Мост даверу

Здавалася б, хіба гэта навіна — у Млынку праз Глініцу пабудаваны масток? Для некага, магчыма, што не навіна. Але ж толькі не для вяскоўцаў, якім ці ў краму, ці ў цэнтр сельсавета трэба было прайсці добры адмежак шляху. Ці ж для пажылых людзей гэта не выгода?


— Ого, яшчэ якая! — кажуць мне пенсіянеры Марыя Віктараўна Петрушкевіч і Іван Пятровіч Дрынеўскі. — Гэта ж, людцы добрыя, яшчэ якая выгода! Дзякуй, што нашы дэпутаты пастараліся! Калі ж маладзейшымі вяскоўцы былі, то самі рабілі талакой пераход праз рэчку. Самі і рамантавалі, і бераглі. А цяпер жа, бачыце, усе старыя. Але жыць жа трэба…


Так, відавочна, масток праз Глініцу тут людзям быў патрэбен, як глыток чыстага паветра. Таму і “пастукаліся” яны са сваім шматгадовым праблемным пытаннем да старшыні раённага Савета дэпутатаў Ніны Рамановіч і свайго выбранніка, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Валянціна Карпава.  Тыя не пакінулі зварот без разгляду.


Валянцін Мікалаевіч, зыходзячы з таго, што тут жывуць былыя работнікі камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Коленскае», узяў практычна ўсе арганізацыйныя і фінансавыя пытанні на сябе. Больш таго, хацелася, каб масток служыў доўгі час людзям, таму спецыялісты гаспадаркі ў гаражы зварылі металічны каркас, даставілі і ўстанавілі праз рэчку, а “палубную частку” ўслалі дошкамі. Іх пасля апрацавалі саставам. І — атрымаўся масток на заглядзенне.


— Вельмі добрую справу для нас, простых людзей, зрабілі, вельмі ж добрую! — радасна паведамляе Марыя Віктараўна, якая 36 гадоў адпрацавала ў  мясцовай гаспадарцы.


— Трэба сказаць, што “генератарам-праекціроўшчыкам” мастка стаў сам Валянцін Мікалаевіч, — кажа Вольга Міхайлаўна Бойка. — Я думала, што прасцейшы зробяць, а тут зрабілі такі трывалы пераход. Цяпер людзям не трэба так далёка абыходзіць, каб патрапіць у цэнтральную сядзібу ці краму за пакупкамі…


Так, добрая справа, якая сведчыць пра ўзаемадзеянне людзей і прадстаўнікоў мясцовай улады, дэпутацкага корпусу.


“Ад баброў жыцця няма!”


Гутарачы з людзьмі, тут жа вымалявалася і іншая праблема.


Нельга не  заўважыць, што рэчка паўсюдна зарасла, вада стала зялёная і пакрылася цінай. Сям-там і смецце прысутнічае… Няўжо людзі самі валакуць у вадаём што не трэба?


— Хіба ж мы самі ворагі сабе? То  ж яна раней такая чыстая была, што людзі на лета прыязджалі і бралі ваду для піцця і прагатавання ежы. І купацца тут можна было, і парыбачыць. А цяпер самі бачыце, што адбываецца! — тлумачаць усхваляваныя вяскоўцы. — Меліярацыя перакрыла шлюз з аднаго боку, а з другога “атакавалі” нас бабры… Вада застойная стала, нават ванючая ў спёку.


— Я неаднаразова звярталася да кіраўніцтва ПМС, каб хоць перыядычна адкрывалі шлюз, каб пачысцілі вадаём ад расліннасці і хмызняку, паведамляе тут жа старшыня сельвыканкама. Каментарый атрымала такі: сёлета запланаваны сродкі з бюджэту на гэтыя мэты. Спадзяемся, што прадпрыемства ачысціць рэчку. А шлюз як адкрываюць, вада бяжыць чыстая. Зараз, відавочна, ён закрыты…


— А што з бабрамі?


— Ды перакрылі рэчку метраў за дзвесце адсюль. Іх “дамбу” раскідалі, расчысцілі, а за ноч яны пабудавалі новую…— распавядае Іван Пятровіч.


З ім мы вырашаем паглядзець на звярыны рукатвор, накіроўваемся ўзбочынай ракі.


Праз метраў трыста заўважаем водападзел, перагароджаны хмызняком, калодамі і ілам, які спыніў ход вады далей. Наперадзе – суш, практычна ні кроплі вады.


— Бабёр аблюбаваў сабе “калонію”, і ніхто не можа з ім управіцца… — кажа былы шафёр райспажыўтаварыства Дрынеўскі.


Што не можа — факт. Надоечы нам нават у рэдакцыю скардзіліся, што ў Жыткавічах бабры падрыліся нават пад гаспадарчыя пабудовы. Але ні лясгас, ні экалагічная служба не могуць параіць, як змагацца з асмялелым зверам.


— Так, трэба чысціць рэчку, дужа зарасла, заілілася… — пераконваюся я і абяцаю вяскоўцам напісаць пра хвалюючую іх праблему ў газету. З надзеяй, што на яе звернуць увагу адпаведныя структуры: ПМС,  інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Кіраўніцтва сельсавета таксама звернецца да іх за падтрымкай. Спадзяемся, што рэагаванне будзе адпаведным, бо такі прыгожы куток нашай палескай прыроды можа зусім загінуць у бліжэйшы час.


У. Гаўрыловіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.