Толькі рух наперад. Расхалоджвацца няма часу

Апаратную нараду правёў у панядзелак, 7 лютага, старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Разгледжаны актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна.


Напачатку нарады старшыня райвыканкама праінфармаваў аб выкананні праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся – гэта пытанне было ў цэнтры ўвагі адпаведнай нарады ў Гомелі. Кіраўнік раёна адзначыў, што выкананне гэтай праграмы для раёна жыццёва важна, таму што гэта ў выніку прывядзе да значнага паляпшэння ўзроўню жыцця насельніцтва, нават наблізіць яго да сярэднееўрапейскага. Звернута ўвага кіраўнікоў усіх структур на аператыўнае вырашэнне як праектных, так і іншых актуальных пытанняў. “Расхалоджвацца тут няма часу”, — канстатаваў старшыня райвыканкама.


Разгледжаны вынікі зваротаў грамадзян за студзень. Як адзначала начальнік аддзела па зваротах грамадзян і прававому забеспячэнню В. Зубкова, 20 пісьмовых і 19 вусных зваротаў пададзена ў райвыканкам. 37 працэнтаў з іх – нараканні на недастатковую працу камунальных структур, а таксама пытанні, узнімаемыя жыхарамі раёна ў сферы працоўных адносін, гандлю і іншых структур. Адзначаны рост зваротаў у вышэйстаячыя органы ўлады. Кіраўнік раёна па выніках аналізу зваротаў грамадзян запатрабаваў пазбягаць фармалізму ў разглядзе пытанняў, з якімі жыхары раёна звяртаюцца ў дзяржаўныя структуры.


Аб адміністрацыйнай практыцы на тэрыторыі раёна праінфармаваў кіраўнік справамі райвыканкама А. Палтаран. Як адзначана, за бягучы тыдзень з мэтай навядзення на тэрыторыі раёна санітарнага парадку і добраўпарадкавання складзена 10 пратаколаў, 29 прадпісанняў і папярэджанняў. Важнасць тут бачыцца ў прафілактычнай рабоце. На жаль, сёння здараюцца непрыглядныя сітуацыі, калі нават у цэнтры горада ў пешаходнай зоне тыднямі ляжаць дровы, піламатэрыялы, несвоечасова вядзецца прыборка пасля рамонтных і іншых работ. Няма звышзадачы прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці, галоўнае, каб у людзей з’явілася патрэба ўсе свае дзеянні узгадняць з заканадаўствам. Кіраўнік раёна і тут падкрэсліў, што многія службы фармальна падыходзяць да пытанняў добраўпарадкавання і навядзення парадку.


Паводка для раёна — заўсёды балючая тэма. Узровень вады ў Прыпяці складае 534 см, прырост за мінулы тыдзень +32см. Гэты паказчык значна перавышае ўзровень 1999 года, аднак на бягучы момант пагрозы для жыцця людзей няма. У зоне падтаплення 7 населеных пунктаў, 9 падворкаў. Як адзначана, эвакуацыі людзей не патрабуецца – пры магчымай крытычнай сітуацыі вяскоўцы перабудуць вялікую ваду ў родных і блізкіх. Прынамсі, так яны заявілі супрацоўнікам РАНС. На нарадзе прынята рашэнне аб увядзенні на тэрыторыі раёна рэжыму павышанай гатоўнасці служб МНС і іншых да веснавой паводкі і прыняцці мер па яе мінімізацыі.


Разгледжана праца наглядальных камісій, якія працавалі на месцах з мэтай папярэджання ў сельскай мясцовасці пажараў і надзвычайных сітуацый. Такая работа будзе цяпер узмоцнена ў плане абследавання жылля як прыватнага, так і дзяржаўна-ведамаснага.


На нарадзе прадэманстраваны негатыўныя фотакадры нядбайных і нават злачынных адносін некаторых уладальнікаў жылля да яго ўтрымання і супрацьпажарнай бяспекі.


Згодна інфармацыі начальніка РАУС М. Рагачова, за прайшоўшы тыдзень зарэгістравана 143 паведамленні аб здарэннях, узбуджана 8 крымінальных спраў. Зарэгістраваны факт збыту фальшывых беларускіх разліковых білетаў – узбуджана крымінальная справа. Кіраўнік РАУС звярнуўся да старшынь сельвыканкамаў аб неабходнасці сумесных дзеянняў па прадухіленню фактаў, выкарыстання падробных грошаў, вядзенню актыўнай растлумачальнай работы з насельніцтвам.


Звярталася ўвага на працу ўчастковых інспектараў міліцыі на іх непасрэдных участках, у тым ліку, па сумеснай працы з мясцовымі структурамі – на гэтыя пытанні акцэнтавалі ўвагу старшыні Руднянскага і Людзяневіцкага сельвыканкамаў.


Стан захворванняў насельніцтва не выклікае сур’ёзных апасенняў. Рост рэспіраторных захворванняў “падрос” на 27 працэнтаў. За мінулы тыдзень звярнуліся ў медыцынскія ўстановы 469 чалавек, 70 працэнтаў з іх дзеці 5 – 14 гадоў. Найбольшая колькасць зваротаў за медыцынскай дапамогай – у Жыткавіцкую паліклініку, Чырвоненскую амбулаторыю. Эпідэміялагічнай службай і медыцынскімі работнікамі раёна вядзецца інфармацыйна-прафілактычная работа ў сувязі з ростам інфекцыйных захворванняў і развіццём паводкавай сітуацыі.


У цэнтры ўвагі былі пытанні і камунальнага характару. Адзначана недастатковая дзейнасць камунальнай службы па энергазабеспячэнню водазабораў. Адзначаліся і другія пралікі ў арганізацыі працы камунальнікаў.


Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу аграрнікаў на падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ, падрыхтоўцы тэхнічнага парку, а таксама на належную арганізацыю закупу маладняку ад прыватных гаспадарак, захаванасці і папярэджанні хвароб цялят, выкананню задач па ўтрыманні маладняка ў доміках-клетках.


У цэнтры ўвагі было і выкананне прагнозных паказчыкаў ва ўсіх галінах эканомікі, а таксама Дэкрэта №18 аб абавязаных асобах.


На нарадзе агучаны праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць на тэрыторыях сельскіх Саветаў. Найперш, яны датычыліся руху аўтатранспарту (Руднянскі), працы наглядальных камісій і ўдзелу ў іх супрацоўнікаў РАНС, жыллёва-камунальнай службы (Рычоўскі, Дзякавіцкі), даўкамплектацыі пажарнага аўтамабіля (Тураўскі) гарсельсаветаў.


Завяршылася апаратная нарада праглядам дакументальнага фільма, як працавала наглядальная камісія на тэрыторыі Руднянскага сельскага Савета. Звернута ўвага на якасць кантролю за станам ўтрымання жыльцамі ведамаснага жылля з боку кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Праца наглядальных камісій павінна быць канструктыўнай і мэтанакіраванай, канстатаваў старшыня райвыканкама, падводзячы асобныя вынікі іх працы.


На нарадзе разгледжаны і іншыя актуальныя пытанні.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.