“Другі хлеб” па восені лічуць

Які зараз асноўны клопат у працаўнікоў камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Бялёў” здагадацца няцяжка. На цяперашні час над гэтымі мясцінамі стаіць густы пах свежай раллі і выкапанай бульбы. І сёлетняга ўраджаю, як сцвярджаюць мясцовыя работнікі, хопіць і для смажання, і для варыва, і для печыва, а таксама на традыцыйныя дранікі не толькі сабе, але і гараджанам, што набудуць у гаспадарцы клубні.


Сапраўды многа. Яшчэ клубні і на палове плошчаў не выкапаны, а ўжо маецца пад тысячу тон “другога хлеба”. Падчас наведвання сельгаспрадпрыемства складваецца такое ўражанне, што накапаныя клубні ляжаць паўсюдна: у варахах на месцы буртавання, затараныя ў мяхі і сеткі ў сховішчах і складах, на сартыравальным пункце і гэта не лічачы палеткаў. У “Бялёве” ужо каторы год бульба займае самыя вялікія плошчы ў раёне. Як зазначыла брыгадзір паляводчай брыгады Валянціна Жогаль, сёлета гэтая культура размешчана на 150 гектарах, і ўсе чакаюць ад іх належнай аддачы.


— Запланавалі накапаць з кожнага гектара па 250 цэнтнераў клубняў, — расказвае Валянціна Адамаўна, з якой мы сядзім на вагавой. — Раннія гатункі, з іх і пачалі ўборку, пакуль даюць па дзвесце цэнтнераў, але будзе і болей, бо ёсць палеткі, дзе бульба пасаджана насеннем высокіх рэпрадукцый.


Наша гутарка перарываецца. На вагі з’язджае чарговы трактар з прычэпам, які загружаны клубнямі, і спецыялісту патрэбна яго ўзважыць. Робіць брыгадзір гэта вельмі спрытна, пасля чаго заносіць лічбы ў ведамасць.


— Без уліку немагчыма ў нашай справе. Стараешся, каб на вагавой тэхніка не затрымлівалася, — ўзнаўляе размову Валянціна Адамаўна. — Будзе збой тут, пацерпяць і іншыя ланцугі бульбаводчага канвеера, а ён даволі доўгі: пачынаецца палеткам і заканчваецца месцам захоўвання клубняў. Тэхнікі цяпер не хапае катастрафічна, а ў гаспадарцы ўборка бульбы вядзецца механізавана, два камбайны задзейнічаны, а ім для бесперабойнай работы патрабуецца па некалькі машын на адвозку.


Капаць бульбу ў сельгаспрадпрыемстве распачалі яшчэ ў канцы жніўня. Прыспешыла тэрміны ўборкі надвор’е. Але гэтая акалічнасць ніколькі не паўплывала на ўраджайнасць, яна большая чым летась. Гэта бачна і на сартыравальным пункце, з агульнага бункера якога клубні раздзяляюцца па велічыні на розныя патокі. Найбуйнейшы з іх ідзе па тым транспарцёры, на які ідзе самая вялікая бульба.


— На сартыроўцы задзейнічаны нашы паляводы, — гаворыць Валянціна Адамаўна.


— Не толькі на сартыроўцы, — зазначае палявод з дваццаціпяцігадовым стажам Валянціна Дралава. — Яшчэ і ў сеткі клубні затарваем, і грузім іх спажыўцам, і бурты закрываем. Ураджай добры, таму і працы шмат, даводзіцца затрымлівацца на рабоце дапазна, пакуль камбайны з поля не вяртаюцца.


Доказ таго, што паляводам КСУПа сапраўды даводзіцца выконваць нямала абавязкаў на бульбаводчым канвееры, убачылі тут жа. Брыгадзір зняла іх з сартыравальнага пункта і накіравала на загрузку аўтамашыны пакупнікоў.


— Попыт на “другі хлеб” цяпер маецца, — зазначае Валянціна Адамаўна. — Прыязджаюць пакупнікі амаль штодзённа, але многіх цана наша не задавальняе. Высокай занадта лічаць яе. Наконт гэтага магу сказаць толькі адно, усе хочуць як мага танней прадукцыю працы селяніна купіць. Але ёсць нямала і тых пакупнікоў, каму нашы ўмовы падыходзяць, і яны з ахвотай купляюць нашу бульбу. Цяпер літаральна кожны дзень адгружаем па некалькі тон бульбы.


Вялікую дапамогу гаспадарцы па ўпарадкаванню клубняў аказваюць беспрацоўныя гараджанне. Па два дзесяткі і болей чалавек накіроўваецца службай занятасці ўсельгаспрадпрыемства. Разлік з імі за працу таксама ажыццяўляецца бульбай.


Ствараюць фронт работ для такой вялікай колькасці людзей штодзённа механізатары, якія непасрэдна заняты ўборкай клубняў на палетку. Па словах механізатара Анатоля Чмыхуна, работа ў іх спорыцца добра, штодзённа накопваюць па шэсцьдзесят і болей тон клубняў.


— Асабіста я бачу плён сваёй працы за год, — гаворыць Анатоль Іванавіч. — Я ж і садзіў бульбу вясной, і даглядаў яе, вось цяпер убіраю на камбайне. Добра яго адрамантаваў, падрыхтаваў да работы, таму копка ідзе амаль без страт. Таму стараюся, пакуль стаіць надвор’е, выкапаць як мага большую плошчу. Бульба для гаспадаркі з’яўляецца моцнай фінансавай сілай.


Так лічаць і калегі Анатоля Іванавіча, з якімі ён разам працуе на бульбяным палетку. Гэта механізатары Леанід Чарнагалоў, Аляксандр Гаўрылаў і Вячаслаў Гаўрылаў.


Відавочна, што цану сваёй працы бульбаводы КСУПа “Бялёў” ведаюць добра. І ў хуткім часе збіраюцца наладзіць больш шырокі продаж адборных клубняў са сваіх палеткаў гараджанам. Попыт на іх прадукцыю, упэўнены ў гаспадарцы, і сёлета будзе вялікім.


С. МІКАЛАЕЎ.


Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.