ПЕДАГОГ

Нарадзіўся ветэран вайны і працы Блоцкі Аляксандр Яўстафіевіч 22 мая 1919 года ў вёсцы Верасніца. У майго бацькі, — успамінае ён, было пяць братоў і тры сястры, гэта тыя, якія дажылі да паўналецця, сям’я была вялікая. Нас жа ў бацькі было трое: сястра мая старэйшая Ульяна нарадзілася ў 1913 годзе, я — у 1919 г., брат Мікола 1923 года нараджэння, закончыў перад вайною 10 класаў, быў мабілізаваны ў армію і загінуў на Айчыннай вайне.


— Пасля таго як мой дзед, бацькаў бацька, раздзяліў сваю маёмасць паміж сынамі, дык майму бацьку хата не дасталася, — успамінае А. Блоцкі. — Жыла наша сям’ я ў дзеда Яўхіма, дзеда па маці. У таго памерла жонка, матуля нашай маці, так мы і жылі ў дзеда да 1930 года. У 1930 годзе бацьку ўлада выдзеліла лес, і ён на хутары, кіламетры за тры ад Верасніцы, пабудаваў хату. Жылі на хутары да 1937 года, потым перавезлі ўсіх хутаран у Верасніцу, пабудавалі новую вуліцу, якую назвалі Вішнёўка. Бацька мой быў, як тады гаварылі, серадняком. Ён быў сталяр, адзін на ўсю акругу, рабіў усё сам.


У 1925 годзе — пайшоў я ў школу ў шэсць гадоў. А было гэта так: ішлі суседскія хлапчукі паўз дзедаву хату, двое іх было: Аляксей і Міша.Спытаў я іх: «Куды вы, хлопцы?» Яны адказалі, што ідуць у школу, ну і я пайшоў следам за імі.Там настаўнік пачатковай школы пачаў распытваць — прозвішча, імя, імя па бацьку, якая гаспадарка, а ці ўмею я лічыць, прапанаваў палічыць. Я пачаў лічыць, далічыў да 20, мяне спынілі, хаця я гаварыў, што ўмею лічыць і да сотні, прапанавалі хадзіць у школу, і я пачаў вучыцца ў Верасніцкай пачатковай школе.Першым настаўнікам быў Квіцынскі. Імя і імя па бацьку не памятаю, таму што звярталіся: дзядзька-настаўнік. Пасля заканчэння чатырох класаў, каб вучыцца далей, трэба было хадзіць у Тураў у тамашнюю семігодку. Я хацеў далей вучыцца, але так сталася, што больш з таго выпуску ніхто не хацеў працягваць вучобу, а мяне аднаго бацька ў Тураўскую школу не пусціў. А на наступны навучальны год набралася цэлая група, якая пажадала працягваць вучобу ў Тураве. Правучыліся там адзін верасень-месяц. А з першага кастрычніка ў Верасніцы адкрыўся пяты клас і Верасніцкая школа стала вырастаць у семігадовую.


У 1933 годзе адбыўся першы выпуск Верасніцкай семігадовай школы, 22 хлопчыкі і дзяўчынкі закончылі гэтую школу. Яны былі рознаўзроставыя: малодшым было па 13 гадоў, а некаторым і па 15, мне было 13 гадоў.


У тыя часы вялікая была патрэба ў навучанні. Сялян пераконвалі ў тым, што трэба вучыць усіх сваіх дзяцей, не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак. I таму вельмі патрэбны былі настаўнікі. Акрамя таго, па праўдзе кажучы, не ведалі нашы бацькі, а ўслед за імі і мы, другіх спецыяльнасцей, акрамя настаўніцкіх.


У 1933 годзе тры чалавекі з нашага выпуску, сярод іх і я , паступілі ў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум. Рагачоў даволі далёка ад нашых мясцін. Умовы жыцця былі складаныя, панавала карткавая сістэма. Навучэнцам тэхнікума плацілі 40 рублёў стыпендыі, 27 вылічвалі на харчаванне, а 13 выдавалі на рукі. Таму вырашыў я праз паўгода, перавесціся ў Мазыр, дзе таксама быў педагагічны тэхнікум. З Мазыра было значна лягчэй і прасцей дабірацца да дому. Не хацелі адпускаць. Ледзь разам з бацькам, упрасілі дырэктара Рагачоўскага тэхнікума адпусціць мяне ў Мазыр.


У 1936 годзе скончыў педагагічны тэхнікум і прыехаў дадому. А парадак быў такі: тэхнікум спісы ўсіх сваіх выпускнікоў адпраўляў у Мінск у Наркамасветы, і ўжо з Мінска прыходзіла накіраванне на работу.


Такім чынам я атрымаў накіраванне ў Старынскую пачатковую школу Капаткевіцкага раёна (зараз Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці), працаваў там тры гады, школа была двухкамплектная, (4 класы) разам займаліся два камплекты: першы і трэці, другі і чацвёрты. У кожным камплекце было, прыкладна, 20 вучняў. Вельмі добра запомніліся і вучні, і сем’і. У большасці сем’яў вёскі Старын быў такі звычай, што не ўжывалі спіртных напояў, не курылі, было забаронена брыдкасловіць. Нягледзячы на сялянскі стан — гэта былі культурныя, абыходлівыя людзі, вельмі паважалі нас — настаўнікаў. Прозвішчы ў вёсцы — Грыневічы, Кісялевічы, Раманоўскія і іншыя. Прапрацаваў я ў гэтай школе і настаўнікам, і загадчыкам на працягу трох гадоў.


Але ў 1939 годзе маё жыццё крута змянілася: 28 лістапада гэтага года мяне прызываюць у Чырвоную Армію Капаткевіцкім райваенкаматам. Трэба адзначыць, што да 1939 года вясковых настаўнікаў у войска не прызывалі, быў такі закон, а якраз у гэтым годзе гэты закон адмянілі, і нас, 39 настаўнікаў з усяго раёна прызвалі на службу. Праз тры дні папаў я ў горад Пушкін 40-вы запасны артылерыйскі полк. У гэты час ужо ішла савецка-фінская вайна. Полк рыхтаваў ваенаслужачых, якія абслугоўвалі гарматы, а я папаў у батарэю сувязі (узвод сувязістаў і ўзвод артылерыстаў). Два месяцы праслужылі і ў пачатку лютага нас адправілі на фронт. 725 стралковы полк, 113 дывізія, рота сувязі, і там я праслужыў да 13 сакавіка 1940 года пад канец фінскай вайны. Апрануты мы былі цёпла, кармілі таксама добра. Тады стаялі маразы да 40 градусаў. Хадзілі мы па лініі сувязі ў самы мароз. Зараз мне бывае дзіўна чытаць, калі некаторыя сродкі масавай інфармацыі і аўтары пішуць пра гэту вайну, што шмат чырвонаармейцаў замерзла. Магчыма такія выпадкі недзе бывалі, але ў нашым палку такога не здаралася.


Пасля заканчэння фінскай кампаніі паўвостраў Ханка адышоў да СССР на 25 гадоў у арэнду. 3 мэтай стварэння на гэтым паўвостраве ваенна-марской базы была сфарміравана 8-я асобная стралковая брыгада ў складзе трох пяхотных і аднаго артылерыйскага палкоў. Я папаў працягваць службу ў гэтую брыгаду. Пераправілі нас на паўвостраў на караблях на Фінскі заліў. Перазімавалі зіму 1940 — 1941 гг. у зямлянках, займаліся баявой вучобай, будавалі і абсталёўвалі абарончыя збудаванні: надалбы, ірвы, доты, дзоты. Даўжыня паўвострава 40 кіламетраў, а шырыня ад 3 да 6 кіламетраў.


22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна, але нас паднялі па трывозе яшчэ 1 чэрвеня і мы занялі свае баявыя пазіцыі на трох маленькіх астравах, штабы ж батальёна і палка знаходзіліся на паўвостраве. Мне было даручана трымаць сувязь паміж ротамі і штабамі батальёна і палка. Часта адвозіў данясенні. Гэта можна было зрабіць пад абстрэламі на катэры. Фінляндыя ўступіла ў вайну на баку Германіі. Наша брыгада трымала паўвостраў 5 месяцаў 164 дні. Гэта абарона апісана і ў літаратуры. Пакінулі мы яго па загаду камандавання ў сувязі з тым, што ён перастаў адыгрываць важную ролю ў абароне. На паўвостраве было 25 тысяч салдат і было вырашана іх эвакуіраваць з паўвострава і выкарыстоўваць пры абароне Ленінграда. Эвакуацыя была завершана да 2 снежня 1941г. караблямі Балтыйскага флота. Што асабліва запомнілася з гэтай эвакуацыі, дык гэта тое, што ў час пагрузкі на караблі фіны па гучнай сувязі па-руску папярэджвалі, што не грузіцеся, усё роўна патопім. Не патапілі, частку нашага палка пасадзілі на мінны заградзіцель «Урал». Людзей было столькі, што яны занялі ўсе вольныя месцы на караблі і сядзелі шчыльна адзін да аднаго, ішлі на працягу трох сутак паўз бераг, па фарватэру. Камандзір карабля папярэджваў, каб не курылі і моцна не гаманілі, асабліва ў начны час, каб не выдаць сваё месца знаходжвання праціўніку, бераг, праз які ішлі, знаходзіўся ў яго руках. А яшчэ тое, што камісар палка перад пагрузкай загадваў кожнаму байцу браць як мага больш прадуктаў, на складах паўвострава іх было шмат. Ён ведаў якое становішча з харчаваннем склалася ў Ленінградзе. Нагрузіў і я поўны рэчавы мяшок. А па прыбыццю ў Ленінград загадваў, каб не раздавалі, а скарыстоўвалі на сябе. Але ж параздаваў усё і я сам, і большасць нашых салдат. Ды і як было не аддаць — кажа Аляксандр Яўстафіевіч — калі прасілі дзеці, прасілі жанчыны даць хоць што-небудзь. У горадзе ў гэты час ужо панаваў голад.


Па прыбыццю ў Ленінград нас перафарміравалі. Я стаў служыць у 269 стралковым палку 3-ім батальёне радавым байцом і праслужыў да кастрычніка 1942 года. Удзельнічаў у баявых дзеяннях. Асабліва цяжкія былі баі пад Усць-Тосна. У кастрычніку 1942 года мяне адкамандзіравалі на курсы малодшых лейтэнантаў, якія праходзілі ў горадзе Ленінградзе.


“Нас вучылі да кастрычніка 1943 года. Потым мне прысвоілі званне малодшага лейтэнанта і накіравалі на Ленінградскі фронт у 286 стралковы полк камандзірам узвода. 14 студзеня 1944 года мой узвод разам з палком і ўсім Ленінградскім фронтам перайшоў у наступленне. Менавіта ў час гэтага наступлення і была знята блакада Ленінграда. Наступалі мы аж да Пскова. Пад гэтым горадам мяне цяжка параніла ў нагу (сляпое асколкавае раненне). Папаў у шпіталь №10130 г. Сямёнаў Горкаўскай вобласці, лячыўся там на працягу пяці месяцаў. Быў выпісаны са шпіталю ў жніўні 1944 г. і прызнаны годным да страявой службы.


Для далейшай службы накіравалі ў запасны полк 144 стралковай дывізіі. Адтуль папаў на курсы «Выстрал» удасканалення афіцэраў пяхоты. Рыхтавалі там разведчыкаў на фронт, але не паспелі. Вайна скончылася. Пасля вайны служыў у 80-ым гвардзейскім Чырванасцяжным палку камандзірам узвода. Потым заведаваў кадрамі палка. Праслужыў у арміі 7 гадоў.


У ліпені 1946 года быў дэмабілізаваны з арміі ў званні лейтэнанта. За вайну, удзел у баявых дзеяннях, маю ордэн Айчыннай вайны І ступені. ордэн Чырвонай Зоркі, медаль «За абарону Ленінграда», медаль «За перамогу над Германіяй».


Вярнуўся на Радзіму ў сваю родную вёску Верасніца. Адразу пайшоў у Тураўскае райана, і ўжо з 15 жніўня 1946 года пачаў працаваць настаўнікам пачатковых класаў Верасніцкай 7-гадовай школы. Атрымаў 4 клас — 16 дзяцей, большасць пераросткаў. 3 1 жніўня 1949 года быў прызначаны загадчыкам Малешаўскай пачатковай школы, якая з 1949 года пачала вырастаць у 7-гадовую, адкрылі пяты клас. Такім чынам стаўся першым пасляваенным дырэктарам семігодкі ў вёсцы Малы Малешаў Тураўскага раёна. У 1951 годзе быў запрошаны працаваць у Тураўскі райкам КПБ на пасаду загадчыка арганізацыйнага аддзела. «У час маёй працы ў райкаме партыі ў Тураўскім раёне было 300 камуністаў і я ведаў прозвішча, імя па бацьку кожнага з іх. Скалясіў за гэты час увесь раён. Службовы аўтамабіль тады мелі толькі першы сакратар райкама партыі і старшыня райвыканкама. Таму, у асноўным, дабіраліся да мясцовых партыйных арганізацый на фурманках, а вельмі часта пехатою.


Дарэчы, трэба сказаць, што разам з працай працягваў і вучобу. Скончыў у свой час Мазырскі настаўніцкі інстытут, а, працуючы ў райкаме КПБ, вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС.


Папрацаваў у РК КПБ 8 гадоў, а з 1 кастрычніка 1955 года пачаў працаваць у Тураўскім райвыканкаме намеснікам старшыні. Ішоў час, мяняліся абставіны, на пачатку 60-х гадоў адбывалася адміністрацыйная рэформа, у выніку якой Тураўскі раён быў скасаваны і пачаў ён працаваць з 1 красавіка 1961 года дырэктарам Тураўскай сярэдняй школы №2 і затрымаўся на гэтай пасадзе 19 гадоў, — да 1 ліпеня 1979 года, да пенсіі.


Школа ў пачатку маёй працы была шматкамплектная, было 600 вучняў, 40 настаўнікаў, займаліся ў дзве змены. Яна не плялася ў хвасце, усё новае, што з’яўлялася ў педагагічнай тэорыі і практыцы Рэспублікі Беларусь і ўсяго СССР актыўна выкарыстоўвалася настаўнікамі школы. У час майго дырэктарства ў 60-я гады быў пабудаваны новы будынак школы, пачаў працаваць радыёвузел, выпускалася радыёгазета. Са школы выйшла шмат моладзі, якія займаюць цяпер адказныя гаспадарчыя і дзяржаўныя пасады ў розных рэгіёнах Беларусі і ўсяго былога СССР.


Нейкі час Н.Я. Блоцкі працаваў на педагагічнай рабоце і пасля выхаду на пенсію. I ўжо шмат гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ахвотна адклікаецца на запрашэнні ў школы горада Турава, працоўныя калектывы, выступае перад вучнямі, моладдзю. «Жыццё ідзе, — кажа ён — назіраецца шмат змен, не ўсе яны, на жаль, станоўчыя, але негледзячы на ўсе цяжкасці, думаю, што наша краіна, Рэспубліка Беларусь, будзе жыць і развівацца, а значыць, будуць жыць і нашы людзі».


Запісаў В. НІКАНОВІЧ, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі. Жыткавіцкага райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.