Пашана таленту

Ужо стала традыцыяй, калі раённы цэнтр фальклору ладзіць творчыя вечарыны ў гонар таленавітых жыхароў раёна, якія праславіліся на культурнай ніве Жыткаўшчыны. Днямі такое мерапрыемства прайшло ў гонар Надзеі Меляшчэні. Нагода для такой ўрачыстасці была вялікая. Найперш, прафесійнае свята – Дзень настаўніка, — менавіта гэтай справе многія гады жыцця аддала Надзея Міхайлаўна. А яшчэ ў жанчыны надарыўся юбілей з дня нараджэння – 55 гадоў споўнілася.


Але найперш у горадзе Надзею Міхайлаўну ведаюць як майстрыху вышыўкі крыжом, вязання, актыўную ўдзельніцу народнага клуба “Вечарына” раённага цэнтра фальклору. Таму ў Жыткавіцкі ГДК-1 на мерапрыемства прыйшло шмат людзей, каб засведчыць сваю пашану таленту жанчыны, у чарговы раз палюбавацца яе творчымі набыткамі. На выставе пад паэтычнай назвай “Рукам праца, душы радасць” іх дэманстравалася шмат, прычым самыя лепшыя тварэнні Надзеі Міхайлаўны. Падбірала творы майстрых для яе з душой, з асаблівым пачуццём, каб падараваць людзям асалоду ад сузірання прыгожага.


Менавіта гэтым крытэрыям кіруецца жанчына, калі дэманструе свае вырабы людзям. А выстаў у яе было шмат. Практычна на кожным раённым свяце ў ліку іншых майстроў Надзея Міхайлаўна знаёміць жыхароў і гасцей горада са сваёй творчасцю. Яна пастаянная ўдзельніца фестывалю “Славянскі базар” у Віцебску, “Сожскі карагод” у Гомелі і іншых культурных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў розных’ гарадах нашай краіны. Таму надзіва лёгка Надзеі Міхайлаўне было адказваць на пытанні вядучай вечарыны Ганны Лой пра свой творчы шлях, пра свае захапленні, як дасягалася вяршыня майстэрства. Дарэчы, варта сказаць, што жанчына вельмі ахвотна дзеліцца сакрэтамі майстэрства з іншымі. Асабліва падабаецца ёй працаваць з дзецьмі – усё ж педагог па прафесіі.


Шмат слоў удзячнасці і віншаванняў прагучала на вечарыне ў адрас Надзеі Міхайлаўны. Зразумела, былі падарункі, букеты кветак, а таксама ў яе гонар гучалі песні, якія выканалі самадзйныя артысты Кольненскай установы культуры. Цэлы канцэрт атрымаўся.


Столькі цеплыні, столькі пашаны было падаравана на вечарыне майстрысе, і хочацца спадзявацца, гэтае мерапрыемства, удзячнасць паклоннікаў нададуць ёй яшчэ большага натхнення для творчасці. А з-пад працавітых рук Надзеі Міхайлаўны выйдзе яшчэ не адзін вышываны шэдэўр.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.