нешта незразумелае: ці то сапраўды нешта расказваў, ці то ўзносіў да нябёс ціхую малітву за бязвінна загінуўшых. І тады я дакарала сябе за боль, які прычыняла роднаму мне чалавеку.


На пачатак вайны дзеду ўжо споўнілася васемнаццаць гадоў, але прызвацца ў армію не паспеў. Тым болей што ён працаваў галоўным бухгалтарам калгаса і трэба было адправіць калгасную маёмасць у тыл.


24 красавіка 1944 года, напярэдадні Радаўніцы, дзед і яго бацькі начавалі дома. Звычайна яны жылі на балоце, у куранях, дзе хаваліся ад немцаў. А ў тую ноч вярнуліся ў хаты, каб зварыць куццю ды памянуць продкаў.


На досвітку немцы акружылі вёску. Прыплылі яны на гумавых лодках з Турава. Быў павадак і другой дарогі ў вёску проста не было. Хадзілі ў хаты і выганялі жыхароў на сход у цэнтр вёскі, у вялізную хату дзядзькі Хведара. Праўда, некаторых людзей немцы папярэджвалі, каб уцякалі, толькі людзі не верылі, што паліць будуць і старых, і дзетак… Не хацелася верыць у такую жудасць…


Дзед спаў у сенцах, было яшчэ цмяна. Немцы ўвайшлі ў хату, там маці паліла ўжо печ, бацька сядзеў за сталом. Немцы чамусьці вырашылі застрэліць бацькоў прама тут, у хаце. Мабыць бачылі, што людзі вельмі старыя і цягці іх на “сход” будзе клопатна. Ад стрэлаў дзед прачнуўся, схапіў шапку з цвіка, уцякаючы, нешта зачапіў. Немцы пачулі грымоту ў сенцах, кінуліся ў дзверы, пачалі страляць. Уцякач пабег да калгасных складоў, хаваўся паміж прывезенага яшчэ да вайны лесу для будаўніцтва клуба. Але ад разрыўных куль схавацца было цяжка.


Наперадзе — разліў, счарнелы красавіцкі лёд ужо не трываў, але і плыць не даваў. Думаць не было калі, кінуўся дзед у халодную ваду. То плыў, то бег па лёдзе, правальваўся, абразаючы да крыві рукі і ногі. Куля збіла шапку, ад спуду ён аж з галавою нырнуў пад воду. Так ён дабраўся да Князь-Бара. У вёску ісці баяўся, можа і там немцы чакаюць? Перайсці праз дарогу, дабрацца да куранёў таксама было страшна. Так і сядзеў, у сподніках, абмерзлы, спуджаны… А над вёскай чуўся жудасны чалавечы крык, які хутка захлынуўся ў чорных клубах дыму… Гарэла вёска, гарэлі ў полымі жывыя людзі…


Толькі назаўтра, разам з Іванам Курбанам, бо астатнія не адважыліся ісці ў вёску, дзед пайшоў на месца трагедыі. Будынкаў ніякіх не засталося. Дзе-нідзе ляжалі апаленыя трупы людзей. Але іх было мала. У асноўным усе былі спаленыя ў адной вялікай хаце. Адны костачкі засталіся. На пажарышчы ляжалі маленькія трупы немаўлятак. Яны былі цэлыя, ружовага колеру. Ад дотыку рассыпаліся ў прах… Родзічы пазнавалі сваіх родных па гузіку, па кавалачку адзення… Збіралі рэшткі ў посцілкі, і тут жа, недалёка, сярод вуліцы і хавалі у адной брацкай магіле. Разам прынялі жудасную смерць, разам няхай спяць у сырой зямлі. Больш зрабіць на той час яны не маглі. Немцы маглі вярнуцца ў любы час. Ды і ад перажытага не было сіл, усё плыло ў незразумелым страшным сне…


Гэтыя звесткі сабраны за многія гады па адным слоўцы. Згадзіцеся, што ўспамінаць, гаварыць аб гэтым цяжка. Многія падрабязнасці, вядома, прапушчаныя, ёсць тое, што застаецца ў патаемных куточках чалавечай душы.


Праходзяць гады. З цягам часу я адчуваю ўнутраную патрэбу адзначаць, дакладней, ушаноўваць дзень Перамогі, не па загаду, не таму, што гэта чырвоная дата календара. А проста таму, што я — частка сваёй радзімы, свайго народа, які здабыў Перамогу вельмі вялікаю цаною. Я падымаю вочы да неба, углядаюся ў блакіт, дзе кружаць срэбнакрылыя буслы. Здаецца, адтуль, з вышыні, пазіраюць на мяне вочы тых, хто загінуў у час вайны. Яны радуюцца таму, што я жыву ў мірны час. А я свята буду помніць свой абавязак перад імі: захаваць мір на зямлі, зрабіць усе, што ад мяне залежыць, у гэтай справе.


М. БАЛБУЦКАЯ, вучаніца 11 класа Верасніцкай САШ, гурток “Юны журналіст”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.