Падарунак ад “Белаграпрамбанка”

Сёлета першы дзень заняткаў для навучэнцаў і настаўнікаў Тураўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2 запомніцца не толькі прыгожай урачыстай лінейкай, але і яшчэ адной знакавай падзеяй. Ад кіраўніцтва “Белаграпрамбанка” навучальная ўстанова атрымала ў падарунак новы камп’ютарны клас і іншае мультымедыйнае абсталяванне. І яго ўручэнне было не менш урачыстым, чым само мерапрыемства, прысвечанае пачатку навучальнага года.


Шмат гасцей у гэты дзень прыйшло на ўрачыстую лінейку ў школу, каб павіншаваць рабят і іх настаўнікаў з пачаткам навучальнага года. Таму ў актавай зале, дзе і адбылося мерапрыемства, нават цеснавата стала. Шмат цёплых слоў віншаванняў было выказана на лінейцы і дырэктарам навучальнай установы Мікалаем Дарошка, намеснікам старшыні райвыканкама Валерыем Рагалевічам, намеснікам старшыні праўлення «Белаграпрамбанка” Васілём Шведам, старшынёй Тураўскага гарсавета Ігарам Міцюрычам, былым дырэктарам школы, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Аляксандрам Блоцкім. А вось дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Тураў” Сяргей Бугук прыйшоў не толькі павіншаваць школьнікаў, але і ўручыў найбольш старанным старшакласнікам, якія ў час летніх канікулаў дапамагалі калектыву прадпрыемства ў гарачы час перапрацоўкі агародніны, каштоўныя падарункі. Са словамі ўдзячнасці за клопат аб ветэранах, які праяўляюць штогод навучэнцы ўстановы, звярнуўся і старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі Рыгор Бастун.


Несумненна, галоўнымі героямі лінейкі былі тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія сёлета ўпершыню селі за парты. Іх у другую школу Турава прыйшло першага верасня 19 чалавек, а па Краіне ведаў іх павядзе першая настаўніца Ніна Сулкоўская. Першакласнікам уручылі кнігі ад Прэзідэнта краіны, а таксама падарункі адзінаццацікласнікі. Замілаванне і ўсмешкі ў прысутных выклікала выступленне першакласнікаў, якія чыталі вершы і спявалі песні, каб даказаць, што яны годныя быць вучнямі. Усе прысутныя стараліся даць самым маленькім навучэнцам карысныя парады.


А вось і ён — доўгачаканы першы званок. Пасля яго ўсе рабяты са сваімі настаўнікамі разыходзяцца на першы ўрок. Для вучняў адзінаццатага класа ён выдаўся незвычайным. Намеснік старшыні праўлення “Белаграпрамбанка” Васіль Швед і ўпраўляючы Жыткавіцкага філіяла ўстановы Анатоль Занкевіч запрасілі будучых выпускнікоў у новы камп’ютарны клас, які быў урачыста адкрыты. Рабятам прапанавалі апрабаваць новыя камп’ютары, якіх банкам закуплена для школы трынаццаць штук. Задаволенымі засталіся старшакласнікі новай сучаснай тэхнікай. А пасля пачаўся ўрок прафарыентацыі, выкладчыкамі на якім выступілі банкіры. Што “Белаграпрамбанк”, падбіраючы падарунак для школы, спыніў свой выбар менавіта на камп’ютарнай і мультымедыйнай тэхніцы — рэалія цяперашняга часу. Гэты падарунак дазволіць рабятам павысіць свае веды па інфарматыцы, падрыхтавацца да будучай прафесійнай дзейнасці. Сёння быць добрым спецыялістам і не валодаць камп’ютарам, такога проста ўявіць немагчыма. А чым вышэйшы ўзровень падрыхтаванасці ў школе, тым шырэйшыя далягляды адкрываюцца пры прафесійным выбары для будучага кар’ернага росту. У выпускнікоў Тураўскай САШ №2 перспектывы для гэтага ёсць значныя, прычым нават на сваёй радзіме, дзе “Белаграпрамбанкам” ажыццяўляюцца вялікія пераўтварэнні ў самых розных сферах, таму высокапрафесійныя кадры тут вельмі будуць запатрабаваны, да таго ж, у самы бліжэйшы час. Ды прафесіяналы патрабуюцца і самому банку, таму на ўроку адзінаццацікласнікам і даводзілася, наколькі важна настойліва авалодваць ведамі, каб зрабіць кар’еру ў будучым. А цяперашні падарунак стане першай дапамогай рабятам на гэтым шляху. Прыкладам для мясцовых рабят, як многага можна дабіцца, можа служыць старшыня праўлення “Белаграпрамбанка” Сяргей Румас, які больш за трыццаць гадоў назад вучыўся ў першым класе гэтай школы. Дарэчы, гэта па яго ініцыятыве САШ №2 г.Турава атрымала напярэдадні такі карысны і цудоўны падарунак.


С. БЕЛКА.


Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.