Калядныя гулянні на Ражство Пагост калядаваў, спяваў і весяліўся…

Падаюць сняжынкі, Дыяменты-росы, Падаюць бялюткія За маім акном…


Паўлюк Трус.


І што за цудоўнае надвор’е падараваў Усявышні на Нараджэнне Хрыстовае: мяккае, пушыстае, проста рамантычнае. Павольна кружыліся і падалі долу вялікія, пушыстыя сняжынкі, што часам падхопленыя задзірлівым, незласлівым ветрыкам пераходзілі ў танцавальны карагод, у казачную мяцеліцу. Ішоў па гораду і любаваўся яго белым, царскім убраннем. Ну калі пабачыш такія Жыткавічы, як толькі не зімою, у час шчодрага снегападу…


— Са святам! З Ражством Хрыстовым! — былі чуваць раз-пораз вясёлыя галасы на вуліцы.


Асобныя прахожыя, хутчэй за ўсё ўладальнікі ўласных дамоў-сядзіб, праўда, незадаволена бурчэлі: во наваліць снегу, памахай тады лапатаю… І не трэба было асабліва здзіўляцца такому рознаму, часам кардынальна супрацьлегламу стаўленню да адной і той жа прыроднай з’явы. Людзі ёсць людзі. І сто, і тысячу гадоў назад былі і застаюцца аптымісты і песімісты, вясёлыя і панурыя натуры. Бо адзін чалавек у лужыне здольны бачыць толькі лужыну, а другі заўважае, як у яе вадзе адлюстроўваюцца-пакалыхваюцца яркія, зіхатлівыя зоркі на небе…


І вось у другой палове дня наш блакітны аўтобус бярэ накірунак ад райцэнтра строга на поўдзень, дзе ў старажытныя часы ляжалі землі магутнага тураўскага княства, у вёску пагост, куды мы едзем на калядаванне. А мы — гэта начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Агіевіч, яго калегі — падначаленыя Таццяна Гатчэня, Ганна лой, Людміла Грыб ды аўтар гэтых радкоў.


Людзі адзначаюць першы з трох дзён выхадных, а вось у дарогі-працаўніцы няма адпачынку ні днём, ні ноччу. Імчаць насустрач КамАЗы з прычэпамі, паўнютка гружонымі шчэбенем, шмат уласных аўтамабіляў абганяе нас ды едзе насустрач. Мінаем масты цераз Скрыпіцу і Прыпяць, здалёк заўважаем, як шмат легкавушак збочыла ля гэтых заснежаных рэк-берагоў. Што і казаць, гэта сапраўдныя рыбакі-фанаты, кожны з якіх, мабыць, не прамяняе ні адну самую салодкую ўцеху жыцця на першую хвалюючую, чаканую паклёўку…


Ад Прыпяці-царыцы, нашай беларускай Амазонкі, да Пагоста рукой падаць. За гэты час снегапад ужо сцішыўся і людзям стала вальней пастаяць па-суседску ля веснічак, пагаманіць купкамі на аснежаных, бялюткіх вуліцах. А куды вядуць усе дарогі ў вёсцы ў святочны дзень? Вядома ж, у мясцовы сельскі клуб. Сюды скіроўваемся і мы.


У клубе свята ў самым разгары: заліваецца, паспрабуй утрымаць ногі, галасісты, на ўсе лады баян, танцы змяняюцца песнямі, у якіх услаўляецца Ражство Хрыстова, вакол высокай, пад самую столю, святочна ўпрыгожанай ёлкі і старыя, і маладыя водзяць карагоды, спяваюць. Вельмі шмат бабулек і маладзіц — у нацыянальных беларускіх строях, якія надаюць святу своеасаблівы каларыт. І цікава бачыць, як сямідзесяцігадовыя бабулькі, абутыя ў валёнкі і буркі, лёгка, з песнямі і жартамі побач з маладымі прытанцоўваюць “Польку ў два бокі”, кракавяк, падыспан і другія старадаўнія танцы, якія засталіся ім ад іхніх бабулек і прабабулек і не выйшлі тут, так бы сказаць, з народнага ўжытку. Дай Божа!


Гутарым з загадчыцай клуба Валянцінай Рафаловіч, якая вось ужо чацвёрты месяц выконвае клапатлівыя абавязкі гаспадыні мясцовага ачага культуры. Цікавімся вясковымі энтузіястамі, спевакамі і танцорамі, гурткамі і ансамблямі. І, канечне ж, дзейнасцю вядомага далёка за межамі жыткаўшчыны мясцовага народнага гурта “Міжрэчча”, якім столькі гадоў кіравала таленавіты арганізатар, спявачка кацярына Панчэня. Зараз Кацярына Аляксееўна на заслужаным адпачынку, толькі з народнымі песнямі і абрадамі не парывае і па-ранейшаму вакол яе гуртуюцца шматлікія сяброўкі-зямлячкі. А “Міжрэччам” вось ужо трэці год кіруе Ірына Іванаўна Юнчыц.


А тым часам не да доўгіх размоў. Бо на вуліцу ўжо выходзяць калядоўшчыкі. Яны падзелены на два гурты, кожны з якіх накіроўваецца ў свой бок вёскі. Усе прыгожа, пад народную абраднасць і традыцыі апранутыя. Наперадзе ў руках аднаго з калядоўшчыкаў высіцца зорка, якая сімвалізуе сабой тую самую віфлеемскую зорку, што абвясціла людзям аб нараджэнні сына Божага. Калядаваць выходзяць як моладзь, так і людзі пажылога, пенсіённага ўзросту, якія ведаюць шмат абрадавых песень. Вось толькі ці пад сілу ім няблізкая ў такія гады дарога? Пагост – вёска немалая, са шматлікімі вуліцамі, завулкамі. І тут, нібы ў чарадзейнай казцы, непадалёку ад клуба спыняе сваю падводу, запрэжаную двума прыгожымі, гладкімі коньмі, сяргей Лазарчук, з суседняй вёскі Чэрнічы. Коні нецярпліва б’юць капытамі аб мерзлую зямлю, стараюцца прыўзняцца на дыбкі, узняўшы ўверх свае закілзаныя храпы. У грывы іх уплецены рознакаляровыя стужкі. Сена, якім услана фурманка, пакрыта зверху квяцістымі, саматканымі посцілкамі.


— Сядайце, жаначкі! — бадзёра, гасцінна запрашае бабулек Сяргей Адамавіч.


А ці прывыкаць вясковым жанчынам да падводы? І вось ужо плыве па вясковай вуліцы воз з жанчынамі ў рознакаляровых строях. А наводдаль здаецца, што гэта ці то градка з чырвонымі макамі, ці то летняя палянка ў кветках…


Па зімовай, утаптанай сцежцы адзін за другім шыбуюць калядоўшчыкі да чарговай сядзібы, да чарговага ганку. І спяваюць пад вокнамі песні, у якіх перадаюцца падзеі тых дзён, калі з’явіўся на свет Ісус Хрыстос. З хаты выходзіць гаспадар з гаспадыняй, надзяляюць грамаду рознымі пачастункамі: блінамі, пірагамі, салам, каўбасой, цукеркамі, грашыма. Выносяць на вуліцу кожнаму даросламу па чарачцы-другой, запрашаюць у хату да шчодрага стала. А стол і сапраўды багаты, бо любіць беларус як шчыра папрацаваць, так і смачна паесці. Тым больш пасля доўгага перадкаляднага паста, калі і Богам табе дазволена перайсці ад посных да скаромных страў. Стол ледзь не ломіцца ад мясных, бульбяных і малочных прысмакаў, ад розных мучных марцыпанаў. Чаго варты, напрыклад, пах адной толькі бабкі, што вымае гаспадыня з печкі! А белы, пшанічны хлеб, які яшчэ не развучыліся выпякаць жанчыны ў пагосце ды іншых суседніх вёсках Тураўшчыны…


Ідзем да наступнага двара. У падлетка, што цягне ладную, моцную палатняную торбу, ужо прыкметна адно плячо стала ніжэй другога. Яму на дапамогу прыходзіць яго напарнік-калядоўшчык.


— Хлопцы, то мо б вы па дарозе з’елі трохі з гэтай торбы, каб лягчэй было несці, — жартуе вясёлая маладзіца.


Са смехам рухаемся далей, слухаем успаміны старэйшых жанчын пра тое, як адзначалі калядныя дні нашы продкі. Так, некалі пагастчане на Ражство хадзілі па вёсцы і насілі царкоўны звон, гукі якога паведамлялі пра свята. Разам са святаром спявалі псалмы-калядкі, а ў клубе ладзілі сцэнкі на біблейскую тэматыку. на гэтае свята ў Пагосце быў кірмаш — прыязджалі сваякі, гасцявалі, святкавалі. Безумоўна, свае асаблівасці былі ў кожнай мясцовасці. Але былі і грунтоўныя, асновастваральныя традыцыі і абрады.


У гонар Каляды ў кожнай хаце рабілі святую вячэру, на якой абавязковымі стравамі былі куцця і бліны. А ўвогуле на стол ставілі як мага больш страў, за што ў народзе гэты вечар называлі “вялікай куццёй”. Уся ежа на першую куццю павінна быць поснай. А калі і запраўлялі што, дык толькі канапляным або сланечнікавым алеем. Вячэраць пачыналі з узыходам на небе першай вячэрняй зоркі і абавязкова напярэдадні запаліўшы на куце свечку і памаліўшыся Богу.


Сёмага студзеня святкавалі Каляды. Святочныя застоллі праходзілі як у кругу сям’і, так і з запрашэннем у госці іншых сваякоў. Пасля доўгага перадкаляднага посту скаромная ежа на святочным стале і гарэлка ў пэўнай ступені падкрэслівалі ўрачыстасць застолля і яго значнасць. З гэтага ж дня, вечарам, пачыналі хадзіць калядоўшчыкі, хаця на Палессі ў асноўным калядавалі на стары Новы год – з 13 на 14 студзеня.


Паўсямесна калядоўшчыкі вадзілі з сабою Казу. Лічылася, што з дапамогаю гэтай жывёлы можна выгнаць са двара нячысцікаў, а таксама разлічваць у наступным годзе на добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і плённы здабытак ураджаю з сялянскай нівы. Бо як спяваецца ў песнях калядоўшчыкаў, “дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць, дзе Каза хвастом, там жыта кустом, дзе Каза нагой, там жыта капой, дзе Каза топ-топ, там жыта сем коп”.


Другая куцця адзначалася на шчодры вечар – 13 студзеня. 18 студзеня спраўляй трэцюю куццю. У гэты ж вечар звалі мароза. Звычайна гаспадар адчыняў дзверы і праз парог тройчы клікаў: “Мароз, мароз, хадзі куццю есці”. Пасля запрашэння ўсёй сям’ёй садзіліся вячэраць. Мароза імкнуліся задобрыць, каб ён не быў сярдзіты, а палагоднеў і сцішыў свой нораў.


І яшчэ. У калядныя дні на плошчах, базарах і іншых мнагалюдных месцах выступалі самадзейныя артысты-батлеечнікі. Яны насілі з сабою двух-, трох’ярусную скрыню, якая па форме і размалёўцы напамінала хатку або царкву. У ёй з дапамогай лялек паказвалі спектаклі, пераважна на біблейскія тэмы: “Цар Ірад”, “Антон з казой” і іншыя. Свята Ражства Хрыстовага на сёння набыло сусветны рэзананс. Яго радасна адзначаюць усе хрысціяне з вясёлымі карнаваламі, гульнямі, святочнымі канцэртамі, фестывалямі і традыцыйнымі абрадамі віншавання блізкіх кожнаму з нас людзей.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.