“Архітэктар” газетнай паласы

Святлана Сяргееўна – пенсіянерка, але калі крочыць па цэнтральнай вуліцы нашага райцэнтра – Карла Маркса, то міжволі запаволіць сваю хаду насупраць двухпавярховага будынку рэдакцыі раённай газеты “Новае Палессе”, лагодным позіркам акіне шыбы тых аканіц, за якімі прайшло амаль усё яе працоўнае жыццё у сценах мясцовай друкарні. Як хораша, у лепшы бок змянілася ўсё тут як звонку, так і знутры за апошнія гады! Свежаю, рознакаляроваю фарбаю лашчыць вока сам гмах будынка, усё цяпер тут камп’ютарызавана на двух паверхах, значна палепшаны ўмовы работы для супрацоўнікаў. Прыйшла сюды цывілізацыя, прыйшоў тэхнічны прагрэс і даўно ўжо не чуваць на першым паверсе звычнага раней грукату друкарскага станка, не чуваць бадзёрых запытанняў жартаўлівых наведвальнікаў: “У вас там што — кросны ткуць?”


І часта ўспамінаецца, як упершыню пераступіла яна ганак не гэтага прасторнага будынка з двума паверхамі, а зусім невялікага аднапавярховага доміка, дзе тады, у 1959 годзе, размяшчаліся ў Жыткавічах друкарня і рэдакцыя раённай газеты…


Святлана Сяргееўна нарадзілася на Браншчыне. Вялікая Айчынная зрабіла яе бацьку ваенным чалавекам. Як і іншыя мужчыны таго пакалення, ён прайшоў суровымі шляхамі ваеннага пекла. Застаўся жывым, але не адразу пасля дня Перамогі змяніў ваенную форму на цывільнае аддзенне. Разам з воінскім падразддзяленнем прыбыў у Жыткавічы для аховы чыгункі. Перавёз сюды сям’ю. тут Святлана пайшла ў школу. У хуткім часе бацька стаў цывільным. Але з Жыткавічаў не падаліся, засталіся тут на пастаяннае жыццё. Скончыўшы школу, Святлана стала перад неабходнасцю выбару сваёй жыццёвай сцяжынкі. І павінны былі прайсці тры гады пошукаў свайго месца ў жыцці, перш чым стане яна да вёрстачнага стала. А спачатку дзяўчына паступіла ў адзін з Пінскіх тэхнікумаў, потым працавала на чыгуналіцейным заводзе ў родным паселку бацькоў на Браншчыне. Але ўсё гэта не задавальняла яе, не адчувала Святлана, што знайшла справу па душы. Зноў вярнулася ў Жыткавічы і па чыёйсці прапанове (цяпер ужо чалавека таго не прыпомніць), звярнулася ў друкарню. Яе ўзялі вучаніцай наборшчыцы.


З нейкім дзіўным пачуццём сачыла яна ў першы дзень за спрытнымі рукамі маладой, але ўжо вопытнай наборшчыцы Соф’і Мацкевіч – сваёй першай настаўніцы. І раптоўная разгубленасць авалодала дзяўчынай: здавалася, што ніколі не запомніць ёй усёй гэтай бясконцай колькасці шрыфтоў, акуратна раскладзеных у шматлікіх касах, гэтых разнастайных лінеек, шпонаў, рэглет і іншых мудрагелістых друкарскіх прыналежнасцяў, якія мелі такія ж мудрагелістыя назвы. Але пры ўсім тым справа яе вабіла, хацелася таксама навучыцца лоўка складаць на вярстатцы ў радкі маленькія літары, як гэта рабіла Соф’я, умела, спрытна ставіць іх адну за адной на паласу, ператвараць гэтую металічную безліч у стройныя, зграбныя калонкі асэнсаванага тэксту.


Колькі ж было цяжкасцяў на першым часе! Адно толькі тое, што і складаць тэкст і чытаць яго прыходзілася увесь час дагары, спачатку было вельмі непрывычна. Паспрабуй без трэніроўкі бегла прачытаць перагорнутую кнігу: вочы хутка стамляюцца, і літары пачынаюць злівацца…


Спачатку Святлане даверылі набіраць тэксты бланкаў, а калі яна асвоілася з новай справай, то Соф’я Сідараўна пачала паціху даручаць ёй і вёрстку газеты. Калі радкі газетных калонак цалкам адліваліся на спецыяльных лінатыпных машынах, звярстаць палосы было справай адказнай, якая патрабавала ад наборшчыцы дасканалага ведання ўсіх тонкасцей. А ў той ранейшы час газета ўвогуле набіралася ўручную, гэта значыць, што кожны яе радок трэба было скласці з асобных маленькіх літарак на спецыяльнай вярстатцы, а потым акуратна, каб не раскідаць, перанесці і паставіць у патрэбнае месца. А колькі ж такіх літарак на чатырох старонках газеты!


Калі яе раней вярсталі тры наборшчыцы, то потым Святлана Сяргееўна Зайцава адна спраўлялася з гэтай адказнай справай. Да таго ж за многія гады не страціла пачуццё незвычайнасці, прыгажосці любімай прафесіі, працавала натхнёна, нібы мастак, творча, без абыякавасці. Калі яна брала ў рукі стосікі яшччэ цёплых, толькі адлітых радкоў і хуткімі рухамі маніпуліравала імі, каб ачысціць стужкі, а потым ужо ставіла іх на паласу, калі яна, кінуўшы позірк у графічны макет будучай газеты, лоўка набірала літары загалоўкаў і рубрык, здаецца, узнікаў цуд: бесформеннае мноства металічных загатовак ператваралася ў строгія, абмаляваныя фігурнымі рамкамі прамавугольнікі замалёвак, заметак, рэпартажаў аб нашых сучасніках. Пакуль яны яшчэ ў метале. Але вось іх заключылі ў друкарны станок, зарухаўся талер — і з’явіліся першыя адбіткі свежай газеты, якую заўтра возьмуць у рукі чытачы раёна і ў якую Святлана Сяргееўна, разам з іншымі работнікамі друкарні і рэдакцыі ўклала столькі сваёй душэўнай цеплыні і натхнення.


І кожны год, калі зацвітае бэз, бярозкі апранаюць свае зялёныя сукенкі, а на майскім календары лунсовым колерам загараецца лічба “пяць”, маці траіх дзяцей і бабуля семярых унукаў, паважаны ў Жыткавічах чалавек Святлана Сяргееўна Зайцава ўспамінае сваю работу ў друкарні, свой дружны калектыў.


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.