Добраўпарадкаванне – на больш высокі ўзровень

У мінулую суботу старшыні сельсаветаў, кіраўнікі раённых службаў на чале са старшынямі райвыканкама і райсавета Мікалаем Какорам і Нінай Рамановіч наведалі Людзяневіцкі і Юркевіцкі сельскія Саветы. Мэта візіту: у чарговы раз павучыцца, як мясцовая ўлада вырашае задачы па навядзенні парадку на зямлі і ў населеных пунктах. Правядзенне такога мерапрыемства абумоўлена і тым, што на тэрыторыі раёна і ўсёй вобласці з 25 кастрычніка аб’яўлены месячнік па навядзенні парадку.


Што для прыкладу былі абраны менавіта вышэйназваныя сельсаветы, выпадковым не назавеш. За апошні час у населеных пунктах гэтых адміністрацыйных адзінак многа зроблена ў плане добраўпарадкавання. І вопыт заслугоўвае для пераймання іншымі. У чым і пераканаліся ўдзельнікі мерапрыемства, калі праязджалі па вуліцах населеных пунктаў і наведвалі аб’екты сацыяльна-бытавога прызначэння.


Напрыклад, у аграгарадку Людзяневічы актыўна прыцягваюць да работ па навядзенні парадку насельніцтва. Гэтак жа і ў Юркевіцкім Савеце стараюцца, каб людзі ўносілі значны ўклад у добраўпарадкаванне вуліц населеных пунктаў. І, як усе пераканаліся, атрымліваецца ў кіраўніцтва сельвыканкамаў гэта нядрэнна. Вось некалькі станоўчых прыкладаў. Літаральна за некалькі месяцаў вясковая ўлада сумесна з насельніцтвам устанавіла агароджы па аграгарадку Азёрны, што у Юркевіцкім сельсавеце. Зараз працягваецца гэтая работа ў населеных пунктах Юркевічы і Гулевічы. У вёсцы Дзедаўка наводзіць парадак значную дапамогу Людзяневіцкаму сельвыканкаму аказалі мабільныя групы, якія камплектаваліся людзьмі і тэхнікай гарадскіх арганізацый. Пры гэтым зноў жа пэўную ролю ў добраўпарадкаванні адвялі насельніцтву. Вынік – новыя агароджы, высечаны хмызняк, парадак на вуліцах, дадатковыя гектары зямель, што перададзены КСУПу “Людзяневічы” для развіцця сельгасвытворчасці. Дарэчы, нават у гэтых сельсаветах ёсць яшчэ рэзервы, каб вярнуць у севазварот дзясяткі і болей гектараў зямель. Красамоўны прыклад гэтаму прывёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора, калі падчас мерапрыемства прапанаваў праехацца па адной з вуліц аграгарадка Людзяневічы ў напрамку вёскі Сялко. Варта адзначыць, што падчас гэтай паездкі былі дадзены канкрэтныя заданні не толькі прадстаўнікам мясцовай улады, але і супрацоўнікам аддзела па надзычайных сітуацыях, якія павінны наладзіць кантроль за тым, як гаспадары сядзіб змагаюцца з расліннасцю ля сваіх дамоў. Як адзначыў Мікалай Міхайлавіч, гэта не толькі адмоўна ўплывае на добраўпарадкаванне вёсак, але і нясе пагрозу жыццю людзей.


Як паказаў семінар, стан жыццядзейнасці людзей ў сельскіх населеных пунктах залежыць не толькі ад добраўпарадкаванасці іх, але і дзейнасці аб’ектаў сацыяльна-бытавога прызначэння. Таму ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў семінару была дзейнасць гандлёвых кропак, устаноў культуры, медыцынскага і бытавога, паштовага абслугоўвання. Наведалі і сам будынак Людзяневіцкага сельвыканкама. Менавіта гэтыя структуры павінны быць асноўным рухавіком пры навядзенні парадку ў вёсках. А таксама забяспечваць патрэбы людзей у паслугах. У Людзяневіцкім сельсавеце для гэтага маецца ўсё неабходнае. Але праца асобных службаў выклікае пэўныя нараканні. Напрыклад, работа комплексна-прыёмнага пункта Жыткавіцкага РКБА. Гэтая ўстанова мае нядрэнны будынак у аграгарадку, але вось паслуг аказваецца вельмі мала. У асноўным гэта прыём заказаў ды рэалізацыя тавараў, якія вырабляюцца на галаўным прадпрыемстве. Адсюль і мізэрныя зарплаты ў працаўнікоў гэтай галіны. Старшыня райвыканкама выказаў нямала канструктыўных прапаноў, каб актывізаваць дзейнасць гэтай і іншых устаноў у аграгарадках.


На падвядзенні вынікаў семінару, якое адбылося ў Азёрнаўскім Доме культуры, і старшыня райсавета Ніна Рамановіч, і старшыня райвыканкама Мікалай Какора адназначна выказаліся, што вопыт працы па добраўпарадкаванні ў Людзяневіцкім і Юркевіцкім селькіх Саветах павінен актыўна ўкараняцца і на іншых адміністрацыйных тэрыторыях. Як пойдуць справы ў гэтым накірунку, залежыць найперш ад саміх кіраўнікоў сельвыканкамаў. Менавіта яны павінны прыцягнуць да навядзення парадку насельніцтва, арганізаваць работу гарадскіх арганізацый, каб выканаць пастаўленыя задачы. На жаль, не ўсюды пакуль гэта робіцца. Хаця патрабаванні па навядзені парадку пастаянна ўзрастаюць. Менавіта паставіць гэтую работу на больш высокі ўзровень і запатрабавана ад удзельнікаў семінара. Як ўсе пераканаліся, рэзервы для гэтага яшчэ далёка не выкарастаны.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.