Спрыяць духоўнаму развіццю

Каля кіёска №1, што знаходзіцца ў самым цэнтры Жыткавіч, заўсёды шматлюдна. Але кіяскёра Алену Кручанкову гэта толькі радуе. Кожны свой працоўны дзень яна пачынае з навядзення парадку ўнутры сваёй гандлёвай кропкі і на прылягаючай да яе тэрыторыі. Яшчэ адзін рытуал напачатку працоўнага дня ў жанчыны — зрабіць цікавую выкладку часопісаў і газет і іншых тавараў, бо кіяскёр стараецца абслужыць людзей так, як хацелася, каб абслугоўвалі яе саму.


— Ветлівасць і цярплівасць — вось галоўныя якасці, якія павінны быць уласцівы прадстаўнікам нашай прафесіі, — гаворыць Мікалай Шырчанка, начальнік Жыткавіцкага філіяла ўнітарнага прадпрыемства “Гомельаблсаюздрук”. — І праца па павышэнню культуры абслугоўвання з’яўляецца на цяперашні час самым галоўным прыярытэтам дзейнасці нашага калектыва.


Менавіта з нагляднага прыкладу кіраўнік філіяла і пачаў знаёміць са станам спраў сваёй арганізацыі.


— Мікалай Вячаслававіч, Жыткавіцкі філіял “Гомельаблсаюздрук” Вы ўзначальваеце ўжо больш дзясятка гадоў. Але ж да гэтага ў філіяла быў таксама свой няпросты і доўгі шлях.


 — Сапраўды, гэта так. Скажу адразу, што ў 2008 годзе “Белсаюздрук” адзначыў сваё дзевяностагоддзе. Доўгія гады “Саюздрук” паспяхова займаўся арганізацыяй і правядзеннем ведамаснай і індывідуальнай падпіскі. Гэтая дзейнасць складала ў агульным тавараабароце не менш трыццаці працэнтаў. Наш філіял, як і ўсё прадпрыемства, прайшоў вялікі шлях станаўлення разам з краінай: шматлікія рэарганізацыі, заняпад у гады перабудовы, адраджэнне і стабільны рост усіх паказчыкаў за апошні перыяд. На жаль, аналізуючы гісторыю ўзначальваемага мною калектыва, магу спасылацца толькі на ўспаміны майго папярэдніка — Валянціны Мікалаеўны Фраловай, якая больш трыццаці гадоў, пачынаючы з 1968 года, узначальвала Жыткавіцкі філіял “Саюздрук”. Але адзначу толькі тое, што ва ўсе часы яго працы было нямала поспехаў па распаўсюджванню друкаванага слова. Для прыкладу, вось усяго адна лічба. У свой час на 1000 жыхароў раёна прыходзілася 1200 экземпляраў перыядычных выданняў. І ў гэтым заслуга работнікаў раённага “Саюздруку”, якія сумесна з паштавікамі вялі падпісную кампанію. Назаву імёны нашых ветэранаў, якія па трыццаць і болей гадоў прысвяцілі развіццю нашай сістэмы на Жыткаўшчыне. Гэта Марыя Пастушкова, Зінаіда Жураўлевіч, Кацярына Патрэева, Алена Ханеня, Вера Саўчыц.


У асноўным тады надавалася ўвага такім выданням як газеты “Праўда”, “Звязда”, “Новае Палессе”, а таксама шматлікім партыйным часопісам. Па газеце “Звязда” жыткаўчане нават дзяліліся вопытам з калегамі ўсёй рэспублікі. Што тычыцца нашых кіёскаў, без якіх цяпер немагчыма ўявіць воблік любога горада, то па ўспамінах Валянціны Мікалаеўны, у райцэнтры першы з іх быў адкрыты ў сярэдзіне пяцідзесятых паблізу цяперашняга кінатэатра “Узыход” пры дырэктары Міхаілу Хінічу. Працавала ў ім на той час Ніна Паўлаўна Саўчыц, якая потым стала галоўным бухгалтарам філіяла. Яшчэ адзін важны факт: у сярэдзіне васьмідзесятых да Жыткавіцкага філіяла быў далучаны Лельчыцкі, які працаваў менш паспяхова. Калі ў 1999 годзе я ўзначаліў Жыткавіцкую структуру “Саюздруку”, яна налічвала тры кіёскі: два ў Жыткавічах і адзін у Лельчыцах. Вось на гэтай гаспадарцы і распачалася наша сучасная гісторыя.


— Але і на гэтым яе этапе галоўным для калектыва засталося даносіць святло друкаванага слова да людзей.


— Несумненна. Давайце звернемся да статыстыкі. Мы вельмі моцна прыбавілі па рэалізацыі перыядычных выданняў і іншай друкаванай прадукцыі людзям. Пачынаючы з 2004 года былі перыяды, калі прырост тавараабароту ад рэалізацыі перыядычных выданняў складаў па філіялу 136,5 працэнта. Адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці. Цяпер сваіх чытачоў з нашай дапамогай штодзённа знаходзяць амаль трыста найменняў перыядычнай і друкаванай прадукцыі. Гэта выданні на рускай, беларускай, англійскай мовах. З усёй колькасці прыкладна працэнтаў дзесяць на нашай беларускай мове. Што вельмі добра для нас, пералік найменняў перыёдыкі і часопісаў, іншай друкаванай прадукцыі пастаянна павялічваецца, з’яўляецца на нашых паліцах шмат навінак. За сем месяцаў намі яе прададзена на 213 мільёнаў рублёў, што складае трыццаць працэнтаў у агульным тавараабароце, які за гэты перыяд дасягнуты ў памеры 722 мільёны рублёў. Летась гэтая лічба была адзін мільярд сто сорак мільёнаў рублёў. Плануем, што па канцу бягучага года суму агульнага тавараабароту павялічым да леташняга паказчыка на дзесяць працэнтаў. Росту чакаем і ад рэалізацыі перыёдыкі і друкаванай прадукцыі. Дарэчы, хочацца заўважыць, што сучасны кіёск “Саюздруку” нагадвае маленькі ўнівермаг, дзе можна набыць многія тавары: ад простай іголкі да прыгожага моднага глянцавага часопіса.


— У чым жа сакрэт такой паспяховасці?


 — Найперш, мы накіравалі свае высілкі на абнаўленне і пашырэнне сваёй гандлёвай сеткі. Цяпер у нас восем гандлёвых кіёскаў: шэсць у Жыткавічах, і па адным у Тураве і Лельчыцах. Дарэчы, адзін у мікрараёне Зубраня адчыніўся зусім нядаўна. Паглядзіце на нашы кіёскі: яны сучасныя, дзе можна прыгожа выкласці ўсю прадукцыю, каб пакупнік мог яе ацаніць адразу на вітрыне. Раней як было: кіёск маленькі і чалавеку даволі цяжка пры такой вялікай насычанасці перыёдыкі знайсці патрэбную газету або часопіс. Да таго ж нашы кіёскі размешчаны ў самых наведваемых месцах: аўтастанцыі і чыгуначным вакзале, цэнтры горада і самых густанаселеных мікрараёнах Жыткавічаў. Гэта таксама адбіваецца на паспяховасці. Яшчэ адзін плюс, мы маем аўтамабіль і цяпер можам больш аператыўна развозіць перыядычныя і друкаваныя выданні па сваіх гандлёвых кропках. Яны з’яўляюцца там намнога раней, чым у паштовых скрынках жыхароў населеных пунктаў. Дададзім сюды і цанавы фактар, стараемся, каб гандлёвая надбаўка была самай мінімальнай. Людзі цяпер умеюць лічыць і кіруюцца да тых гандляроў, дзе танней. Дапамагае працы і камп’ютарызацыя, улік прадукцыі вядзем намнога хутчэй і іншыя вытворчыя задачы вырашаем.


 — Не будзеце адмаўляць, што паспяховая работа з’яўляецца і плёнам старання работнікаў філіяла. Ці ёсць у калектыве такія працаўнікі, на якіх раўняюцца?


— Безумоўна. Паспяхова працуць цяпер Алена Шырчанка, Наталля Грыпініч, Святлана Івашкевіч, Наталля Харытановіч, Тамара Гаўрылавец, Вольга Гаўрылавец, Алена Кручанкова, Мікалай Мікалаенка, Таццяна Бандарцова, Аксана Масла і іншыя. Усе яны глыбока ўсведамляюць сваю прыналежнасць да высокай духоўнай місіі — праз рэалізацыю друкаванай прадукцыі праводзяць дзяржаўна-інфармацыйную палітыку.


С. МІКАЛАЕЎ.


На здымку: начальнік філіла Жыткавіцкага міжраённага аддхялення «Гомельаблсаюздрук» Мікалай Шырчанка і кіяскёр Алена Кручканкова за праглядам перыядычных выданняў у кіёску №1.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.