Заслужаная пашана

Днямі ўрочышча “Мікульшчына”, што належыць ААТ “Тураўшчына”, ператварылася на некаторы час у своеасаблівую сцэнічную пляцоўку. Менавіта на гэтым палетку праходзіла ўрачыстасць, на якой кіраўніцтва раёна вітала камбайнераў і вадзіцеляў, якія намалацілі і перавезлі тысячу тон збажыны.


Зрабіўшы разварот на полі, камбайны дружна ўрэзаліся ў густую сцяну рапсу, каб абмалаціць апошнія загонкі. Добра папрацавалі камбайнеры, аб чым на 18-гектарным палетку сведчылі роўныя валкі саломы, што ўслалі зямлі пасля работы тэхнікі. Да іх дадаліся яшчэ два — апошнія. І камбайнеры, заглушыўшы рухавікі сваіх машын, прыпыняюцца на ўскрайку поля. Не паспелі механізатары спусціцца з мосцікаў сваіх стэпавых караблёў, як паветра ўскалыхнулі пранікнёныя вершаваныя радкі, якімі ўслаўлялася іх праца на сёлетнім жніве. Хлопцам нават крыху няёмка стала ад такой увагі да іх персон. Сапраўды, было ад чаго захвалявацца, столькі людзей на поле прыехала: кіраўніцтва раёна, гаспадаркі, артысты. А над палеткам усё гучней і гучней разносяцца паэтычныя словы, якія змяняюцца задорным прыгожым спевам. Гэта самадзейныя артысты гарадскога цэнтра культуры стараюцца такім чынам аддзячыць за працу хлебаробам. Нездарма ж кажуць: ёсць хлеб, будзе і песня. А хлеб сёлета на Тураўшчыне ёсць. Амаль па 49 цэнтнераў з гектара намалочваюць мясцовыя земляробы. Таму і выпадковасцю не назавеш, што і сёлета на гэтай зямлі з’явілася два камбайнавыя экіпажы, якія намалацілі па тысячы тон зерня. Гэта Мікалай Лебядзінскі і Віктар Вянгура, а таксама Уладзімір Кірыловіч і Міхаіл Клімовіч.


Віншуючы з працоўнай перамогай гэтых хлебаробаў, старшыня райвыканкама Мікалай Какора адзначыў, што ўпершыню ў гісторыі раёна надарылася падзея, калі маладзёжны камбайнавы экіпаж намалаціў тысячу тон зерня за адно жніво. Гаворачы пра вытворчыя здабыткі працаўнікоў вёскі, і ў прыватнасці акцыянернага таварыства, Мікалай Міхайлавіч заўважыў, што сёлета ў ААТ “Тураўшчына” намалот у 1000 тон скарыўся чатыром камбайнавым экіпажам. І калі механізатары браты Мікалай і Пятро Струк, Іван і Васіль Жыганюкі дабіліся гэтага, дапамагаючы ўбіраць ураджай працаўнікам Мінскай вобласці, то Мікалай Лебядзінскі і Віктар Вянгура, Уладзімір Кірыловіч і Міхаіл Клімовіч намалацілі сваю тысячу тон на палетках роднай гаспадаркі. Тым больш значымая іх перамога. Дарэчы, Мікалай Мікалаевіч і Віктар Уладзіміравіч таксама ездзілі ўбіраць хлеб на Міншчыну. І там запісалі на свой рахунак яшчэ 184 тоны зерня. Падчас сёлетняга жніва разам гэтыя два экіпажы ўбралі амаль пятую частку хлебнай нівы таварыства і выдалі з бункераў сваіх камбайнаў больш двух з паловай тысяч тон збажыны. Можна пазайздросціць па-добраму такой працавітасці і стараннасці. Менавіта дзякуючы гэтым якасцям вышэйназваныя працаўнікі дабіліся такога выніку. Усё ж вытрымаць канкурэнцыю на збожжавым палетку прыйшлося не жартоўную, бо зерне ў гаспадарцы ўбіралі амаль два дзесяткі экіпажаў. А сярод іх ёсць і больш спрактыкаваныя, і больш вопытныя, якія таксама былі нацэлены на дасягненне высокіх вытворчых здабыткаў. Але атрымалася гэта зрабіць толькі ім: Лебядзінскаму і Вянгуры, Кірыловічу і Клімовічу. Таму па праву прагучалі на свяце ў гонар іх словы ўдзячнасці ад кіраўніка таварыства Уладзіміра Радаўца, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктара Дашкевіча, начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзяніса Гаўрылава, справядліва ўручаны кіраўніком раёна Мікалаем Какорам перадавым камбайнерам дыпломы, каштоўныя падарункі, а таксама павязаны ганаровыя стужкі. Хаця не дзеля ўзнагарод яны працавалі. Кожны імкнуўся ўбраць вырашчаны ўраджай, у якім ёсць і іх часцінка працы. Бо не толькі малацілі зерне, але і аралі, сеялі, даглядалі за пасевамі разам з іншымі механізатарамі гаспадаркі набліжалі радасны для кожнага хлебароба час жніва. І яно было не з лёгкіх. У самым прамым сэнсе гарачым, бо сонца паліла няшчадна, але гэты экзамен хлебаробы “Тураўшчыны” вытрымалі годна. Старанне праявілі не толькі камбайнеры, але і вадзіцелі. Пяць з іх перавезлі больш чым па тысячы тон зерня. А самы малады вадзіцель Ігар Замжыцкі быў таксама ўдзельнікам свята на палетку. Для яго гэта першая ўборка збажыны. І ён пастараўся: перавёз на сваім МАЗе больш тысячы тон зерня.


Жніво ў гаспадарцы практычна закончана. Валавы намалот збажыны склаў больш 14 тысяч тон. Важкія працоўныя здабыткі мясцовых камбайнераў і вадзіцеляў, па словах Мікалая Лебядзінскага, гэта не толькі вынік уласнага старання, але і добрай арганізацыі ўсіх работ з боку кіраўніцтва гаспадаркі. Усе ўдзельнікі жніва былі забяспечаны гарачым харчаваннем, добра была наладжана і адвозка зерня з поля на ток, працоўнае саперніцтва, станоўча вырашаны і іншыя пытанні. Гэта ўсё і дазволіла механізатарам працаваць паспяхова. Цяпер у іх новыя клопаты. Патрэбна якасна і ў тэрмін пасеяць рапс і азімыя зерневыя культуры. Таму ў хуткім часе камбайнеры перасядуць за штурвалы сваіх трактароў, каб гэтак жа паспяхова выканаць і гэты хлебаробскі абавязак: правесці сяўбу, каб у наступным годзе парадавацца яшчэ больш важкаму ўраджаю і важэйшым намалотам.


С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.