Добра напасеш, шмат і надоіш

Сцяпан Адамавіч – пастух вопытны. Ужо больш двух дзясяткаў гадоў выпасае грамадскі статак гаспадаркі. І кожны пачатак летне-пашавага ўтрымання жывёлы для яго з’яўляецца ледзь не святам.  Прывык чалавек за гады працы радавацца маладой зеляніне травы, атрымліваць асалоду ад прыроднай прыгажосці. Як сведчыць паэтычная творчасць, пастух – гэта чалавек, які ў душы заўсёды мастак. І як ім не быць. Не кожнаму шчасціць сустракаць узыходы сонца, бачыць, як рознымі колерамі пераліваюцца пад яго промнямі ў траве кроплі ранішняй расы, або прама пад нагамі расцілаецца бялюткая заслона туману. Прычым кожны новы дзень пачынаецца зусім новым малюнкам, на якія так шчодрая матухна-прырода. А гукі, імі ўсыпана ўсё наваколле ад спеваў птушак, да цвыркатання розных насякомых. Але найлепшай музыкай для Сцяпана Адамавіча з’яўляецца дружны хрумст травы, якая паядаецца яго гадаванцамі. Толькі ўжо па гэтым Жогаль можа вызначыць, як пачуваюць яго кароўкі ў “зялёнай сталоўцы”, ці не пара пераганяць іх на адведзеную толькі-што новую загонку травы.


Штодзённая праца пастуха даволі далёкая ад таго ідэальнага каларыту, што стварае прырода. Пільнасць і яшчэ раз пільнасць патрабуецца ад гэтага работніка. А значыць, патрэбна быць пастаянна на нагах. Толькі аднаго дроту для электраагароджы патрэбна перацягнуць за дзень да дзясятка кіламетраў. Хочаш не хочаш, а шэсць загонак пашы адбі. Яшчэ пра пашу і для начной пасьбы паклапаціцца загадзя патрэбна. Адбіваць своечасова новыя загонкі пашы ў рабоце пастуха толькі палова справы. Ён яшчэ клапоціцца і пра тое, каб у карытах заўсёды была чыстая свежая вада, у дастатковай колькасці мінеральных дабавак і солі.  Бярэ на заметку Сцяпан Адамавіч і тых кароў, якія прыйшлі ў ахвоту, каб пасля паведаміць аб гэтым тэхніку-асемянатару.


Сапраўды, клопатаў у Сцяпана Жогаля і яго напарніка Анатоля Мірановіча на лузе хапае. Каб праца спорылася лепей, разумеюць адзін другога, так бы мовіць, з паўслова, усё робяць разам зладжана.


— Інакш нельга ў нашай справе, — гаворыць Сцяпан Адамавіч. – Статак немалы — 209 кароў, і за кожнай догляд патрэбны. Вось зараз асвойваем тэхналогію франтальнай пасьбы. Спецыялісты сцвярджаюць, што так каровы намнога лепей наядаюцца і выпас з большай карысцю выкарыстоўваецца. А мы зацікаўлены, каб жывёла добра напаслася, бо і нашы заробкі залежаць ад велічыні надояў. А яны, як вядома, у каровак на языку. Ды і аператары машыннага даення на ферме, калі дрэнна напасеш, па галаве не пагладзяць. Таму стараемся, каб і сябе не пакрыўдзіць, і калег не падвесці.


Старанне Сцяпана Адамавіча не аднаразова адзначалася рознымі ўзнагародамі. Гадоў колькі назад быў ён нават пераможцам рэспубліканскага працоўнага спаборніцтва сярод жывёлаводаў. І раённых адзнак за працу мае нямала. Вось такі ён, Сцяпан Жогаль, адказны і старанны працаўнік, які ведае і любіць сваю работу, імкнецца выканаць яе найлепш.


Рабочы дзень у жывёлаводаў-пастухоў сельгаспрадпрыемства “Бялёў” вымяраецца зменамі. Таму кіраўніцтва паклапацілася, каб для пастухоў на выпасе былі ўстаноўлены вагончыкі, забяспечваюць іх і гарачым харчаваннем. Распрацаваны ў гаспадарцы і дадатковыя стымулы аплаты працы гэтай катэгорыі работнікаў. Адным словам зроблена ўсё, каб пастухі належна выконвалі нялёгкія свае абавязкі.


…Яшчэ сонечны дыск як след не ўзняўся над лесам, а Сцяпан Жогаль ужо гоніць замацаваны за ім статак на ферму. Начная пасьба закончана, настае пара і падаіць каровак. У працы пастуха ўсё па раскладу, усё па гадзінах распісана. Спазніся з якой-небудзь тэхналагічнай аперацыяй, і страт малака пазбегнуць не ўдасца.  Таму толькі дойка заканчваецца, а пастухі зноў выганяюць статак на луг. Ён тут, непадалёку знаходзіцца. Таму ўсё адбываецца хутка. І зноў да натуральных прыродных гукаў дадаецца дружны хрумст паядаемай каровамі травы. Ён нагадвае Сцяпану Жогалю, што настаў новы дзень і новыя клопаты, якія неабходна вырашаць.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.