Склалася жыццё і ў Людзяневічах

Дваццаць пяць гадоў прайшло, як сям’я Васюкоў  стала жыхарамі цяперашняга аграгарадка Людзяневічы. Пакінуць сваю малую радзіму Васіля Мікалаевіча і Тамару Аляксандраўну вымусіла аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Але дзякуючы сваёй працавітасці і стараннасці яны глыбока пусцілі карані і на новым месцы жыхарства.


Падворак Васюкоў падчас нашага наведвання жыў звычайнымі сялянскімі клопатамі. Двое ўнукаў Васіля Мікалаевіча старанна круцілі руль дзядулевага трактара, уяўляючы сябе спрактыкаванымі  механізатарамі. Сам жа гаспадар рыхтаваўся разбіраць заколатага кабанчыка. Таму паспелі перакінуцца з ім толькі парай слоў, каб патлумачыць мэту свайго візіту.


— Вы гэта прайдзіце ў хату, там жонка пра наша жыццё і раскажа ўсё, — прапанаваў Васіль Мікалаевіч. — Давайце, я вас правяду.


І тут жа дадаў:


— У нейкай ступені пашанцавала нам, дзякуючы ранейшаму кіраўніку саўгаса В.І. Жураўлёву. Адразу і жыллё выдзелілі, і дапамаглі гаспадаркай абзавесціся.


Расчыніўшы дзверы, гаспадар гучна паклікаў жонку:


— Аляксандраўна, тут з раённай газеты да нас прыехалі, хочуць, каб расказалі пра  перасяленне.


Жанчына адразу прапанавала прайсці ў залу. Але дакучаць гаспадыні вельмі не хацелася, таму ўгаварылі пагутарыць на кухні. Жанчына імгненнымі рухамі ручніком працерла і так чысты стол і толькі тады прапанавала прысесці. Адразу ж павяла свой аповяд пра тое, дзе жылі, як даведаліся пра аварыю на станцыі.


Сама Тамара Аляксандраўна родам з Рэчыцкага раёна. Выйшла замуж і пераехала на радзіму мужа ў Хойніцкі. Там і абснаваліся у пасёлку Леніна. Жыла сям’я Васюкоў звычайным жыццём. Працавалі, яна – загадчыкам малочнатаварнай фермы, муж выкладаў у вучэбна-вытворчым камбінаце. Гадавалі траіх дачок, вялі ўласную гаспадарку. Так было да 1986 года пакуль не здарыўся выбух на атамнай станцыі. Пра гэта даведаліся ад родзічаў.


— Брат мужа працаваў кіраўніком гаспадаркі за ракой, — расказвае Тамара Аляксандраўна. — Вечарам да нас прывезлі яго жонку з дзецьмі. Яна і паведаміла, што на станцыі адбыўся выбух. Каб не яна, нічога б і не ведалі.


Па словах жанчыны, у першыя дні аварыі жылі так як і раней.


— Здзіўляліся толькі туманам, белым, як малако, раней такіх не было. Яшчэ твар пачало шчыпаць, — дзеліцца ўспамінам Тамара Аляксандраўна. – Але ніхто не думаў, што гэта ад радыяцыі.  А потым пачалі эвакуіраваць дзяцей. Хаця ўсе спадзяваліся, што ўсё абыдзецца.  Асфальт новы клалі на вуліцы, мылі дахі, грунт здымалі. Столькі тэхнікі і людзей працавала. Але не абышлося. Восенню нас адсялілі.


Васюкі абралі для свайго новага месца жыхарства Людзяневічы. Як зазначыла Тамара Аляксандраўна, сустрэлі іх прыхільна, дапамаглі ўладкавацца.


— Нам пашанцавала з перасяленнем, бо як казалі некаторыя аднавяскоўцы, у іх не так добра ўсё было, — гаворыць жанчына. — Хаця некаторыя жыхары і да нас не вельмі прыхільна ставіліся, паглядалі насцярожана, але большасць успрынялі з разуменнем.


Жыццё на новым месцы наладжвалася. Тамара Аляксандраўна спачатку працаўладкавалася на будоўлю, пасля перайшла ў мясцовы саўгас даяркай. Васіль Мікалаевіч уладкаваўся  адразу ў гаспадарцы, а потым да пенсіі працаваў у Людзяневіцкім лясніцтве. Завялі і ўласную гаспадарку. Дачок на ногі падымаць патрэбна было. Дарэчы, як сказала адна з іх, праблем з адаптацыяй у іх не ўзнікала. У школе адразу ж з’явіліся сяброўкі і сябры. У свой час пабраліся дзяўчаты з мясцовымі хлопцамі шлюбам. Цяпер Тамара Аляксандраўна і Васіль Мікалаевіч маюць дзесяць унукаў. Яны ахвотна адведваюць бабулю і дзядулю, і тыя гэтаму вельмі рады. Частыя госці і дочкі. Жывуць, лічы, у адным населеным пункце. Валянціна толькі ў суседняй вёсцы. Яна там нават з’яўляецца даверанай асобай сельсавета, дапамагае вырашаць мясцовай уладзе праблемы людзей. Дарэчы, сельвыканкам таксама заўсёды не пакідае без увагі праблемы сямей перасяленцаў. Але як выказалася пра гэта Тамара Аляксандраўна, пакуль жывы чалавек, праблемы ў яго заўсёды будуць, таму працаваць патрэбна, каб яны вырашаліся.


Цяпер Васюкі лічаць Людзяневічы сваёй радзімай. Хаця туга па той вёсцы, адкуль прыехалі, не пакідае. Кожны год наведваюцца туды, каб сустрэцца з аднавяскоўцамі. Толькі там усё парасло лесам, і ім нават не верыцца, што за такі кароткі час такое можа здарыцца.  Так, яны не губляюць сваіх каранёў. Магчыма гэта і дапамагае  сям’і Васюкоў, дае ёй жыццёвыя сілы. Таму і склалася жыццё на новым месцы, а будучыня – з мінулага і цяперашняга.


С. МІКАЛАЕЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.