Старанне, працавітасць – майстэрства

На першы погляд падаіць карову справа не такая ўжо і складаная. Але так падасца толькі дылетанту. На самой справе правесці працэс даення правільна — цэлая навука. І нават людзьмі, дасведчанымі ў гэтай справе, сапраўднае майстэрства дасягаецца не адным годам бесперапыннай практыкі. У сельгаспрадпрыемствах раёна такіх прафесіяналаў нямала. Днямі самыя спрактыкаваныя з іх сустрэліся на малочнатаварнай ферме КСУПа «Бялёў», каб пасапернічаць у конкурсе і вызначыць, хто ж з іх на цяперашні час з’яўляецца лепшым аператарам машыннага даення раёна.


Конкурсы прафесійнага майстэрства паміж аператарамі машыннага даення на раённым узроўні праводзяцца пастаянна. Сёлета, хаця прадстаўніцтва гэтых працаўнікоў жывёлагадоўлі на мерапрыемстве было і не самым вялікім (прыехала сем аператараў, па адным з кожнай гаспадаркі), але іх прафесійны ўзровень быў намнога вышэйшы чым у мінулыя гады. Гэтае перакананне склалася адразу, калі адбылося знаёмства з удзельніцамі саперніцтва. У многіх з іх за плячыма вялікі спіс заслуг, якіх яны дабіліся сваёй сумленнай працай. Напрыклад, Людміла Жогаль з КСУПа «Бялёў». Была гэтая жанчына і пераможцам конкурсаў прафесійнага майстэрства раней, з’яўлялася пераможцам раённага працоўнага спаборніцтва. За мінулы год Людміла Аляксееўна надаіла ад кожнай каровы сваёй групы больш чым чатыры тысячы кілаграмаў малака. Дваццаць пяць гадоў на ферме КСУПа «Коленскае» працуе аператарам машыннага даення Надзея Рагалевіч. Сярэдні надой ад каровы па яе групе за мінулы год склаў 4781 кілаграм малака. Менавіта гэты паказчык найперш вызначае наколькі плённа і прафесійна працуе аператар машыннага даення. Марыя Бандарэнка з КСУПа «Марохараўскі» таксама з тых жывёлаводаў, якія паказваюць узоры працавітасці і старання. Яна таксама ў ліку аператараў машыннага даення, што дабіліся надою ад каровы ў чатыры тысячы кілаграмаў. Марыя Мікалаеўна неаднаразова была пераможцай раённых конкурсаў аператараў машыннага даення, выступала на аналагічных абласных мерапрыемствах. І на гэтым узроўні яна не была горшай. Людміла Арцёменка З «ААТ «Тураўшчына» і Галіна Ханеня з КСУПа «Людзяневічы» таксама сваімі працоўнымі здабыткамі неаднаразова заяўлялі аб сваім прафесійным майстэрстве. Парадаваў сёлетні конкурс і тым, што на фоне спрактыкаваных майстроў не згубілася і моладзь: Наталля Купрацэвіч з КСУПа «Дзякавічы» і Наталля Майшук з КСУПа «Чырвоны Бор». А гэта прамое сведчанне, што падрастае дастойная змена майстроў даення ў раёне, рукамі якіх будуць здабывацца яшчэ больш важкія надоі.


Вось такая кароткая візітоўка канкурсантаў. Таму на адкрыцці мерапрыемства ўсіх іх шчыра віталі і жадалі поспехаў намеснік начальніка райсельгасхарчу Анатоль Санюк, галоўны заатэхнік упраўлення Рыгор Кронда. Нагадалі яны не толькі аб правілах саперніцтва, але і той важнай ролі аператара машыннага даення, што адыгрывае на вытворчасць малака, яго якасць.


І вось ужо ўключаны даільныя ўстаноўкі, якія абвясцілі аб пачатку першага этапу. Падчас яго аператары павінны падаіць карову. Тут у кожнага з іх свае сакрэты як да каровы падыйсці, як апараты падключыць да вымені, яго прамасіраваць і іншыя. Магчыма, такі конкурс з’яўляецца адзіным месцам, дзе жывёлаводы дзеляцца сваімі таямніцамі майстэрства з калегамі так адкрыта. Усё ж кожны мае вялікае жаданне перамагчы, а не пакажаш сапраўдны майстар-клас, стаць лепшым не выйдзе. Таму конкурсы прафейсійнага майстэрства — гэта яшчэ і добрая магчымасць маладым павучыцца ў сваіх вопытных калег. Як зазначыла Наталля Купрацэвіч, хаця мае бацькі многа гадоў працуюць у жывёлагадоўлі, і шмат чаму мяне навучылі, але я старалася ўважліва сачыць за тым, як працуюць вопытныя аператары з іншых гаспадарак.


— Вучылі нас і выкладчыкі вытворчага камбіната, толькі, калі працэс даення вядзе сапраўдны майстар, заўсёды нечым новым узбагцішся у плане прафесійнага росту, што дазволіць працаваць яшчэ лепей, — гаворыць Наталля Пятроўна.


Бесперапынна гудзе дойка. Канкурсанткі адна за другой праходзяць практычны этап. Журы пільна сочыць за працэсам, не прапускае ніводнай памылкі. Іх аператары ўсё ж дапускаюць, але гэта ад хвалявання. Ды і даіць даводзіцца незнаёмых каровак, а гэта намнога ўскладняе задачу. Толькі гэта ніколькі не паўплывала на яе паспяховае вырашэнне — канкурсанты ўсе справіліся з дойкай паспяхова.


Наступны этап конкурсу — разборка і зборка апарата. Што такі элемент уключаны ў праграму з’яўляецца невыпадковым. Менавіта ад чысціні даільнага абсталявання залежыць якасць малака, і кожная даярка павінна аб гэтым памятаць. Вымыць жа належным чынам апарат можна толькі тады , калі разбярэш яго. Па ўпэўненых рухах канкурсантак было відавочна, што гэта яны робяць пастаянна. Таму за выкананне другога практыкавання таксама ўсе атрымалі высокія балы. Упэўнена трымаліся майстры даення і на тэарэтычным этапе конкурсу. Большасць з іх тут паказала стопрацэнтны вынік, набраўшы максімальную колькасць балаў.


На гэтым выступленні канкурсантаў завяршыліся. Журы пасля падліку балаў агучыла вынікі саперніцтва. Згодна іх пераможцам сярод аператараў, якія вядуць даенне ў бачкі, стала Марыя Бандарэнка з КСУПа «Марохараўскі», а сярод аператараў, якія дояць у малакапровад, — Людміла Жогаль з КСУПа «Бялёў». Варта зазначыць, што да максімальнай сумы балаў Марыя Мікалаеўна не дабрала ўсяго адно ачко. Выступленнем сваёй падначаленай вельмі задаволенай засталася галоўны заатэхнік гаспадаркі Тамара Макарэвіч, ды і пераможцы таксама не хавалі добрага настрою, бо атрымалася так, як планавалі. Як зазначыў Анатоль Санюк, чарговы конкурс паказаў, што на фермах раёна дастаткова спрактыкаваных кадраў аператараў машыннага даення, якім па сілах вырашаць пастаўленыя задачы па вытворчасці малака. Усім пераможцам і прызёрам уручаны ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі, а таксама кветкі. Адзначаны і самы малады , і самы старэйшы ўдзельнікі спаборніцтва. Апошняе ўражанне ад мерапрыемства — гэта зладжаная і грунтоўная падрыхтоўка гаспадароў: кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «Бялёў» і калектыва малочнатаварнай фермы “Возера”, якія стварылі сваім калегам усе ўмовы для паспяховага выступлення.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.